У суботу, 21 красавіка, у Гомеле адбудзецца VII Чэмпіянат па фотабёрдынгу – фатаграфаванні як мага большай колькасці відаў птушак на працягу пяці гадзін на загадзя вызначаным праз арганізатараў маршруце.
Чэмпіянат па фотабёрдынгу ў Беларусі ГА “Ахова птушак Бацькаўшчыны” (АПБ) ладзіць ужо сёмы раз. Гэта заўжды яскравая падзея, якая запамінаецца ўсім удзельнікам. Калі любіш птушак і фатаграфію, абавязкова далучайся.
Што трэба рабіць?
Фатаграфаваць птушак у натуральным асяроддзі! Як? Вось некалькі парадаў.
Каб перамагчы ў Чэмпіянаце, трэба за 5 гадзін наздымаць як мага больш розных відаў птушак і потым правільна іх вызначыць па зробленых здымках. Зразумела, што для гэтага зусім не абавязкова мець прафесійную фотакамеру і дарагі тэлеаб’ектыў.
За кожны від табе будуць налічвацца балы. Прычым найбольш балаў за кожны здымак атрымаюць тыя, хто правільна вызначыць від сфатаграфаванай птушкі.
Як запісацца на Чэмпіянат?
Спампуй форму простай заяўкі, запоўні яе і дашлі на адрас levy@ptushki.org.
Заяўкі прымаюцца да 10.00 пятніцы 20 красавіка. Дакладнае месца і маршрут будзе абвешчаны за тыдзень да Чэмпіянату.
Удзел магчымы індывідуальна або ў камандзе з двух чалавек.
Удзел у Чэмпіянаце бясплатны!
Па выніках будуць вызначаныя пераможцы (1, 2, 3 месцы), а таксама абраны найлепшы здымак Чэмпіянату. Журы можа ўвесці дадатковыя намінацыі і адзначыць яшчэ некалькі цікавых фотаздымкаў або ўдзельнікаў. Пераможцы атрымаюць прызы.
Чэмпіянаты па фотабёрдынгу праходзілі ў Мінску чатыры разы, а таксама па адным разе ў Гомелі і Брэсце. VII Чэмпіянат па фотабёрдынгу – адно з мерапрыемстваў ініцыятывы “Будзь здаровы з птушкамі!”, якая рэалізуецца ў межах праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Прафілактыка неінфекцыйных захворванняў, прасоўванне здаровага ладу жыцця і падтрымка мадэрнізацыі сістэмы аховы здароўя ў Рэспубліцы Беларусь” (“БЕЛМЕД”), які фінансуецца Еўрапейскім Саюзам і рэалізуецца ПРААН, СААЗ, ЮНІСЕФ і ЮНФПА у парнёрстве з Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.
Паводле www.ptushki.org
Здымак фатографа птушак Дзьмітрыя Вінчэўскага
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Comments
вас (госць) - 09.04.2018 - 16:30
такая фота хутчэй адпугне…
такая фота хутчэй адпугне патэнцыйных удзельнікаў. Навошта такая труба? У цябе яна ёсць? І спасылку на Правілы бы даць.