Чарналобы грычун у Францыі: кроніка знікнення

Сёлета апошняя вядомая для Францыі пара чарналобага грычуна (Lanius minor) гнездавала непаспяхова. У сярэдзіне мая прапала самка, а праз два дні і самец кінуў карміць птушанят. Гэта першы выпадак у сучаснай гісторыі краіны, калі чарналобыя грычуны не выгадавалі за сезон ніводнага птушаня. Калі ў бліжэйшыя гады сытуацыя не паправіцца, - на што вельмі мала надзеі, від стане першым у гэтым стагоддзі, які знікне тут як гняздуючы.

Да пачатку Першай Святовай вайны чарналобы грычун лічыўся звычайным амаль на ўсёй тэрыторыі Францыі, акрамя паўднёвага захаду, Брэтані і ўздоўж праліву Ла Манш. Аднак асобныя выпадкі гнездавання былі і на поўначы. Уздоўж міжземнаморскага ўзбярэжжа Францыі і на усходзе краіны чарналобы часам лічыўся найбольш звычайным сярод грычуноў.

Пасля Другой Святовай вайны і паступовай змены вядзення сельскай гаспадаркі, адбылося значнае змяншэнне мясцовай папуляцыі. Спачатку яно стала заўважным па краях тэрыторыі распаўсюджання, а потым паўсюдна, і мяжа распаўсюду гняздуючых птушак моцна ссунулася на поўдзень. У пачатку 1990-х від гнездаваў ужо толькі ў рэгіёне Languedoc-Roussillon, які мяжуе з Міжземным морам.  У 1999 чарналобыя грычуны засталіся толькі ў двух мясцовых дэпартаментах, дзе было налічана 56 пар.

У 2002-07 гг. адбылося наступнае змяншэнне колькасці гняздуючых птушак да 27-36 пар. Да 2014-га гнездавала ўжо толькі ад 17 да 20 пар і ў гэтым годзе адбылося нечаканае павелічэнне да 28 пар, якія паднялі на крыло агулам не менш 80 птушанят. Аднак гэтая пазітыўная тэндэнцыя хутка змянілася на адмоўную: у 2015 годзе гнездавалі 10 пар, 8 пар у 2016, 5 у 2017-м, 2 у 2018 і нарэшце толькі 1 ў  2019-м.

Від харчуеца безхрыбетнымі і ў Францыі займаў мазаічныя сельскагаспадарчыя землі. Звычайна птушкі былі вельмі прывязаны да пастаянных месцаў гнездавання і вярталіся на іх з году ў год. Звычайна гняздо размяшчалася на высокіх дрэвах у прыдарожных алеях, на вышыні ад 10 да 20 метраў. Від не быў строга тэрытарыяльным, і пры наяўнасці адпаведных рэсурсаў, суседнія пары маглі паспяхова гнездаваць на адлегласці 100-150 м адна ад адной.

Драматычнае знікненне віду ў Францыі звязваюць са зменамі клімату (т.зв. атлантызацыяй, з больш вільготным летам), маштабным выкарыстаннем пестыцыдаў і пашырэннем монакультур, значным змяншэннем і знішчэннем мазаічнасці палей і павелічэннем іх плошчы. Няма таксама сумневу ў значным негатыўным уздзеянні на птушак і па-за межамі Францыі. Грычуны праводзяць на месцах гнездавання толькі прыкладна чвэрць свайго гадавога цыклу, і пад час міграцыі да месцаў зімоўкі, якія адбываюцца часткова праз узбярэжжы Егіпту, іх і іншых вераб’іных чакаюць там сотні кіламетраў спецыяльных сетак для нелегальнага адлову птушак.

Некарысныя змены адбываюцца і на месцах зімоўкі грычуноў у Анголе, Намібіі, Батстване, Мазамбіку і на поўначы ПАР, дзе ў апошнія дзесяцігоддзі зацяжныя і частыя засухі ўскладняюць зімоўку еўрапейскім птушкам.

Прынятыя ў Францыі Рэгіянальны план дзеянняў (2008) і Нацыянальны план (2013) па захаванні віду не далі чаканага выніку, хаця добра прычыніліся да захавання былых месцаў гнездавання грычуноў на поўдні краіны, якія маглі б быць занятыя птушкамі ў выпадку рэкаланізацыі.

--------------

У Беларусі чарналобы грычун – рэдкі гняздуючы від птушак, колькасць якога ацэньваецца ў 50-200 пар. У апошняе дзесяцігоддзе вядомы на гнездаванні амаль выключна на скрайнім паўднёвым усходзе краіны, занесены ў нацыянальную Чырвоную кнігу.

 

Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак Андрэя Шэўчыка

 

 

На гэтую тэму:

Катастрафічнае змяншэнне колькасці многіх відаў птушак адзначана ў Францыі

ЗВЫЧАЙНЫЯ ВІДЫ ПТУШАК У ЕЎРОПЕ ПЕРАСТАЮЦЬ БЫЦЬ ЗВЫЧАЙНЫМІ

BRITISH BIRDS: ЛЕГАЛЬНАЕ ПАЛЯВАННЕ НА ПТУШАК У ЕЎРАЗВЯЗЕ І ЯГО ЎЗДЗЕЯННЕ НА ПАГРАЖАЕМЫЯ ВІДЫ

Як французскія гурманы з’ядаюць нашых рэдкіх птушак + VIDEO

Браканьеры на птушак затрыманыя на Сардыніі

Упершыню з 1850-х у Еўропе афіцыйна прызналі знікненне яшчэ аднаго віду птушак