Гэтым летам чамусьці я бачу вялікіх белых чапляў (Egretta alba) на Нёмане ў межах гораду даволі рэдка, асабліва ў параўнанні з мінулымі гадамі. Перад новым мастом за годы пасля яго пабудовы рака намыла вялікі востраў, які выдатна зарос разнастайнай расліннасцю. Тут гэтым летам з найбольшай імавернасцю і можна цяпер убачыць вялікую белую чаплю (і не яе адну).
І вось мінулым ранкам у мяне атрымалася паназіраць за яе рыбалкай (або паляваннем). Пачалося ўсё на адным з камянёў, на якім птушка некалькі секунд стаяла згорбленая і зусім невысокая, а пасля таго, як распрамілася і максімальна выцягнула шыю, аказалася як мінімум у 1,5 разы вышэйшай. Ускосна гэта значыла, што прыкладна на такую ж даўжыню яна можа змяняць дасягальнасць сваёй дзюбы, нават не змяняючы свайго месцапалажэння, што, канешне, не можа не ўражваць.
А потым пачалося даследаванне розных заток і праток з нашага боку вострава, ад плыткіх, да такіх, дзе чаплі прыходзілася апускацца ў воду па жывот. Прычым адным з парываў ветру на спіне прыпадняліся доўгія пер'я-эгрэткі, якія ёсць толькі ў дарослых птушак, удзельнічаюць у шлюбных паказах партнёраў і з-за якіх чапляў амаль не знішчылі ў пачатку мінулага стагоддзя. Такім чынам аказалася, што я назіраю за дарослай птушкай.
Аднак ўсе гэтыя пошукі ў розных месцах скончыліся даволі сумна - за 20 хвілін чапля змагла злавіць і з'есці толькі 3 вельмі маленькіх рыбкі. Пасля гэтага птушка зайшла за высокую надводную расліннасць, а потым і зусім адляцела некуды ўніз па плыні ракі.
Гродна, 06-08-2025
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ