Тысячы новых відаў адкрыты на працягу аднаго году

На нашым сайце мы пастаянна паведамляем пра адкрыцці новых відаў птушак дзякуючы палявым даследаванням або генетычным дадзеным, атрыманым для “старых” відаў. Аднак сапраўдныя памеры таго, як мала мы яшчэ ведаем пра дзікую прыроду вакол нас уражваюць! Дзякуючы сёлетняй справаздачы “Стан зарэгістраваных відаў -2010” (2010 State of Observed Species), падрыхтаванай International Institute for species Exploration, можна даведацца, што толькі за адзін 2008 год навукоўцы апісалі 18.225 новых біялагічных відаў! У дадатак да іх былі апісаны яшчэ 2140 вымерлых відаў па іх акамянелых парэштках.

Аднак найбольш надзвычайным ёсць тое, што 2008 год не быў надта выключным: у 2007 годзе было адкрыта 18.516 новых відаў, а ў 2006 – 16.969!
 

Самымі лёгкімі для адкрыцця з’яўляюцца новыя віды насякомых: больш 48% сярод адкрытых відаў былі як раз прадстаўнікі гэтага класа жывёл. Больш за траціну з іх – невядомыя для навукі жукі. Як і трэба было чакаць – звяры амаль найцяжэйшыя для адкрыцця сярод іх новых відаў. Аднак і тут вынікі ашаламляльныя – ў 2008 годзе быў апісаны 41 новы від млекакормячых! Амаль трэцяя частка сярод іх – грызуны. Сярод вымерлых жывёлаў новых відаў звяроў знойдзена ў 5 разоў больш, чым сярод жывых.
Новых відаў птушак аказалася адкрытых найменш сярод хрыбетных жывёл – толькі 7. Яшчэ 25 відаў апісаны па акамянелых парэштках.

На сённяшні дзень насякомыя ўтрымліваюць цвёрдае першынство сярод іншых таксонаў рангу класа па колькасці апісаных відаў – іх вядома ўжо больш за мільён. Расліны на другім месцы з трошкі больш чым 250 тысяч відаў. На 2009 год навукоўцы апісалі 9997 відаў птушак, 8863 відаў рэптылій, 6644 відаў амфібій і 5528 відаў звяроў. З сярэдзіны XVIII стагоддзя, калі былі апісаны першыя віды жывых арганізмаў, якія прызнаюцца і сёння, сістэматыкі апісалі амаль 2 мільёны біялагічных відаў (1.922.710).
Аднак большасць відаў усё яшчэ застаецца невядомай для навукі. Згодна са згаданай вышэй справаздачай, навукоўцы ацэньваюць сучасную біяразнастайнасць на Зямлі мінімум у 10 мільёнаў відаў і прыкладна столькі ж бактэрый і архэбактэрый разам узятых. Калі тэмпы апісання новых відаў застануцца на сённяшнім узроўні (прыкладна 18 тысяч відаў штогод), то каб апісаць усіх па-за бактэрыямі спатрэбіцца яшчэ 444 гады напружанай працы.

Калі ж правільнымі акажуцца больш высокія ацэнкі колькасці відаў – напрыклад, у 50 мільёнаў, на іх апісанне спатрэбіцца яшчэ 2 з паловай тысячагоддзі.
Тым не менш, хаця дакладна не вядомая лічба яшчэ не адкрытых відаў, многія з іх могуць знікнуць да таго, як будуць фармальна апісаныя. Сучасны ўзровень знікнення біялагічных відаў для розных груп у 100-1000 разоў большы, чым вядомы па палеанталагічных дадзеных для дагістарычнага часу.
Поўная справаздача (.pdf) тут: SOS 2010.

На дыяграме з www.species.asu.edu паказаны лічбы сучасных новых відаў, апісаныя для Хордавых у 2008 годзе.

Паводле www.mongabay.com  падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by

На гэтую тэму:
Зніклі назаўжды? Сумны спіс апошняга дзесяцігоддзя.

Новы від птушак апісаны ў Калумбіі (+Відэа)

Адкрыты новы від голуба!

Адзін від амерыканскіх лесак падзялілі на чатыры

Новы від грычуноў апісаны ў Афрыцы

Новы від птушак адкрыты на Барнэа

Новы від пячураўкі апісаны ў В’етнаме і Лаосе

Новы від птушак адкрыты ў Лаосе
Хваля знікненняў вынішчае поле для эвалюцыі