Стрынатка-дуброўнік можа знікнуць таксама, як вандроўны голуб

стрынатка-дуброўнік

Напэўна, многія ведаюць сумную гісторыю вандроўнага голуба (Ectopistes migratorius) — некалі аднаго з самых шырокараспаўсюджаных і шматлікіх відаў птушак Паўночнай Амерыкі, а магчыма і Свету. Колькасць птушак на піку распаўсюджання цяжка ацаніць, аднак яна яўна налічвала сотні мільёнаў. Пералёты вялізарных зграй нагадвалі ўраган. Нікому не прыходзіла на думку, што такі шматлікі від можа знікнуць.

Аднак тое, што было цяжка ўявіць, усё ж адбылося... Некантралюемае паляванне і шырокамаштабнае знішчэнне лясоў, якія забяспечвалі галубоў ежай, прывялі да значнага скарачэння колькасці птушак ужо да канца пазамінулага стагоддзя. Калі ж стала зразумелым, што адбудзецца катастрофа, было ўжо запозна каб прыпыніць знікненне віду. І 1 верасня 1914 г. апошні вядомы вандроўны голуб памер ў заапарку Цынцынацці (ЗША).

У сярэдзіне 1990-х гг., пасля таго, як арнітолагі адзначылі яўнае змяншэнне колькасці стрынаткі-дуброўніка (Emberiza aureola) на востраве Хакайда (Японія), з’явіліся першыя алярмісцкія заклікі звярнуць увагу на магчымае знікненне тады яшчэ шырокараспаўсюджанага і шматлікага віду. Цяпер вядома, што сытуацыя ідзе па найгоршым сцэнары і за апошнія 2-3 дзесяцігоддзі нават да 95% стрынатак ужо знікла. Яшчэ да 2004 г. від знаходзіўся ў катэгорыі тых, якія выклікаюць найменшы непакой (Least Concern), аднак ужо ў 2013 лічыўся глабальна пагражаемым (Endangered), а з гэтага году яго статус быў падвышаны да “крытычна пагражаемага” ( Critically Endangered).

Асноўныя прычыны знікнення стрынатак вельмі падобныя да тых, з-за якіх некалі знік вандроўны голуб: від мігрыруе ў вялізных групах, на якія адбываецца неабмежаванае паляванне. Таксама падобна да вынішчэння вандроўнага голуба, да знікнення стрынатак-дуброўнікаў моцна прычыніласе развіццё сродкаў камунікацыі і перамяшчэння паляўнічых. Стрынаткі збіраюцца разам на начоўкі ў адным месцы, што значна аблягчае магчымасць злавіць вялікую колькасць птушак.

У Кітае, дзе від зімуе, стрынатку называюць “рысавай птушкай” і на птушак масава палююць для ежы. І хаця з 1997 г. падобнае паляванне стала па-за законам, аднак купіць тушкі ці смажаных стрынатак на чорным рынку зусім нецяжка. Такое некантраляванае і шырокамаштабнае паляванне ставіць пад пагрозу існаванне не толькі стрынаткі-дуброўніка – па звестках маніторынгу розных відаў у басэйне Амура і ў Ганконгу, ўсе мігрыруючыя на зімоўку ў Кітай стрынаткі змяншаюць сваю колькасць.

Каб прыпыніць магчымую катастрофу, у лістападзе мінулага году ў Кітае быў праведзены сэмінар па захаванні віду. Больш за 50 запрошаных экспертаў амаль з усіх краін, дзе від распаўсюджаны або зімуе абмяркоўвалі Міжнародны план дзеянняў, які канчаткова будзе прыняты ў 2019 г. пасля адсочвання шляхоў міграцый і месцаў зімоўкі стрынатак з дапамогай геалакатараў з цэнтральнай і паўночнай частак Сахаліна – на поўдні вострава від ужо знік. Акрамя гэтага, кітаўскія ўлады хочуць узмацніць перагледжаны закон па ахове пыроды, дзе харчаванне ахоўваемымі відамі жывёл будзе забаронена. Тасама распачатая маштабная адукацыйная кампанія, якая накіраваная на тлумачэнне небяспекі нелегальнага гандлю дзікімі птушкамі і заклікае не толькі адмовіцца ад падобных пакупак, але і паведамляць пра такія прапановы ўладам.

 

Паводле www.birdlife.org (тэкст і малюнак) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Адзін з постэраў, падрыхтаваны BirdLife разам з кітайскімі партнёрамі

 

 

На гэтую тэму:

Кітайцы з'елі амаль усіх стрынатак-дуброўнікаў

НА ЗЯМЛІ АФІЦЫЙНА ЗНІКЛІ ЯШЧЭ 13 ВІДАЎ ПТУШАК

У НАГАЛЭНДЗЕ БОЛЬШ НЕ ЗАБІВАЮЦЬ АМУРСКІХ СОКАЛАЎ-ШУЛЁНКАЎ

Як французскія гурманы з’ядаюць нашых рэдкіх птушак + VIDEO

Забойства птушак на Кіпры перарасло ў сапраўдны крызіс

Кіпрыёты “запрацоўваюць” мільёны эўра, забіваючы мігрыруючых птушак

На Мальце зноў страляюць ва ўсё, што ляціць

Кожны 5 від птушак у Еўропе рэдкі або пад пагрозай знікнення: сярод іх нырок-сівак і нават лыска!