Нёман і яго прытокі - адна з нямногіх вялікіх рэк, дзе не толькі ў вялікай колькасці зімуюць, але і ў невялікай колькасці гняздуюць вялікія савукі (Mergus merganser).
У апошнія гады нават у межах гораду, а часамі непасрэдна ў ім. Таму летам сустрэць тут самку з вывадкам ці ўжо падрослых птушанят без суправаджэння самкі параўнальна нецяжка.
Прыкладна ў сярэдзіне лета маю ўвагу прыцягнулі два маладых савука ў цэнтры гораду на Нёмане. Можа яны адбіліся ад большай групы сіблінгаў або гэта былі рэшткі большага памерамі вывадка, якія толькі і засталіся ў жывых? Бо звычайна вывадкі ў савукоў значна большыя, з некалькіх птушанят.
Потым я пра гэтую сустрэчу забыў да часу, пакуль не ўбачыў тую ж (?) двойку на астраўках па сярэдзіне ракі, дзе яна адпачывала і чысцілася.
Аказалася, што не толькі я зацікавіўся гэтымі рыбаяднымі качкамі - час ад часу маладыя чайкі (клыгуны / рагатухі) выпрабоўвалі іх рашэнне чысціцца менавіта на гэтым астраўку, ці то спрабуючы дацягнуцца да іх дзюбай, ці інакш праяўляючы сваю цікаўнасць:
Аднак раз за разам моладзь савукоў давала адпор, выцягваючы доўгую шыю і паказваючы доўгую дзюбу з кручком на канцы і рагавымі зубчыкамі ў сярэдзіне. На нейкі час гэтага хапала, каб супакоіць чаек і качкі працягвалі адпачываць і даглядаць сваё пер'е.
28-08-2020, Нёман у Гродна
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
__________________________-
Пры выкарыстанні здымкаў у сацсетках забаронена размяшчаць больш аднаго здымка з фотасерыі на пост, таксама абавязковы надпіс "больш здымкаў тут:" і далей канкрэтны адрас на знаходжанне фота-серыі на сайце.
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ