Французскія паляўнічыя могуць святкаваць перамогу. На мінулым тыдні, 20 лістапада, генеральны адвакат Еўрапейскага суда справядлівасці (European Court of Justice) зрабіла афіцыйную заяву пра тое, што французкія законы пра дазвол абмежаваных рэгіянальна і колькасцю ахвяр адловаў дзікіх птушак з дапамогай клея прызнаюцца легальнымі і неабходныя, каб “захаваць культурную спадчыну”.
Французскія паляўнічыя выказваліся на карысць таго, што адлоў дзікіх птушак з дапамогай спецыяльнага “птушынага клея” – традыцыйны метад палявання, які павінен быць захаваны. Тым не менш, практычна паўсюль гэты метад лічыцца яўна састарэлым і брутальным, ён забаронены ва ўсіх краінах Еўразвязу, акрамя 5 дэпартаментаў на поўдні Францыі. Там з дапамогай клея можна лавіць чорнагаловых лесак і драздоў.
Французскія прыродаахоўныя арганізацыі аб’ядналіся і разам з Еўрапейскай камісіяй змагаліся за канчатковую забарону гэтых паляванняў у краіне не толькі з-за таго, што гэта вельмі жорсткая ў адносінах да птушак традыцыя, але таксама з-за вельмі нізкай відавой селектыўнасці метада - з-за яго гінуць прадстаўнікі і тых відаў, якіх лавіць забаронена.
Амаль заўсёды афіцыйная пазіцыя, сфармуляваная прызначанымі для падрыхтоўкі пазнейшага разгляду позвы судом генеральнымі адвакатамі, пазней агучваецца суддзямі Еўрапейскага суда. Таму прыродаахоўныя таварыствы Францыі і Еўропы са смуткам паведамляюць пра перамогу паляўнічых у гэтай справе.
Дзве групы прыродаахоўных арганізацый, асацыяцыя One Voice (“Адным голасам”) і Bird Protection League, падалі судовую позву супраць паляўнічых за выкарыстанне клея для адлову птушак на поўдні Францыі. У рэшце рэшт справа трапіла ў Дзяржаўную Раду краіны – вышэйшую судовую ўстанову. Рада перадала пытанне пра адпаведнасць выкарыстання клею для лоўлі птушак паляўнічымі змененай у 2009 годзе дырэктыве Еўразвязу па ахове дзікіх птушак (2009 EU directive on bird conservation) у Еўрапейскі суд.
Прызначаны Генеральны адвакат заявіла, што французкія законы, якія дазваляюць абмежаванае выкарыстанне клея для адлову птушак, адпавядаюць дырэктыве Еўразвязу з-за таго, што гэта “шырока распаўсюджаная ў рэгіёне паляўнічая традыцыя для мэтаў рэкрэацыі” і яна мае “значную культурную вартасць”. Аднак патрэбны кантроль за выкарыстаннем гэтага метаду палявання, каб паляўнічыя не лавілі зашмат птушак і не ставілі пад пагрозу існаванне рэдкіх і знікаючых відаў.
Паводле актуальных французскіх законаў, паляўнічыя не могуць пакідаць абсмараваныя клеям дубчыкі і галіны без нагляду, могуць лавіць толькі абмежаваную колькасць відаў і асобін і таксама абавязаны адмыць пер’е і адпусціць на волю тыя віды, якія лавіць не дазваляецца. І хаця Дырэктыва Еўразвязу па дзікіх птушках забараняе падобны метад палявання як неселектыўны, яна ўсё ж дазваляе краінам на абмежаваныя выключэнні і гэта як раз падобны выпадак.
У 2009 годзе былі прынятыя змены ў Дырэктыву па дзікіх птушках, прынятую Еўразвязам яшчэ ў 1979 годзе. Паводле гэтых зменаў, чальцы ЕЗ павінны ахоўвываць 194 рэдкіх і знікаючых відаў птушак, а таксама мець пэўнасць, што іншыя, звычайныя віды, на якіх дазволена паляванне, не здабываюцца звыш прызнаных лімітаў і іншых, напрыклад сезонных, абмежаванняў на паляванне. Дырэктыва таксама забараняе многія паляўнічыя прылады, акрамя менавіта спецыяльнага клея: сілкі, петлі, капканы, люстэркі, яды, сеткі, пражэктары, бронь з магчымасцю страляць чэргамі і начныя прыцэлы.
У жніўні гэтага году прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон прыпыніў дзеянне законаў, якія дазваляюць выкарыстанне клея для адлову птушак, да рашэння самай высокай судовай інстанцыі.
У 2019 годзе паляўнічыя з паўднёвых дэпартаментаў атрымалі дазвол на адлоў прыкладна 42 тысяч драздоў з выкарыстаннем клея. Аднак колькасць забітых такім чынам птушак і дакладныя віды застаюцца збольшага невядомымі з-за цяжкасцяў, звязаных з кантролем за гэтым тыпам палявання.
Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак з www.flightforsurvival.org
На гэтую тэму:
Садовая стрынатка можа стаць чарговай ахвярай кулінараў
Як французскія гурманы з’ядаюць нашых рэдкіх птушак + VIDEO
Катастрафічнае змяншэнне колькасці многіх відаў птушак адзначана ў Францыі
Кітайцы з'елі амаль усіх стрынатак-дуброўнікаў
У НАГАЛЭНДЗЕ БОЛЬШ НЕ ЗАБІВАЮЦЬ АМУРСКІХ СОКАЛАЎ-ШУЛЁНКАЎ
Стрынатка-дуброўнік можа знікнуць таксама, як вандроўны голуб
Забойства птушак на Кіпры перарасло ў сапраўдны крызіс
Вясновае паляванне на птушак застанецца на Мальце легальным?
Менш нагоды да вычварэнстваў у рэстаранах
Кіпрыёты “запрацоўваюць” мільёны эўра, забіваючы мігрыруючых птушак
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ