Упершыню знойдзены месцы гнездавання самага загадкавага віду птушак

У Таджыкістане былі знойдзены гняздуючымі птушкі віду, які дагэтуль лічыцца самым малавядомым і загадкавым. Упершыню вялікадзюбая чаротаўка (Acrocephalus orinus) была апісаная як новы від па аднаму экземпляру, здабытаму ў 1867 годзе ў правінцыі Himachal Pradesh (Індыя). Аднак амаль адразу асобны відавы статус здабытай птушкі быў пастаўлены сучаснікамі пад сумнеў.

Другая сустрэча з гэтым відам адбылася толькі праз 139 год – у 2006 годзе, калі чаротаўка была злапаная ў сетку кальцавальнікам птушак у Таіландзе. Дзякуючы атрыманаму ім генетычнаму матэрыялу, атрымалася даказаць, што гэта другая сустрэча з сапраўды асобным відам чаротавак. Пасля гэтага ў розных музеях былі знойдзены яшчэ 11 тушак гэтага віду, некаторыя з іх былі зробленыя з птушак, адлоўленых у Афганістане ў 1937 годзе, а адна – ад маладой асобіны, здабытай у Казахстане ў 1900 годзе.
Праз два гады пасля першай сустрэчы з жывой вялікадзюбай чаротаўкай, тая самая акальцаваная асобіна зноў трапіла ў сетку ў Таіландзе, і яшчэ адна птушка ў той самай краіне, але ў іншым месцы. Навукоўцы сталі вылучаць планы пошуку гнездавых тэрыторый віду ў Афганістане, дзе ў 2009 годзе былі адлоўленыя аж 15 птушак, пры чым іх прыналежнасць да віду-загадкі была пацверджаная генетычнымі аналізамі. Аднак атрымалася, што першыя гняздуючыя вялікадзюбыя чаротаўкі былі знойдзены ў Таджыкістане. Ў Афганістане пакуль не змаглі сабраць дастаткова дадзеных, якія б адпавядалі крытэрыям гнездавання.
Дэталі сенсацыйнага адкрыцця былі апублікаваныя ў часопісе Journal of Avian Biology.
Амаль год таму арнітолагі д-р Рафаэль Айе (Dr Raffael Aye) і Мануэль Швейцэр (Manuel Schweizer) з Таварыства палявой арніталогіі і аховы птушак у Цэнтральнай Азіі і д-р Стэфан Гэртвіг (Dr Stephan Hertwig) з Музею натуральнай гісторыі ў Бэрне (Швейцарыя) нарэшце знайшлі тое, што шукалі: 8 вялікадзюбых чаротавак ў трох розных прырэчных раёнах у Горна-Бадахшанскай аўтаномнай вобласці Таджыкістана. Ім атрымалася даказаць, што птушкі менавіта гняздуюць у даследаваных раёнах.
"Адна з чатырох злапаных намі дарослых птушак гэтага віду мела вялікую наседную пляму, якая даказвае, што гэта гняздуючая самка” – сказаў с-р Швейцэр. "У тым самым раёне Вездара дзве чаротаўкі назіраліся ў хмызняку і 18 ліпеня мы іх адлавілі. З аднаго боку хваста мы ўзялі 3 пробы з рулявых для генетычнага аналізу. На наступны дзень мы назіралі, як тыя самыя птушкі кармілі 2 слёткаў. Слёткі толькі нядаўна выбраліся з гнязда, бо не маглі нават пераляцець на суседні куст”.
І хаця фактычна адкрыццё было зроблена ў мінулым годзе, даследчыкі чакалі на публікацыю ў навуковым часопісе і толькі пасля гэтага зрабілі заявы для шырокай грамадзкасці адносна свайго адкрыцця.
Без дадатковых палявых даследаванняў цяжка сказаць, колькі вялікадзюбых чаротавак жыве ў прыродзе. Таксама неабходна лепш зразумець гнездавую біялогію віду і абмежаванні, якія вызначаюць яго арэал каб вызначыць адпаведны ахоўны статус.

 Паводле www.news.bbc.co.uk (тэкст і здымак) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by
 

На гэтую тэму:
Барадатая кугакаўка (Strix nebulosa J.F. Forster, 1772) упершыню загнездавала ў Польшчы

Амерыканскі марскі зуёк упершыню загнездаваў у Еўропе

Новы від птушак – паўночная мармытуля – адзначаны ў Беларусі

Тысячы новых відаў адкрыты на працягу аднаго году