Малы грычун знікне ў Краіне Баскаў ужо ў бліжэйшыя гады?

малыя грычуны

Паводле нядаўна апублікаванага даследавання, малы грычун (Lanius collurio) зменшыў сваю колькасць у Краіне Баскаў ажно на 95% за апошнія 40 гадоў. Найгоршае ж тое, што сапраўдныя прычыны гэтага застаюцца незразумелымі – таму і магчымыя змены сытуацыі да лепшага наўрацці магчымыя ў бліжэйшы час.

Да гэтых высноваў прыйшоў Хасэ Луіс Теллерыя (José Luis Tellería), гішпанскі даследчык з Universidad Complutense de Madrid, назіраючы за двума невялікімі папуляцыямі віду на пробных пляцоўках больш 40 гадоў у правінцыі Vizcaya.

З 1998 году Гішпанскае арніталагічнае таварыства SEO/BirdLife распачало праграму па маніторынгу папуляцый звычайных гняздуючых відаў птушак (SACRE) і для ўсёй Краіны Баскаў з 1998 да 2015 адзначана змяншэнне колькасці грычуноў на 58%, а ў параўнанні з 2016 годам- на 75%! Калі ж параўнаць дадзеныя для згаданых пробных пляцовак, якія існуюць з 1974 г., то гэтае змяншэнне выглядае яшчэ больш драматычна: ў муніцыпалітэце Еа у 1974 гнездавалі 24 пары, у 1975- 21, у 2014 годзе – 1, у 2016- ніводнай! Калі ж узяць аб’яднаныя лічбы для абодвух пробных пляцовак, то агулам колькасць гняздуючых там малых грычуноў зменшылася з 41 пары ў 1974 да толькі 2 ў 2016 годзе – адбылося змяншэнне колькасці на 95%!

І хаця малы грычун- разам з іншымі насякомаеднымі відамі птушак некалі ўваходзіў у т.зв. групу 'txinbos', на якіх палявалі мясцовыя жыхары ў рэгіёне Більбао, некалькі апошніх год гэтае паляванне забаронена. Таксама немагчыма растлумачыць амаль поўнае знікненне віду ні невялікімі па плошчы пасадкамі лесу, якія адбыліся тут ў апошнія гады, ні параўнальна невялікімі зменамі ў сельскай гаспадарцы.

Калі ўзяць пад увагу ўсю Гішпанію, тут справы таксама сумныя: з 1998 году папуляцыя віду зменшылася тут больш, чым на 50%. Гэтыя дадзеныя кантрастуюць з агульнаеўрапейскім трэндам, - паводле European Birds Census Council, від мае стабільную колькасць паўсюль на нашым кантыненце па дадзеных, атрыманых да 2015 году.

Крыніца:

Tellería, J L. 2018. Old counts suggest the collapse of two Red-backed Shrike Lanius collurio populations. Ardeola: International Journal of Ornithology 65: doi.org/10.13157/arla.65.2.2018.sc1.

Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак пары грычуноў Мікалая Вераб’я

 

 

На гэтую тэму:

КАТАСТРАФІЧНАЕ ЗМЯНШЭННЕ КОЛЬКАСЦІ МНОГІХ ВІДАЎ ПТУШАК АДЗНАЧАНА Ў ФРАНЦЫІ

Кожны 5 від птушак у Еўропе рэдкі або пад пагрозай знікнення: сярод іх нырок-сівак і нават лыска!

Крызіс знікненняў паглыбляецца

Сучасныя пестыцыды змяншаюць вагу птушак і парушаюць іх арыентацыю

Як французскія гурманы з’ядаюць нашых рэдкіх птушак + VIDEO

Кукаванне зязюлі ўсё радзей можна пачуць у Вялікабрытаніі

Салавей амаль знік у Вялікабрытаніі