На гэтым тыдні выйшла з друку доўгачаканае выданне – Другі Еўрапейскі атлас гняздуючых відаў птушак (The second European Breeding Bird Atlas, які быў падрыхтаваны нацыянальнымі камандамі 50 краін нашага кантыненту дзякуючы каардынацыі работы на ўсіх яе этапах Еўрапейскім саветам па ўліках птушак (European Bird Census Council (EBCC)).
З часу выдання першага Атласа (1997) прайшло больш 20 гадоў, а паміж перыядамі збору дадзеных - паміж 25 і 30 гадамі. Дзякуючы гэтаму ёсць магчымасць параўнаць змены ў размяшчэнні і трэнды змянення колькасці ўсіх відаў птушак, якія гняздуюць у Еўропе.
Мапа распаўсюджання і ацэнкі колькасці куліка-перавозчыка (Actitis hypoleucos) у Еўропе. З сайта www.ebba2.info
Пад час правядзення збору палявых дадзеных для другога Аласу ў 2013-17 гг., было пацверджана гнездаванне амаль 600 відаў птушак у Еўропе, якая адносіцца, нагадаем, да зоагеаграфічнага рэгіёна Заходняй Палеарктыкі. З іх 539 – абарыгенныя віды, і 57 відаў – чужародныя, або інтрадуцэнты і іх сапраўдная радзіма – іншыя зоагеаграфічныя рэгіёны. Большасць відаў птушак не шырока распаўсюджаныя і займаюць параўнальна невялікія тэрыторыі ці акваторыі на нашым кантыненце. Прыкладна 35% абарыгенных еўрапейскіх відаў павялічылі плошчу свайго распаўсюджання ў Еўропе, каля 25% - зменшылі за апошнія 25-30 гадоў. Для іншых відаў яўныя змены знайсці не атрымалася або іх няма. За гэты час у Еўропе афіцыйна прызнаны зніклым адзін від птушак – звычайная трохпёрстка (Turnix sylvaticus).
Звычайная трохпёрстка, якая знешне і паводле экалагічных упадабанняў найбольш нагадвае перапёлак (але не звязаная з імі агульным паходжаннем), у 2018 годзе афіцыйна прызнаная Урадам Гішпаніі зніклым відам. Усе спробы знайсці трохпёрстак на поўдні краіны, прадпрынятыя ў апошнія 20 гадоў, скончыліся без поспеху. Апошняе назіранне віду ў краіне і Еўропе, якое прызнаецца афіцыйна, было зроблена ў 1981 годзе. Больш познія рэгістрацыі – зробленыя ў пачатку нашага стагоддзя, ў асноўным, па голасу, прызнаныя недастаткова пэўнымі.
Невялічкая папуляцыя таго ж намінальнага падвіду, які жыў у Еўропе, не так даўно, у 2011 годзе, была знойдзена на ўзбярэжжы Марока. А гэта азначае, што хаця від (у выглядзе іншых падвідаў) параўнальна шырока прадстаўлены ў розных краінах Афрыкі і Азіі, птушкі з Марока застаюцца адзінымі нешматлікімі прадстаўнікамі віду ў нашым зоагеаграфічным рэгіёне Заходняй Палеарктыкі. Іншыя, ізаліраваныя адна ад адной папуляцыі звычайнай трохпёрсткі на нашым кантыненце, зніклі на Сіцыліі яшчэ ў 1920-я гады, а ў Партугаліі – у 1970-я.
З 539 мясцовых гняздуючых відаў птушак, 59 гняздуюць галоўным чынам у Еўропе і 40 відаў - эндэмікі нашага кантыненту (не гняздуюць больш нідзе). І хаця ёсць невялікая доля шырока распаўсюджаных відаў, напрыклад, белая пліска (Motacilla alba) і звычайная зязюля (Cuculus canorus), якія адзначаныя на гнездаванні ў больш, чым 85% усіх квадратаў Атласу 50х50 км, больш паловы відаў адзначаныя у менш, чым на 10% квадратаў.
Віды-“пераможцы” – гэта, у асноўным, лясныя птушкі. Акрамя іх – егіпецкая чапля (Bubulcus ibis) (упершыню зарэгістраваная ў Беларусі ў 1979 г., адзначаная яшчэ ў 2008 г.), чорнагаловая чайка (Larus melanocephalus) - з 1988 г. упершыню знойдзеная ў нашай краіне на гнездаванні, у апошнія гады гняздуе і рэгіструецца як нешматлікі пралётны від амаль штогод) і жоўтагаловая пліска (Motacilla citreola) (упершыню адзначана на гнездаванні ў Беларусі ў 1982 г., зараз сустракаецца амаль па ўсёй краіне).
Самец жоўтагаловай пліскі. Здымак Сяргея Чарапіцы
Скарацілі ж сваё распаўсюджанне на нашым кантыненце, у асноўным, віды адкрытых ландшафтаў, звязаныя з вядзеннем чалавекам сельскай гаспадаркі і негатыўнымі для біяразнастайнасці ўвогуле зменамі ў ёй. Акрамя відаў выключна сельскагаспадарчых ландшафтаў, гэта баталён (Philomachus pugnax), сіні сіваграк (Coracias garrulus) і садовая стрынатка (Emberiza hortulana). Агулам, змены ў выкарыстанні зямлі і глабальнае пацяпленне – асноўныя прычыны зменаў у размяшчэнні гняздуючых відаў птушак на кантыненце. Больш таго, у сярэднім арэалы гняздуючых відаў птушак Еўропы перамясціліся ў сярэднім на 28 км на поўнач (прыкладна на 1 км штогод).
Самец садовай стрынаткі. Здымак Дзьмітрыя Вінчэўскага
Відавое багацце лясных відаў птушак павялічылася – магчыма, не з-за зменаў ў вядзенні лясной гаспадаркі, а з-за таго, што кінутыя раней сельгасугоддзі на вялікіх плошчах зарастаюць лесам натуральным чынам, а не ў выглядзе лесапасадак аднаго віду і ўзросту. Многія іншыя змены падрабязна аналізуюцца ў кнізе.
Такім чынам, Атлас стаў вынікам каласальнай работы каля 120 тысяч арнітолагаў і бёрдуотчараў на усёй геаграфічнай прасторы Еўропы ад Азорскіх астравоў на захадзе да Уральскіх гор на ўсходзе. Дзякуючы гэтаму, былі сабраныя і прааналізаваныя мапы распаўсюджання і ацэнак колькасці для тэрыторыі агульнай плошчай 11 мільёнаў квадратных км!
Паводле www.ebba2.info падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Верхні здымак сіняга сіваграка – Уладзіміра Янушэвіча
На гэтую тэму:
Изменения в орнитофауне Беларуси за 2000-2016 годы
Упершыню з 1850-х у Еўропе афіцыйна прызналі знікненне яшчэ аднаго віду птушак
Кожны 5 від птушак у Еўропе рэдкі або пад пагрозай знікнення: сярод іх нырок-сівак і нават лыска!
Садовая стрынатка можа стаць чарговай ахвярай кулінараў
Шэрая курапатка знікла ў Швайцарыі
Малы грычун знікне ў Краіне Баскаў ужо ў бліжэйшыя гады?
Еўракамісія нарэшце прыняла Спіс найбольш небяспечных інвазійных інтрадуцэнтаў
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ