Як кулічкі паставілі пад пагрозу правядзенне вялікага рок-фэста ў Канадзе

Пара крыклівых зуйкоў (Charadrius vociferus), якая выбрала сваім месцам гнездавання адзін з паркаў Аттавы, ставіць пад пагрозу планаванае там правядзенне аднаго з найбуйнейшых музычных фестываляў пад назвай  Bluesfest.


Менш, чым праз 2 тыдні прыкладна 300 тысяч гасцей музычнага фэсту плануюць сабрацца ў сталіцы Канады на выступы такіх знакамітых рок-выканаўцаў, як Beck, Bryan Adams, Foo Fighters і Shawn Mendes. Квіткі на мерапрыемства, якое планавалася на дзесяць дзён - з 5 па 15 ліпеня - прадаюцца з лютага.
Аднак кулічкі пэўна не ведалі пра гэта і ўжо адклалі поўную кладку з 4 яек там, дзе ўжо цяпер павінна ісці падрыхтоўка да фэсту: растаўляцца перасоўныя прыбіральні і душавыя кабіны, кіёскі для продажы ежы і сувеніраў і гд. 


Колькасць віду зменшылася прыкладна на палову з 1970 гг і птушкі аховаюцца ў Канадзе згодна з законам па ахове мігрыруючых відаў. Таму ў аўторак з самага ранку месца вакол гнязда было абнесена жоўтай  стужкай і два ахоўнікі, якіх наняў урад сталіцы (National Capital Commission) сочаць з бяспечнай адлегласці за тым, каб птушкам не чынілася крыўда і іх не турбавалі.


 З за таго, што невядома калі дакладна птушкі пачалі інкубаваць кладку, на што звычайна патрэбна ад 24 да 28 дзён, не зразумела калі ў іх павінны вывесціся птушаняты і калі месца стане вольным для працягу падрыхтоўкі да фэсту.


Марк Монаган (Mark Monahan), выканаўчы дырэктар Bluesfest, сказаў: "Гэта адна з найбольш важных праблем з якой мы сутыкнуліся пры падрыхтоўцы фэсту, аднак я адчуваю, што мы дамо рады яе вырашыць".  
Аднак што менавіта зрабіць з кладкай пакуль невядома - эксперты прапануюць перасунуць гняздо на новае месца або перанесці яйкі ў інкубатар і там чакаць на вылупленне птушанят. Аднак ніводная з прапановаў не можа лічыцца ідэальным рашэннем у адносінах да птушак. Таму прыкладна 30 мільёнаў даляраў, якія планавалі атрымаць ад правядзення фэсту мясцовыя ўлады застаюцца ў падвешаным стане, бо, магчыма, трэба будзе пернесці даты правядзення на больш познія, або дамаўляцца пра іншае месца.

Паводле www.phys.org (тэкст і здымак) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі


На гэтую тэму:
AC/DC, кулікі & rock'n'roll