Новы для Беларусі від птушак, арлан-даўгахвост, адзначаны пад Мінскам!

Учора, 22 жніўня, група мінскіх бёрдэраў адзначыла на рыбгасе “Волма” у Чэрвенскім раёне на Міншчыне новы для Беларусі від птушак – арлана-даўгахвоста (Haliaeetus leucoryphus)! Маладая, неполаваспелая птушка прыляцела у цэнтральную Беларусь аднекуль з Азіі. Віншуем адкрыўцаў: Андрэя Барадзiна, Аляксандру Кудзiнаву, Сяргея Анохiна, Дар'ю Уруцiну, Кацярыну i Аляксандра Вараб’ёвых!

“Даведаліся, што на рыбгасе “Волма” спусцілі воду на 6-й сажалцы і вырашылі з’ездзіць туды. Мае спадарожнікі хацелі там убачыць крычку-чаграву, мяне ж больш цікавілі кулікі. Іх было няшмат, прыемна ўразіла толькі чародка з 11 вялікіх кулёнаў. На дне сажалкі сядзелі і арланы-белахвосты, а сярод іх гэтая дзіўнаватая птушка. Я яшчэ там пажартаваў наконт арлана-даўгахвоста, таму што быў знаёмы з гэтым відам (спадзяваўся убачыць яго пад час падарожжа ў Казахстане, але тады не атрымалася). Калі ж арлан узляцеў, Аляксандра змагла зрабіць некалькі здымкаў птушкі ў палёце. Я праглядзеў іх ужо ў хаце і спачатку думаў, што гэта арол-магільнік і толькі потым успомніў пра арлана-даўгахвоста. Знайшоў у інтэрнеце здымкі маладых птушак, якія выглядалі вельмі падобнымі да нашай. Звярнуўся да Андрэя Каваленкі, арнітолага з Казахстана і ён пацвердзіў вызначэнне” - расказаў для “Птушкі штодня” Андрэй Барадзін, намеснiк рэдактара wildlife.by, каардынатар Клуба200 АПБ. “Канешне, я вельмі рады, даўно марыў знайсці новы для Беларусі від, але не чакаў, што ён будзе настолькі рэдкім /для Еўропы/” - працягнуў Андрэй.

птушка

Здымак Аляксандры Кудзінавай, 22-08-2021, Чэрвенскі раён.

UPD Як часам бывае, не ўсё так проста аказалася з адкрыццём новага віду. Насамрэч толькі сёння ўвечары Аляксандр Вінчэўскі праверыў здымкі арланаў, якія зрабіў з дрона на той самай 6й сажалцы зранку 22.08, і аказалася, што на іх ёсць малады арлан-даўгахвост! Але ён заставаўся нявызначаным да паведамлення каманды Андрэя Барадзіна, якая ўбачыла від пазней, але вызначыла яго.

птушка

Здымак Аляксандра Вінчэўскага, 22-08-2021.

Арлан-даўгахвост мае параўнальна вялікі арэал, від распаўсюджаны ў Паўночным Кітае, а таксама ад Пакістана, праз Бутан, Бангладэш і Індыю да Бірмы. Зімуюць птушкі ў паўночнай частцы Індастану. Аднак гэта від, які без зразумелых прычын моцна скараціў сваю колькасць у апошнія дзесяцігоддзі і мае статус глабальна пагражаемага (EN). Акрамя гэтага, арлан-даўгахвост размнажаецца ўзімку на поўдні арэалу, а летам зімуе ў яго паўночнай частцы. Хутчэй за ўсё менавіта такая цікавая асаблівасць і дазваляе бачыць маладых птушак далёка на поўнач ад месцаў нараджэння менавіта летам.

У суседніх з намі краінах від быў толькі аднойчы зарэгістраваны ў Польшчы: неполаваспелая птушка была забітая на поўдні краіны, у Шлёнскім ваяводзтве, 19.06.1943 г.. У 1910 (у запаведніку Асканія-Нова) і 1964 (на Палтаўшчыне) арланы-даўгахвосты забітыя ва Украіне; яшчэ адна рэгістрацыя віда, у 2011 годзе (таксама на Палтаўшчыне), многімі ставіцца пад сумнеў з-за недастаткова выразных для вызначэння здымкаў.

Калі Беларуская арніта-фауністычная камісія (БАФК), без рашэння якой назіранні новых і многіх рэдкіх для краіны відаў не маюць навуковай сілы, зацвердзіць гэтую рэгістрацыю арлана-даўгахвоста, від стане 338-м у Спісе птушак Беларусі. 

На сённяшні дзень Андрэй з 291 відам у сваім беларускім спісе птушак лідзіруе сярод іншых бёрдэраў нашай краіны. Акрамя таго, з 251 відам птушак, ужо адзначаных у Беларусі ў гэтым годзе, мае вялікія шанцы абнавіць рэкорд па колькасці відаў, адзначаных на працягу году. Нагадаем, што у мінулым годзе рэкорд “Вялікага году” з вынікам у 260 відаў усталяваў Юрый Шашэнька.

 

Падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

На верхнім здымку Аляксандра Вінчэўскага: маладыя арлан-даўгахвост і белахвост, 23-08-2021

Выкарыстаны дадзеныя з кнігі Stawarczyk et  al. (2017) "Rzadkie ptaki Polski" і публікацый Гавриленко Н.И. Находки некоторых птиц на Украине // Орнитология. – Изд-во Моск. ун-та, 1967. – С. 340-341 і Надточий А.С. Залет орлана-долгохвоста в Украину // Хищные птицы в динамической среде третьего тысячелетия: состояние и перспективы. Труды 6 Международной конфер. по соколообразным и совам Северной Евразии, г. Кривой Рог, 27-30 сентября 2012 г. – Кривой Рог: Издатель ФЛ-П Чернявский Д.А., 2012. – С. 512-514.

 

На гэтую тэму:

В СПИСКЕ ПТИЦ БЕЛАРУСИ ТЕПЕРЬ 337 ВИДОВ: ПРОТОКОЛ ЗАСЕДАНИЯ БОФК ОТ 11.03.2021 И ОБНОВЛЕННЫЙ СПИСОК ПТИЦ БОФК

Новы для Беларусі від птушак – стрынатка-рэмез – адлоўлены на поўначы краіны!

У МІНСКУ АДЗНАЧАНЫ НОВЫ ДЛЯ БЕЛАРУСІ ВІД ПТУШАК– ПАЛЯРНАЯ ЧАЙКА!

У Беларусі адзначана нільская гусь - новы для краіны, але чужародны від птушак

Новы для Беларусі від птушак – бурая пячураўка – адзначаны на Гарадзеншчыне

На Гарадзеншчыне адзначаны яшчэ адзін новы для Беларусі від птушак – шэры жаўрук!

Новы для Беларусі, чужародны від птушак – качка-каралінка – адзначаны пад Гродна

Мой Большой Год 2020, часть I

Мой Большой Год 2020, часть II