У наступныя дні пасля першай фота-сесіі з гэтым самцом звычайнай рудахвосткі (Ph. phoenicurus), здавалася, што асабліва нічога не змянілася. Ён усё так жа актыўна спяваў з розных прысадаў: ад вяршалін пладовых дрэваў да дахаў аднапавярховых дамоў. Але перапынкі паміж чарговымі песнямі часам сталі даўжэйшымі, бо, як аказалася, самец рабіў іх не толькі каб адпачнуць і пад’есці, але таксама і шукаў месца для будучага гнязда. І я двойчы назіраў, як ён залятаў у нішу пад выступ даху драўлянай хаты:
Здавалася, што ўсё у яго яшчэ наперадзе, але раптам у пачатку мая птушка знікла. Ці то вырашыла змяніць гнездавы ўчастак і адляцела на іншы ў пошуках партнёркі, ці то яе з’еў адзін з коцікаў, якія вольна гулялі паміж суседнімі дамамі на гэтай ціхай вуліцы, ці можа яго злавіў шуляк-карагольчык? Прычына застаецца невядомай. Варта толькі дадаць, што хаця гэтая вуліца Цітова сваёй прыватнай забудовай, амаль выключна савецкай і аднапавярховай, з садзікамі і гародзікамі навокал дамоў, больш нагадвае вёску, чым горад, на ўсіх яе трох кіламетрах я змог пачуць толькі 4 самцоў звычайнай рудахвосткі (уключна з тым, што прапаў). Тады як сярод рознастайнай забудовы ў цэнтры гораду розныя пары гэтага віду адзначаюцца прыкладна кожныя 30 метраў.
Гродна, 30-04-2023
Аўтар – Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ