Шэрая курапатка (Perdix perdix) афіцыйна прызнаная зніклым у Швайцарыі відам пасля таго, як у краіне не было зроблена ніводнага назірання гэтых птушак на працягу 2019 і першай паловы гэтага году.
У 2018 годзе для ўсёй Швайцарыі было вядома толькі пра гнездаванне двух пар курапатак у кантоне Жэневы. Зыходзячы з аселасці віду, адсутнасць назіранняў на працягу наступных двух сезонаў размнажэння можа сведчыць пра знікненне віду ў краіне.
У сярэдзіне мінулага стагоддзя колькасць курапатак у Швайцарыі ацэньвалася ў прыкладна 10 тысяч асобін, распаўсюджаных практычна па ўсіх сельскагаспадарчых землях канфедэрацыі. Аднак пасля гэтага распачалося драматычнае змяншэнне колькасці і арэалу.
У 1991 годзе Федэральны офіс па ахове навакольнага асяроддзя распачаў дзеянні па актыўнай ахове віду разам з фермерамі з поўначы краіны, спрабуючы аднавіць неабходныя для курапатак біятопы. Пасля гэтага, там былі выпушчаныя некалькі птушак і з 2002 да 2004 году адзначалі паміж 15 і 20 пар. Аднак пасля 2016 г. ніводнай птушкі ў рэгіёне Klettgau, дзе іх выпускалі, не назіралі.
Яшчэ адна спроба рассялення курапатак была зроблена ў кантоне Champagne, дзе паміж 2008 і 2012 гг. агулам выпусцілі ў прыроду каля 500 птушак, у выніку ў 2012 годзе там гнездавала 60 пар. Аднак вельмі хутка гэтая папуляцыя знікла з-за параўнальна невялікіх участкаў, на якіх яны маглі жыць, і вялікай колькасці драпежнікаў там.
Гэта чарговае знікненне некалі звычайнага віда птушак, звязанае са спрашчэннем аграэкасістэм і інтэнсіфікацыяй сельскай гаспадаркі ў краіне. У мінулыя дзесяцігоддзі тут ужо зніклі жаўрук-смяцюх, садовая стрынатка, чорналобы, малы і вялікі грычуны.
Але змрочная сытуацыя для курапатак існуе не толькі ў Швайцарыі – паводле ацэнак нямецкіх арнітолагаў, на тэрыторыях уздоўж швайцарска-нямецкай мяжы колькасць віду зменшылася на 90% паміж 1992 і 2016 гг.
Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак Сяргея Чарапіцы
На гэтую тэму:
Упершыню з 1850-х у Еўропе афіцыйна прызналі знікненне яшчэ аднаго віду птушак
Малы грычун знікне ў Краіне Баскаў ужо ў бліжэйшыя гады?
Чарналобы грычун у Францыі: кроніка знікнення
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ