У Мадрыдзе будуць кантраляваць колькасць папугая-інтрадуцэнта

Інвазійныя чужародныя віды – адна з асноўных праблем захавання біяразнастайнасці. Як мінімум у некаторых выпадках інтрадуцэнты, якія хутка распаўсюджвацца і павялічваюць сваю колькасць, таксама пачынаюць наўпрост перашкаджаць і людзям. Менавіта з-за гэтай асноўнай прычыны улады гішпанскай сталіцы абвесцілі пра барацьбу з адным з відаў папугаяў і плануюць скараціць іх колькасць у Мадрыдзе.

Паводле апошніх ацэнак, на сённяшні дзень тут жывуць прыкладна 12 тысяч папугаяў-манахаў (Myiopsitta monachus). Гэты паўднёва-амерыканскі від стаў тут настолькі шматлікім, што паспяхова канкуруе за ежу з абарыгеннымі відамі птушак.

Як і іншыя 6 відаў папугаяў-інтрадуцэнтаў, якія каланізавалі розныя гарады Гішпаніі, папугай-манах пачынаў сваё самастойнае жыццё ў гэтай краіне з тых птушак, якія ўцяклі з прыватнай гадоўлі.

Прадстаўнікі мэрыі заявілі ў прэс-рэлізе, што збіраюцца “зменшыць і кантраляваць папуляцыю папугаяў” без падання канкрэтных лічбаў. Адзін з прыведзеных метадаў кантролю – забіваць зародкаў у яйках папугаяў так, каб самкі іх наседжвалі, але фактычна не размнажаліся.

Асноўнай прычынай неабходнасці кантролю колькасці папугаяў пададзена вялікая колькасць скаргаў ад жыхароў сталіцы на шматлікасць гэтых птушак. Акрамя гэтага сцвярджаецца, што папугаі “змагаюцца за ежу з іншымі птушкамі”, а камунальныя гнёзды папугаяў-манахаў, якія важаць ад 50 да 200 кг, не толькі шкодзяць дрэвам, але і пагражаюць людзям у выпадку падзення галін з імі.

Згодна з дадзенымі Гішпанскага арніталагічнага таварыства SEO/Birdlife, колькасць гэтага віду ў Мадрыдзе павялічылася на трэць толькі з 2016 году

Паводле гішпаскіх законаў, папугай-манах – інвазійны чужародны від птушак.

Паводле www.rarebirdalert.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак з www.audubon.org

 

 

На гэтую тэму:

СМОГУТ ЛИ ПОПУГАИ ОСВОИТЬ ПРИРОДУ БЕЛАРУСИ?

Папугаі-інтрадуцэнты даказана шкодзяць мясцовым відам птушак

Як папугаі-інтрадуцэнты вынішчаюць рэдкіх мясцовых кажаноў

Папугаі ў нямецкіх гарадзкіх “джунглях”

Папугай-інтрадуцэнт хутка павялічвае сваю колькасць у Еўропе

Сорак гадоў самых вялікіх улікаў паказалі што змянілася з птушкамі ў Вялікабрытаніі

Забарона на ўвоз дзікіх птушак у ЕЗ амаль знішчыла “бізнэс” па іх продажы