Папугаі ў нямецкіх гарадзкіх “джунглях”

Прырода вакол нас усё больш змяняецца пад уздзеяннем людзей. Адным з такіх наступстваў становіцца інтрадукцыя чалавекам чужародных відаў раслін і жывёл на новыя кантыненты або ў месцы, дзе яны ніколі не сустракаліся раней. Часам гэта адбываецца з-за таго, што некаторыя віды ўцякаюць у прыроду з заапаркаў або прыватнай гадоўлі і ў іх атрымліваецца не толькі выжыць, але і пачаць размнажацца.

Горад Штутгарт у паўднёва-заходняй частцы Германіі стаў “домам” для папугаяў з роду амазонаў (Amazona sp.) з 1984 г.. Выглядае на тое, што мясцовую папуляцыю заснавалі толькі 4 птушкі: два жоўтагаловых амазона (A. оratrix) і два блакітнатварых (A. аestiva), у 2015 годзе ў ёй налічвалася 50 папугаяў. Цяпер іх група складаецца галоўным чынам з A. oratrix, аднак ёсць і некалькі гібрыдаў паміж двума відамі. Птушкі харчуюцца разнастайнымі абарыгеннымі і экзатычнымі для Германіі раслінамі.

Жоўтагаловы амазон у роднай Мексіцы лічыцца відам, якому пагражае знікненне – менш за 7 тысяч птушак засталіся ў прыродзе галоўным чынам з-за знішчэння лясоў і нелегальнага адлову папугаяў на продаж. Таму магчымасць вывучыць асаблівасці прыстасавання такога віду ў новым асяроддзі можа даць уяўленне пра магчымыя праблемы і небяспекі для віду на яго радзіме.

З іншага боку, маніторынг інтрадуцэнтаў, магчымасць убачыць як яны выжываюць і распаўсюджваюцца, дапамагае нам захаваць абарыгенныя, “нашы” віды, якія могуць апынуцца пад пагрозай з-за канкурэнцыі з чужароднымі. Штутгартскія амазоны – невялікая частка амаль глабальнага фенамену гарадзкіх папугаяў, маштабы якога павялічваюцца. Толькі ў гарадах Еўропы цяпер вядома пра існаванне дзікіх папуляцый 11 відаў папугаяў-інтрадуцэнтаў. Таму вельмі важна зразумець іх патрэбы для гнездавання і як яны адаптуюцца да жыцця ў нашых гарадах.

З самага пачатку інтрадукцыі амазонаў у Штутгарце пачалі вывучаць рост іх папуляцыі, месцы гнездавання і размяшчэнне дуплаў, поспех гнездаваня і паказчыкі размнажэння, памеры і прычыны смяротнасці. Аказалася, што колькасць папугаяў тут павялічваецца вельмі павольна. Даследчыкі спадзяваліся ўбачыць вельмі нізкія паказчыкі размнажэння, магчыма абумоўленыя больш халодным кліматам, чым на радзіме амазонаў і іх нізкай генетычнай разнастайнасцю з-за вельмі абмежаванай колькасці птушак-заснавальнікаў.

Арнітолагі змаглі праверыць 10 з 12 вядомых у горадзе дуплаў, дзе гняздуюць папугаі, а таксама назіралі за вылетам птушанят на ўсіх. Усе месцы гнездавання знаходзяцца на невялікай тэрыторыі ў прыгарадзе пад назвай Bad Cannstatt. Усе дуплы змяшчаліся ў старых дрэвах, у асноўным, у платанах і мелі вельмі вузкі ляток. Глыбіня размяшчэння ў іх гнёздаў была прыкладна 50 см ад края лятка – усё гэта ‘хутчэй за ўсё дапамагае птушкам хавацца ад кепскага надвор’я і драпежнікаў.

У 2015 г. вылупілася і выляцела нечакана шмат птушанят – ажно 17, гэта было 1,3 у сярэднім на гняздуючую (актыўную) пару: чатыры з іх мелі па 4 малых, адна- адно і пяць ніводнага. Такім чынам, поспех гнездавання склаў толькі 50%. Ва ўсіх непаспяховых выпадках з яек ніхто не вылупіўся. Птушаняты выляталі з гнёздаў у ліпені і жніўні.

Не было адзначана вялікай канкурэнцыі папугаяў з абарыгеннымі відамі птушак, найперш з-за дуплы, бо іх было на тэрыторыі парку сотні, а канкураваць за іх маглі ад 12 да 15 пар папугаяў. Амазоны спакойна адносіліся да птушак дробных і сярэдніх памераў (вераб’ёў, шракоў, дзятлаў) каля сваіх дуплаў. Часта назіралася гнездаванне і іншых відаў птушак у тых самых дрэвах. Аднак калі побач з’яўляліся галубы або амазоны з іншых пар, папугаі актыўна дэманстравалі свае тэрытарыяльныя паводзіны і праганялі іх.

Каб атрымаць максімальную выбарку па ўзроўню і прычынах смяротнасці, даследчыкі збіралі дадзеныя таксама з прыютаў для жывёл, апытвалі грамадзян і праверылі калекцыю мясцовага музею. Дадзеныя па 15 мёртвых і 6 параненых папугаях паказалі, што сутыкненні з транспартам (трамваямі, аўто) і з шыбамі былі асноўнымі прычынамі траўмаў і гібелі папугаяў. Большасць такіх выпадкаў занатавана на прыканцы лета і ўвосень, то бок адразу пасля сезону размнажэння і адлюстроўвае вялікую рызыку менавіта для маладых, недасведчаных птушак. Ціск драпежнікаў, напэўна, быў зусім невялікі – стала вядома толькі пра дзве паспяховых атакі на амазонаў драпежных птушак. Іншыя драпежнікі ў гэтых месцах рэдкія- сабакі выгульваюцца ў парку на смычы, а бадзяжныя каты там не адзначаныя зусім.

Арнітолагі пішуць у якасці адной з высноваў, што дзякуючы высокай смяротнасці наўрацці магчымая экспансія амазонаў нават на суседнія тэрыторыі. У дадатак аўтары падкрэсліваюць, што выжыванне і рамнажэнне падобных відаў птушак у многім залежыць ад наяўнасці ў горадзе старых, дуплістых дрэваў, дзе яны і гняздуюць. У наш час падобныя дрэвы засталіся ў Германіі амаль выключна ў гарадах. Таму негатыўнае ўдзеянне папугаяў на прыродныя экасістэмы можна ацаніць роўным нулю.

Крыніца:

Martens, J.M. & Woog, F. 2017 Nest cavity characteristics, reproductive output and population trend of naturalised Amazon parrots in Germany. . Journal of Ornithology. DOI: 10.1007/s10336-017-1436-9.

 

Паводле www.bou.org.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак маладога жоўтагаловага амазона з www.hbw.com

 

 

СМОГУТ ЛИ ПОПУГАИ ОСВОИТЬ ПРИРОДУ БЕЛАРУСИ?

ІНТРАДУКАВАНЫЯ ПАПУЛЯЦЫІ ПАПУГАЯЎ МОГУЦЬ ДАПАМАГЧЫ АБАРЫГЕННЫМ

Еўракамісія нарэшце прыняла Спіс найбольш небяспечных інвазійных інтрадуцэнтаў

Папугаі-інтрадуцэнты даказана шкодзяць мясцовым відам птушак

Папугай-інтрадуцэнт хутка павялічвае сваю колькасць у Еўропе

Вынішчыць адных папугаяў каб захаваць іншых

Праект па вынішчэнні качкі-інтрадуцэнта працягнуты

“Жалезная заслона” хоць у нечым аказалася карыснай