Тры запар выходныя дні ў пачатку сакавіка далі магчымасць многім з нас выехаць на птушак, каб паназіраць за актыўнай вясновай міграцыяй. Але і тыя, хто застаўся назіраць за імі ў Мінску, не пашкадавалі – ў суботу, 9 сакавіка Ірына Самусенка ў сталіцы адзначыла новы для нашай краіны від птушак – палярную чайку (Larus glaucoides)!
“Чайка была адзначана пад час улікаў і “чытання” кольцаў. Усяго там учора было больш за тысячу птушак розных відаў чаек, таму яна адразу не кінулася ў вочы. А ўжо ўвечары, разглядаючы на маніторы кампутара сотні здымкаў, зробленых там, заўважыла надзвычай светлую чайку, з пераважна белай афарбоўкай. Як звычайна бывае з чайкамі, ёсць складанасці і сумневы з іх вызначэннем да віду. Аднак эксперты з групы па чайках Заходняй Палеарктыкі дапамаглі вызначыць гэтую птушку як палярную трэцяга каляндарнага году жыцця“ – расказала Ірына Cамусенка, загадчыца лабараторыі арніталогіі НВЦ па біярэсурсах НАН Беларусі, для нашага сайту.
“Дагэтуль не верыцца! Патрэбны час, каб прызвычаіцца, звыкнуцца з фактам, што гэта новы від для нашай краіны!” – усхвалявана дадала Ірына. “Пасля таго, як даследаванні чаек у краіне, у тым ліку з маім удзелам, актывізаваліся, гэта, можна сказаць, вельмі чаканы, ці пажаданы, вынік. Ён сведчыць, што паглыбленне інтарэсу да гэтай складанай групы птушак будзе рэалізована таксама праз рэгістрацыі ў нас новых відаў, праз пашырэнне шэрагаў людзей, якія цікавяцца чайкамі. Трэба рухацца далей, бо чым больш даведваешся пра чаек, тым больш узнікае пытанняў і новых праблем ў наш век кліматычных перамен і разбурэння натуральных месцапражыванняў птушак.”
Назіранне адбылося на сажалцы–рэгулятары сцёкавых водаў у мікрараёне Шабаны ў Мінску.
Рэгістрацыя палярнай чайкі, ды яшчэ ў цэнтры Беларусі, канешне, нешэраговая з’ява! Справа ў тым, што гэта выключна марскі від, які вельмі рэдка залятае на унутрыкантынентальныя вадаёмы. Магчыма, што да яе з’яўлення на вадаёме ў Шабанах прычыніўся вельмі моцны заходні вецер, які дзьмуў у нас апошнія дні. Палярная чайка гняздуе на паўночна-усходніх узбярэжжах Канады і фактычна ўсёй Грэнландыі. У 1990-я некалькі гадоў таксама гнездавала на Новай Зямлі. Зімуюць птушкі на поўначы Атлантыкі, таксама на Паўночным моры. А вось на Балтыку залятаюць параўнальна рэдка.
У Польшчы палярная чайка ўпершыню адзначана ў 1974 годзе, з таго часу рэгістравалася 40 разоў (агулам 42 птушкі), прычым у амаль 70% усіх сустрэч яны адбыліся на марскім узбярэжжы ці ў партах, значна радзей гэтых чаек адзначалі на звалках смецця (6 разоў), на рэках (тройчы) і па 2 разы на вадасховішчах і азёрах у глыбі сушы. Цікава, што таксама 70% усіх рэгістрацый віду адбыліся ў зімовыя месяцы, вясной і увосень птушкі адзначаліся значна радзей. (Stawarczyk et al. 2017)
У Літве від адзначаўся дагэтуль толькі аднойчы, у 1954 годзе на марскім узбярэжжы.
Для Беларусі, дзякуючы больш актыўным назіранням арнітолагаў і бёрдуотчараў, толькі за апошнія гады дадаліся ў Спіс птушак краіны камчацкая чайка (Larus schistisagus) – у 2012 годзе, жоўтаногая чайка (L. michahellis) і чайка-бургамістр (L. hyperboreus) – абедзьве ў 2016-м, прычым апошнія два віды ўпершыню адзначаны ў наваколлі Мінску і ў абодвух выпадках рэгістрацыі адбыліся з удзелам Ірыны Самусенка.
Калі Беларуская арніта-фауністычная камісія, без рашэння якой назіранні новых і многіх рэдкіх для краіны відаў не маюць навуковай сілы, зацвердзіць гэтую рэгістрацыю палярнай чайкі, від стане 334-м у Спісе птушак Беларусі. На сённяшні дзень у Спісе 332 віды + адкрытая ў 2018 годзе стрынатка-рэмез яшчэ не разглядалася БАФК.
Віншуем з выдатным назіраннем і зычым усім не менш выніковага на выдатныя назіранні працягу вясны!
Падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак Ірыны Самусенка
Выкарыстаны дадзеныя з кнігі Stawarczyk et all. (2017) "Rzadkie ptaki Polski"
На гэтую тэму:
ВЫДАТНЫ ПАЧАТАК: АГЛЯД ЦІКАВЫХ НАЗІРАННЯЎ КЛУБА200 ЗА СТУДЗЕНЬ-2019
АГЛЯД НАЗІРАННЯЎ НОВЫХ І РЭДКІХ ДЛЯ БЕЛАРУСІ ВІДАЎ ПТУШАК ЗА 2018 ГОД. ЧАСТКА 1: АД ГАГАЧОЎ ДА КУЛІКОЎ
АГЛЯД НАЗІРАННЯЎ НОВЫХ І РЭДКІХ ДЛЯ БЕЛАРУСІ ВІДАЎ ПТУШАК ЗА 2018 ГОД. ЧАСТКА 2: АД ЧАЕК ДА ВЕРАБ’ІНЫХ
Новы для Беларусі від птушак – стрынатка-рэмез – адлоўлены на поўначы краіны!
Стрынатка-крошка – новы для Беларусі від птушак- адляцела з уласным кальцом
Сообщение БОФК: список птиц Беларуси увеличился на 3 новых вида
Новы для Беларусі від птушак – камчацкая чайка (Larus schistisagus) – адзначаны ў Гродна
Новы для Беларусі від птушак – чайка-бургамістр – адзначаны пад Мінскам
Не прайшло і тыдня, а пад Мінскам адкрыты яшчэ адзін новы від птушак для Беларусі – жаўтаногая чайка!
Новы для Беларусі від птушак – пячураўка-зарнічка – адляцеў з уласным кальцом
БОФК: В Списке птиц Беларуси стало 325 видов - добавились 4 и исключены 2
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ