Навукоўцы: у Еўразвязе незаконна выпускаць катоў “пагуляць”

Людзі, якія дазваляюць сваім коцікам гуляць па-за домам, насамрэч парушаюць заканадаўства Еўрапейскага звязу (ЕU).  Да такой высновы прыйшлі навукоўцы з універсітэту Тылбурга (Нідэрланды) у сваім апошнім вялікім аналітычным артыкуле, апублікаваным у навуковым часопісе Journal of Environmental Law.

Прафесары Arie Trouwborst і Han Somsen сцвярджаюць, што толькі ў Нідэрландах свойскія каты (Felix сatus) прадстаўляюць сур’ёзную небяспеку для прыкладна 370 відаў дзікіх жывёл. Паводле двух асноўных прыродаахоўных дырэктыў Еўразвязу -  Дырэктывы па дзікіх птушках і Дырэктывы па месцапражываннях (Bird and Habitat Directives), краіны-чальцы ЕЗ павінны ахоўваць прыроду, таму выпускаць коцікаў “пагуляць” па-за памяшканнямі чалавека, дзе яны масава забіваюць і нясуць іншыя пагрозы дзікім жывёлам, фактычна незаконна.

 “Калі б нехта паклікаў урад Нідэрландаў у суд з-за таго, што урад не выконвае свае непасрэдныя абавязкі /па ахове прыроды/, гэты чалавек меў бы вялікія шанцы выйграць” – сказаў праф. Сомсэн. Прыкладна 140 мільёнаў дзікіх жывёл, ад птушак да кажаноў, рэптылій і рыбаў штогод забіваюць свойскія каты ў Нідэрландах, прычым амаль палову сваёй здабычы каты прыносяць нез’едзенай сваім гаспадарам.  

На сённяшні дзень у Нідэрландах трымаюць у дамах і кватэрах паміж 2 і 3 мільнамі катоў, акрамя іх яшчэ каля 10 тысяч не маюць нават фармальнага гаспадара і лічацца бадзяжнымі. Нашы коцікі даўно прадстаўляюць адну з галоўных пагроз біяразнастайнасці праз непасрэднае драпежніцтва, а таксама турбуючы дзікіх жывёл, праз канкурэнцыю з іншымі драпежнікамі і гібрыдызацыю з дзікім лясным катом. Яны пераносяць мноства заразных хваробаў.

“Нашкодзіць прыродзе яўна не ёсць мэтай тых людзей, якія выпускаюць сваіх хатніх гадаванцаў “пагуляць”, і гэта адбываецца вельмі часта і ў многіх сем’ях” – сказаў праф. Сомсэн. Як гэта не дзіўна – каты – адзіная свойская жывёла, якая можа самастойна пакідаць жыллё чалавека і вяртацца туды калі захоча. Аднак маштаб шкодаў, якія яны наносяць навакольным дзікім жывёлам настолькі вялізарны, што гэта не можа беспакарана працягвацца далей. Навукоўцы кажуць, што павінны быць прынятыя законныя абмежаванні і гаспадары легальна могуць трымаць сваіх коцікаў толькі ў хаце ці кватэры.

 

Крыніца:

Arie Trouwborst and Han Somsen 2019 Domestic Cats (Felis catus) and European Nature Conservation Law—Applying the EU Birds and Habitats Directives to a Significant but Neglected Threat to Wildlife. Journal of Environmental Law, 0, 1–25 doi: 10.1093/jel/eqz035

Паводле www.DutchNews.nl падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак з www.cosmosmagazine.com

 

 

На гэтую тэму:

Каты ў Польшчы забіваюць штогод больш 100 мільёнаў дзікіх птушак

Бадзяжныя каты – адна з найбольшых пагроз сусветнай біяразнастайнасці

ЯКІХ ПТУШАК І Ў ЯКОЙ КОЛЬКАСЦІ ЗАБІВАЮЦЬ СВОЙСКІЯ КАТЫ: ДАДЗЕНЫЯ З БЕЛЬГІІ І ФРАНЦЫІ

Звычайныя віды птушак у Еўропе перастаюць быць звычайнымі