Назіранні за вераб’інымі птушкамі, або Birdwatch на сталоўцы

Часам і хвароба, якая вымушае сядзець дома, дапамагае зрабіць што-небудзь карыснае.

Вось што з гэтага выйшла ў нашай сям'і - невялікае даследаваньне, з цікавымі, на мой погляд, высновамі і першым у жыцьці выступленьнем на навукова-дасьледчай канферэнцыі ў гімназіі №1 імя акадэміка Яўхіма Карскага ў Горадні.

Валодзя Вінчэўскі,    вучань 5 “Ю” класа                                                                

Навуковы кіраўнік: Алена Вінчэўская, настаўнік біялогіі

На працягу 5 апошніх гадоў амаль штодзённа мы стараемся выкладваць дадатковае харчаванне для дробных вераб’іных птушак у зімовы перыяд.
Зразумела, што большасць птушак можа выжыць і без нашай дапамогі, аднак менавіта на сталоўцы існуе выдатная магчымасць зблізку паназіраць за некалькімі відамі птушак і адзначыць некаторыя іх асаблівасці.

Матэрыял і метады
Зробленая намі сталоўка для дробных вераб’іных птушак знаходзіцца на вышыні пр. 1,5 м на адной з галін алычы на адлегласці каля 3 м ад акна, з якога вяліся назіранні.
Назіранні праводзіліся рэгулярна са снежня 2009 да другой дэкады лютага 2010г.. Вынікі, якія прыводзяцца ў гэтай працы, атрыманы пад час 20-30 хвілінных назіранняў, якія адбываліся зранку або ў другой палове дня 30.01, 31.01, 03.02, 05.02, 06.02 і 07.02.2010 года.
У якасці дадатковага харчавання для птушак мы выкладвалі насенне падсонечніка. Від птушак, якія прыляталі на сталоўку, вызначаўся з дапамогай палявога вызначальніка “Птушкі Еўропы” (2000).
За час назіранняў мы стараліся вызначыць таксама колькасць асобін кожнага віду. Аднак з-за таго, што птушкі не былі індывідуальна пазначаныя, мы маглі ўлічваць толькі мінімальную іх колькасць. За яе прымалі максімальную колькасць птушак, адначасова адзначаных на сталоўцы або каля яе.
Дадаткова запісвалі тэмпературу паветра (па тэрмометру за вакном) і у адвольна абраныя моманты падлічвалі колькі часу трацяць птушкі розных відаў на тое, каб вылушчыць насенне.

Вынікі і іх абмеркаванне
Такім чынам, за 6 дзён назіранняў мы адзначылі на сталоўцы дробных вераб’іных птушак 6 відаў: вялікіх і сініх сініц, палявых і дамовых вераб’ёў, зелянушак і таўстадзюбаў. У іншыя дні на працягу гэтай зімы на сталоўку таксама прыляталі яшчэ і вялікі дзяцел (адзначаны аднойчы 01.01.2010), сойка і берасцянка. Апошні від хаця і рэгулярна, але вельмі ў невялікай колькасці застаецца на зімоўку ў Беларусі (“Птушкі Еўропы”, 2000).
Відавы склад птушак на сталоўцы быў не аднастайны ў розныя дні: штодзень на яе прыляталі толькі вялікія і сінія сініцы. Палявыя вераб’і зелянушкі былі адзначаныя ў 4 выпадках з 6, дамовыя вераб’і – ў палове выпадкаў, і таўстадзюб – двойчы.
Найбольш шматлікімі наведвальнікамі былі вялікія сініцы (ад 2 да 7, у сярэднім 6,5 птушак) і палявыя вераб’і – ад 2 да 10 птушак (у сярэднім 5 птушак). Самымі нешматлікімі аказаліся сінія сініцы (ад 1 да 3 птушак) і таўстадзюб – намі адзначаны прылёты толькі адной птушкі.
З-за таго, што тэмпература паветра пад час назіранняў не вельмі адрознівалася ( ад – 1 да -5С), нам здаецца пакуль беспадстаўным меркаваць аб сувязі тэмпературы і колькасці птушак, якія прылятаюць на сталоўку, хаця такая сувязь можа існаваць. Аднак акрамя нашай сталоўкі, на нашым і суседніх дамах таксама вывешаныя сталоўкі, на якіх альбо ў той самы час, што і ў нас, альбо да яго могуць харчавацца птушкі. Што можа рэгуляваць адпаведным чынам колькасць птушак, якія прылятаюць менавіта на нашу сталоўку.

Пад час падліку часу, неабходнага для розных відаў, аказалася, што найменш часу – ад 1 да 3 секундаў, у сярэднім 2 – на вылушчванне аднаго насення трацяць зернеядныя птушкі: таўстадзюб, палявыя і дамовыя вераб’і і зелянушкі.
Тады як насякомаядныя вялікая і сіняя сініца патрабуюць на гэта нашмат больш часу. Для вялікіх сініц гэта заняло ад 28 да 182 секунд (у сярэднім – 81,5 секунды) (адсочана для 18 выпадкаў). А сіняя сініца патрабавала на гэта 46 секунд (ў адным адсочаным выпадку).
Такім чынам, калі прыняць, што кожнае насенне падсонечніка аддае птушкам тую ж самую колькасць энергіі, вялікая сініца патрабуе на тое, каб яе здабыць, у 14-90 (ў сярэднім у 41 раз) больш часу, чым зернеядныя птушкі, якія маюць адпаведную для гэтага дзюбу.
Акрамя гэтага, сініцы не могуць дастаць насенне, раструшчваючы яго дзюбай, як гэта робяць зернеядныя віды, і мусяць шматкроць дзяўбсьці яго дзюбаю, прытрымліваючы ў гэты час лапкамі. Таму колькасць энергіі, якую птушка траціць на тое, каб дастаць насенне, можа часам набліжацца або нават пераўзыходзіць тую энергію, якую яна атрымае ад засвойвання ператраўленага насення. Да таго ж сініцы не могуць даставаць насенне непасрэдна на сталоўцы – як гэта робяць зернеядныя, і адлятаюць на адлегласць ад аднаго да некалькі дзесяткаў метраў. Пры гэтым на такі палёт птушкамі затрачваецца дадатковая энергія.

Высновы
Дзюба і паводзіны вялікай і сіняй сініц не прыстасаваныя для харчавання параўнальна вялікім насеннем. Таму для іх лепш выкладваць у якасці дадатковага харчавання не насенне падсонечніка, а свіное сала або іншыя віды жывёльных тлушчоў. Асабліва важна гэта ў вялікія маразы, калі сініцы могуць траціць на тое, каб дастаць насенне з абалонкі столькі ж або нават больш энергіі, чым атрымаюць з яго.
Для зернеядных птушак, якія застаюцца ў нас на зімоўку, насенне падсонечніка выдатна падыходзіць у якасці дадатковага харчавання.
Тэарэтычная выснова аб тым, што ў большы мароз больш птушак павінна прылятаць на сталоўку за дадатковым харчаваннем, патрабуе дадатковых даследаванняў. 

Падзяка
Шчыра дзякую майму таце, Дзьмітрыю Вінчэўскаму, за дапамогу пад час правядзення назіранняў і пад час афармлення вынікаў.

Літаратура:
“Птушкі Еўропы”. Палявы вызначальнік. Варшава: ПВН – 2000. 544 С.

 

На здымках:

зьверху - Самец таўстадзюба на нашай сталоўцы

самец берасьцянкі каля сталоўкі

сіняя сініца нападае на вялікую

самец таўстадзюба з вылушчанай семкай у дзюбе

вялікая сініца

сіняя сініца

Коцік любіць птушак, якія прылятаюць на сталоўку

Аўтар працы атрымлівае дыплём з рук к.б.н. В.А. Бахарава

 

 

 

 

Фотаздымкі

Каментары