Хатнія коцікі, якіх рэгулярна выпускаюць “пагуляць” іх уладальнікі, з’яўляюцца адной з найбольшых пагроз для дзікіх птушак і звяроў невялікіх і сярэдніх памераў амаль па ўсяму Свету. Асноўная прычына вялікай шкоды ад іх – надзвычай высокая шчыльнасць у параўнанні з дзікімі драпежнікамі падобнага памеру, таму, зразумела, што іх паляўнічыя паводзіны няправільна называць натуральным адборам нават там у Еўропе, дзе коцікі займаюць нішу дзікіх лясных катоў падобных памераў.
На жаль, вельмі многія ўладальнікі коцікаў лічаць, што трымаць коцікаў увесь час у хаце – гэта кепска. Як паказала нядаўняе даследаванне, шкоду ад паляванняў катоў можна зменшыць, калі карміць іх добрай мясной ежай і хаця б непрацяглы час, але рэгулярна гуляць з імі, імітуючы іх паляванне.
Навукоўцы з універсітэту Exeter (Вялікабрытанія) паказалі, што кармленне коцікаў ежай прэміум класа, у якой бялкі паходзяць з мяса жывёл, змяншаюць колькасць прынесеных дахаты і забітых коцікамі дзікіх жывёл на 36%, а штодзённыя гульні працягласцю ад 5 да 10 хвілін у ахвяру і паляўнічага змяншаюць гэты ж паказчык на 25%.
На жаль, колькасць сапраўды забітых і з’едзеных на месцы палявання коцікамі дзікіх птушак больш прыкладна ў 15 разоў за колькасць забітых і прынесеных дадому (гэта вынікі маштабнага палявога даследавання з Польшчы), таму ацаніць наколькі моцна змяншалася інтэнсіўнасць і эфектыўнасць палявання коцікаў толькі па змяншэнню колькасці прынесеных ахвяр наўрацці магчыма.
Даследаванне праводзілі на паўднёвым захадзе Англіі ў 219 хатніх гаспадарках, у якіх трымалі 355 катоў. Акрамя гэтага, навукоўцы правяралі эфектыўнасць іншых, ужо існуючых метадаў абмежавання поспеху паляванняў коцікаў у прыродзе.
Спецыяльны каляровы ашыйнік "Birdsbesafe" дапамагае зменшыць колькасць прынесеных дахаты забітых дзікіх птушак на 42%, аднак ніяк не перашкаджае лавіць звяроў.
Спецыяльныя званочкі, якія вешаюць на тонкі ашыйнік, хаця могуць мець нейкае пазітыўнае ўздзеянне, яно моцна вар’іруе для розных коцікаў, а некаторыя з іх параўнальна хутка вучацца не менш эфектыўна паляваць на дзікіх жывёл як і рабілі гэта да змяшчэння на іх званочкаў.
"Папярэднія даследаванні вывучалі ўздзеянне розных прыладаў, якія змяшчаюць на катоў, на змяншэнне эфектыўнасці іх паляванняў у прыродзе” – сказаў праф. Robbie McDonald (Exeter's Environment and Sustainability Institute).
"Хаця толькі ўтрыманне коцікаў у закрытых памяшканнях дае поўную ўпэўненасць у тым, што яны не змогуць паляваць на дзікіх жывёл па-за кватэрай або домам, не сакрэт, што некаторыя з уладальнікаў хвалююцца “за здароўе” сваіх гадаванцаў і выпускаюць іх “пагуляць”. Наша даследаванне паказала, што параўнальна простыя дзеянні ўладальнікаў могуць зменшыць негатыўны ўплыў коцікаў і змяніць іх паводзіны ў прыродзе”.
У якасці гульні даследчыкі прапануюць вельмі пашыраную пагоню і нападзенне коціка на прывязаную прынаду, якая рухаецца. Таксама карыснай будзе штучная мышка, якая дазваляе не толькі паляваць на яе, але і “забіваць”.
Не зразумела, якія менавіта элементы ці кампаненты мясной ежы змяншаюцць цягу да палявання ў коцікаў.
"Шмат якая ежа для катоў утрымлівае бялкі расліннага паходжання, напрыклад, з соі. Таму магчыма, што хаця такая ежа ўтрымлівае неабходны баланс бялкоў, тлушчоў і вугляводаў, нейкіх мікра-элементаў або іншых, неабходных катам рэчываў, у ёй не хапае і гэта стымулюе іх паляванне” - сказала аспірантка Martina Cecchetti, якая праводзіла эксперыменты пад час даследавання.
"Тым не менш, вытворчасць мяса мае свае негатыўныя наступствы на змены клімату і навакольнае асяроддзе, таму важна было б зразумець якія менавіта элементы мясной дыеты коцікаў змяншаюць іх цягу да палявання.
Мы таксама плануем далей вывучыць уздзеянне розных гульняў на паляўнічыя паводзіны ў прыродзе і ці магчыма аб’яднаць розныя стратэгіі абмежавання гэтых паводзін так, каб зменшыць негатыўнае ўздзеянне коцікаў на прыроду яшчэ больш”.
Крыніца: Cecchetti et al. 2021 "Provision of high-meat-content food and object play reduce predation of wild animals by domestic cats Felis catus" Current Biology, DOI: 10.1016/j.cub.2020.12.044
Паводле www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак з www.pixabay.com
На гэтую тэму:
Маштабнае даследаванне нагадвае: трымайце коцікаў у хаце калі любіце дзікіх птушак
Навукоўцы: у Еўразвязе незаконна выпускаць катоў “пагуляць”
Каты ў Польшчы забіваюць штогод больш 100 мільёнаў дзікіх птушак
Бадзяжныя каты – адна з найбольшых пагроз сусветнай біяразнастайнасці
ЯКІХ ПТУШАК І Ў ЯКОЙ КОЛЬКАСЦІ ЗАБІВАЮЦЬ СВОЙСКІЯ КАТЫ: ДАДЗЕНЫЯ З БЕЛЬГІІ І ФРАНЦЫІ
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ