Дакументацыйныя здымкі
Пад час маіх назіранняў за тымі, хто ўжо цяпер есць жалуды і тымі, хто іх прыхоўвае на нейкую будучыню, я ўбачыў прыбітую да аднаго з дубоў шпакоўню, якой яўна не было там мінулай восенню, але не прыдаў гэтаму значэння.
І вось у адзін з сонечных кастрычніцкіх дзён заўважыў палявога вераб'я (Passer montanus), які невядома для чаго скакаў не вельмі далёка ад дубоў і падабраў там , здаецца, галубінае пёрка. Не паспеў я здзівіцца, як птушка паляцела наўпрост да шпакоўні і знікла там са сваёй здабычай. І тут адбылося яшчэ больш нечаканае - да шпакоўні прыляцеў і другі верабей, і таксама не з пустой дзюбай - трымаў у ёй нейкія сухія травінкі!
На жаль, назіраць далей за імі ў мяне не было магчымасці, але назаўтра ўсё амаль паўтарылася - адзін з вераб'ёў не толькі знайшоў невялікае пяро, але і па дарозе ў бок шпакоўні падабраў у дзюбу яшчэ і нейкія дробныя кавалачкі расліннасці (гл. самы верхні здымак), пасля чаго таксама ўсё гэта аднёс у шпакоўню!
08 і 09-10-2025, Гродна
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ