Міжнародная каманда навукоўцаў з Канады, ЗША, Нідэрландаў і Германіі параўнала разнастайнасць птушак на сельскагаспадарчых землях з аднолькава інтэнсіўным вядзеннем гаспадаркі, але рознымі памерамі палеткаў. Для гэтага была выбрана заходняя і ўсходняя часткі Германіі, якія пасля аб’яднання ў адну краіну застаюцца выдатным палігонам для параўнання.
"Стан розных прыродных элементаў - гэта добры індыкатар вядзення сельскай гаспадаркі. І адна з базавых рэчаў, якую мы хацелі зразумець – якая сувязь існуе паміж памерам гаспадаркі і біяразнастайнасцю ў яе наваколлі” – сказаў Frederik Noack, прафесар у новым універсітэце Брытанскай Калумбіі (University of British Columbia (UBC), Канада).
Каб знайсці гэтую ўзаемасувязь, даследчыкі параўналі розныя індыкатары сельскагаспадарчай актыўнасці і відавую разнастайнасць птушак.
Хаця былая мяжа паміж усходняй (ГДР) і заходняй (ФРГ) часткамі Германіі страціла сваю палітычную значнасць пасля аб’яднання краіны, памер фермаў застаецца ў сярэднім у пяць разоў большым на ўсходзе Германіі і ўсё яшчэ адлюстроўвае вынікі калектывізацыі ў ГДР. І хаця апошнія 30 гадоў сельскія гаспадаркі і на ўсходзе краіны сталі прыватнымі, вялікая розніца ў іх памерах усё яшчэ праходзіць амаль дакладна па абодва бакі былой мяжы. Гэта стварыла ідэальныя магчымасці параўнаць уздзеянне менавіта памераў гаспадарак на паказчыкі біяразнастайнасці, таму што іншыя экалагічныя рысы навакольнага асяроддзя і стыль вядзення гаспадаркі па ўсёй Германіі вельмі падобныя.
Даследчыкі выкарысталі дадзеныя сістэматычных ўлікаў птушак (праведзеныя ў тым ліку з дапамогай грамадзкай навукі), спадарожнікавыя здымкі сельскіх гаспадарак з абодвух бакоў былой мяжы і іншыя дадзеныя каб параўнаць іх агульны памер, велічыню паверхні, занятую пасевамі, разнастайнасць выкарыстання зямлі і інтэнсіўнасць вядзення гаспадаркі.
"Да нашага здзіўлення мы знайшлі, што ў змяншэнні разнастайнасці птушак на вялікіх фермах на 15% на ўсходзе ў параўнанні з захадам Германіі вінаватыя не столькі самі памеры гаспадарак, а іх тыповыя рысы. Справа ў тым, што большыя фермы звычайна маюць большыя памерамі палеткі і ствараюць такім чынам больш аднародны краявід, у тым ліку і для птушак” – сказаў праф. Noack. “Таму захаванне разнастайнага асяроддзя на сельскагаспадарчых землях мае крытычна важную ролю для захавання разнастайнасці там птушак”.
Выкарыстанне розных тыпаў пасеваў, лугоў і элементаў лясоў на палях і навокал іх можа змяншаць негатыўнае ўздзеянне інтэнсіфікацыі і індустрыялізацыі пры вядзенні сельскай гаспадаркі.
"Атрыманыя намі вынікі сведчаць пра тое, што негатыўны ўплыў палеткаў вялікага памеру можа быць нейтралізаваны захаваннем разнастайных элементаў з іншым выкарыстаннем зямлі: буферных стужак-узбочын з пустазеллем, пералескаў, лесапалос і натуральных межаў-ізгарадзяў з хмызняку” – сказаў праф. Noack.
Крыніца: Frederik Noack et al, A bird's eye view of farm size and biodiversity: The ecological legacy of the iron curtain, American Journal of Agricultural Economics (2021). DOI: 10.1111/ajae.12274
Паводле www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Дарослы і малады чарнагаловыя шчыгелы на здымку яго ж
На гэтую тэму:
У значна мадэрнізаваных вёсках знаходзіць месцы для гнездавання на палову менш птушак
Шэрая курапатка знікла ў Швайцарыі
Сучасныя пестыцыды змяншаюць вагу птушак і парушаюць іх арыентацыю
Сучасны стан арнітафауны Еўропы і змены ў ім за апошнія 25-30 гадоў
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ