
Сумная падзея адбылася 21 кастрычніка 2025 году ў Віцебску, дзе Паліна Дубавая знайшла мёртвую птушку, якая яўна нядаўна разбілася аб шыбу мясцовага гандлёвага цэнтру. У прыродзе вертыкальныя празрыстыя паверхні, або тыя, што адлюстроўваюць наваколле, не сустракаюцца, і таму дзікія птушкі часта разбіваюцца спрабуючы праляцець праз іх, асабліва пад час міграцыі.
Птушка на здымку з Інстаграма вельмі падобная на самку белаваллёвага дразда (Turdus torquatus) падвіду alpestris - гэта птушкі, якія гняздуюць у гарах Цэнтральнай і Паўднёвай Еўропы. Найбліжэй да нас - у Карпатах, дзе сустракаюцца на вышынях ад 250 (больш звычайныя вышэй 700 м) да 1750 м в.у.м. і дзе від у некаторых частках гэтых гор даволі шматлікі. Увогуле ж гэта горная птушка, якая мае разарваны арэал і гняздуе выключна ў розных горных сістэмах ад Ірландыі і Брытанскіх астравоў на паўночным захадзе, праз Скандынавію і паўночны захад Расіі, у Заходняй, Цэнтральнай і Паўднёвай Еўропе ад Пірэнеяў, праз Альпы, Бескіды, Татры, Карпаты, Балканы, Грэцыю і Турцыю на ўсход да Туркменістана. Від зімуе ў краінах Міжземнамор’я, у Малай Азіі і Паўночнай Афрыцы. Паўднёвыя папуляцыі часткова аселыя.
Белаваллёвы дрозд з 1973 г. параўнальна рэгулярна адзначаецца ў Літве пад час вясновага і восеньскага пралёту, да 2017 г. там адбылося 39 рэгістрацый, аднак з іх толькі 4 не на марскім узбярэжжы ці паблізу яго.
Калі гэтую рэгістрацыю зацвердзіць Беларуская арніта-фауністычная камісія, якая разглядае ўсе назіранні новых і многіх рэдкіх для нашай краіны відаў птушак, белаваллёвы дрозд стане 344 відам ў спісе нашай арнітафауны.
Падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Выкарыстаны дадзеныя з кнігі Jusys V. et al. 2017 “NAUJI IR RETI PAUKŠČIAI LIETUVOJE”
Здымак з Інстаграм
На гэтую тэму:
Спіс птушак Беларусі застаўся ранейшым, без новых відаў: пратакол паседжання БАФК ад 18.12.2024 г.
У Спісе птушак Беларусі афіцыйна стала 343 віды: пратакол паседжання БАФК ад 27.12.2023
У Мінску адзначаны новы для Беларусі від, які атрымалася вызначыць дзякуючы запісу голасу птушкі - пячураўка Х’юма
Новы для Беларусі від птушак, арлан-даўгахвост, адзначаны пад Мінскам!
Сіняхвостка – доўгачаканы новы від птушак, адзначаны для Беларусі
Трэці сёлета новы для Беларусі від птушак, таўстадзюбая пячураўка, адлоўлены на поўначы краіны
Дэлавэрскую чайку, новы від для Беларусі і Украіны, ‘бачылі’ у нас толькі спадарожнікі
Арол-шуляк: адкладзеная сенсацыя пра залёт новага для Беларусі віда птушак
Изменения в орнитофауне Беларуси за 2000-2016 годы
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Comments
Harrier - 22.10.2025 - 00:28
Паведамленне пра рэгістрацыю…
Паведамленне пра рэгістрацыю новага для краіны віду стала шырэй вядома дзякуючы пільнасці Дзяніса Кіцеля, за што яму шчыры дзякуй.