У 17-ты раз Гродзенскае абласное аддзяленне ГА "Ахова птушак Бацькаўшчыны" (АПБ) запрашае гарадзенцаў з любым узроўнем падрыхтоўкі, і асабліва сем’і з дзеткамі і падлеткамі, далучыцца да ПанЕўрапейскіх дзён назіранняў за птушкамі, якія ў апошнія гады адначасова адбываюцца ў 40 краінах нашага кантыненту.
У суботу, 6 кастрычніка, з 14 да 16.00 мы будзем з оптыкай (трубамі і біноклямі) паказваць гарадзкіх птушак у пойме Гараднічанкі. Наша пляцоўка будзе знаходзіцца каля “помніка русалцы” у парку Жылібера ў цэнтры Гродна. Арнітолагі адкажуць на пытанні, звязаныя з жыццём дзікіх птушак, дзейнасцю АПБ і ў восеньскім каларыце можна будзе зрабіць цудоўныя здымкі з оптыкай Вас і Вашых дзетак. Таксама можна будзе пагартаць ці набыць апошнія выданні пра птушак Беларусі, у тым ліку вызначальнік “Птицы Беларуси и Литвы” (2017).
У нядзелю, 7 кастрычніка, адбудзецца палявая экскурсія на р.Нёман і бліжэйшыя да в.Свіслач вадасховішчы (Гродзенскі раён). Там можна будзе назіраць за міграцыяй вераб’іных птушак, а таксама вялікай колькасцю розных качак (свіцьваў, крыжанак, чубатых ныркоў і ныркоў-сівакоў, лапаносак, чырак), вялікіх і малых коўраў, шэрых і вялікіх белых чапляў, кнігавак і іншых кулікоў– усяго мы плануем адзначыць каля 50 відаў птушак, паказаць іх і распавесці чым яны адрозніваюцца адзін ад аднаго ці падобных відаў.
Каб назіранні адбываліся цікавей і больш карысна, у нас будуць для выкарыстаня пад час экскурсіі трубы і біноклі, а таксама вызначальнікі і дасведчаныя гіды-бёдуотчары.
Пад час абеду, які падвядзе смачную рысу экскурсіі, будзе сумеснае смажанне каўбасак і іншыя палявыя прысмакі. Таму для іх папярэдняга закупу трэба пацвердзіць свой удзел у экскурсіі, магчымасць выкарыстання ўласнага аўтамабіля і колькасць вольных месцаў у ім на маб. тэл. +375 336 887589 (Дзьмітры Вінчэўскі) да 17.00 суботы, 07.10.2018.
Кошт палявога абеду аднаго дарослага – 7 рублёў, дзетак старэйшых за 5 гадоў – 5 руб.
Выезд у 9.30 са стаянкі каля будынку малодшых класаў былой школы №1 на вул. Падольная насупраць дому №8 (паміж запраўкай і будынкам БІП). Вяртанне ў горад каля 15.00.
Каб экскурсія прайшла прыемна, не забудзьце ўзяць адзенне, адпаведнае зменліваму кастычніцкаму надвор’ю (звычайна зранку можа быць холадна, а ў абед – сонечна і цёпла), зручны палявы абутак (красоўкі ці невысокія гумовікі для мокрай травы).
Тэрмас з гарачым напоем не будзе лішнім.
Здымкі з мінулых дзён назіранняў птушак Дзьмітрыя Вінчэўскага
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ