Чорны свіргуль – Need for Speed!

Чорныя свіргулі прызнаныя самымі хуткімі птушкамі на Зямлі. Справа ў тым, што ёсць і іншыя птушкі, напрыклад, сокалы-падарожнікі, якія могуць лятаць яшчэ хутчэй – нават да 360 км на гадзіну. Аднак рэкордных хуткасцяў апошнія дасягаюць толькі пад час пікірaвання на здабычу. Тады як чорныя свіргулі (Apus apus) разганяюць самі сябе да хуткасці 111.6 км у гадзіну пад час гарызантальнага палёту!
Як аказалася, свіргулі разганяюцца да рэкордных хуткасцей пад час брачных дэманстратыўных палётаў. Дэталі праведзенага навукоўцамі даследавання прыведзены ў артыкуле How swift are swifts Apus apus? Journal of Avian Biology .
У мінулым годзе навукоўцы зарэгістравалі таксама нечуваную хуткасць у самцоў калібры Анны – пад час дэманстратыўных палётаў перад самкамі яны разганяліся да 97.2 км/г (або 27 м у секунду). Гэта фантастычна хутка для птушкі такіх памераў.
Адзін з крэўных чорнага свіргуля – караткахвосты свіргуль  (Hirundapus caudacutus) з Цэнтральнай Азіі дагэтуль лічыўся самым шыбкім, бо яму прыпісвалася хуткасць нават у  169 км у гадзіну.
Аднак метады, якімі замераны дадзены вынік, ніколі не публікаваліся і таму іх цяжка прыняць без праверкі, кажа д-р Пер Хэннігссон (Dr Per Henningsson) з універсітэту Лунд у Швэцыі. 
Менавіта д-р Хэннігссон з калегамі выкарыстоўваў здымкі свіргулёў на 2 хуткасныя кінакамеры, каб атрымаць дакладную хуткасць палёту птушак. Дзякуючы гэтаму абсталяванню навукоўцы атрымалі яшчэ магчымасць падлічыць і частату ўзмахаў крыламі.
Пад час даследавання свіргулі звычайна ляталі на хуткасці да 75 км/г, тады як адна з птушак дасягнула рэкорднай хуткасці ў 111.6 км/г!
Больш звычайныя хуткасці, неабходныя свіргулям пад час харчавання дробнай жамярой, пад час адпачынку або нават міграцыі вельмі далёкія ад рэкордных – гэта лічбы ад 36 да 43 км/г (10 – 12 м/с). Аднак пад час супольных брачных палётаў-прадстаўленняў, калі разам з пранізлівымі крыкамі ляцяць як гняздуючыя, так і не  птушкі, яны і дасягаюць рэкордных хуткасцяў.
Гэта мае вялікі біялагічны сэнс, бо менавіта такім чынам партнёры могуць паказаць адзін аднаму свае сапраўдныя здольнасці, якія залежаць ад генетычных асаблівасцяў.

Здымак чорнага свіргуля Дзьмітрыя Якубовіча
Паводле www.news.bbc.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by
 

На гэтую ж тэму:
 

Тлустыя птушкі мігрыруюць хутчэй

Замураваныя свіргулі – фінал судовага працэсу ў Лодзі

Эпічныя міграцыі палярных крычак пацверджаны сучаснымі тэхналогіямі

Незвычайныя птушыныя падарожжы

Малінаўкі шчасліва даляцелі да Мальты

Адкрыты самы доўгі міграцыйны шлях насякомых, які звязаны з міграцыяй птушак

12900 км ад месца зімоўкі

Калібры могуць паскарацца хутчэй за рэактыўныя самалёты!