Вялікія маразы і шмат снегу радуюць гэтай зімой не толькі дзетак. Назіральнікі птушак у гэты непрацяглы апошнімі зімамі час маюць шанец убачыць у нас тыя віды, якія звычайна адзначаюцца вельмі рэдка ці яшчэ ўвогуле не адзначаліся ў Беларусі. Справа ў тым, што тады многія птушкі стараюцца трымацца незамёрзлай і адкрытай вады, у якой можна лягчэй знайсці ежу. Месцаў такіх робіцца вельмі мала і яны абмежаваныя па плошчы, таму і знайсці такія віды ў гэты час у падобных месцах лягчэй.
Аднак як часам бывае ў падобных назіраннях птушак, акрамя чаканых і жаданых відаў можна сустрэць і нечаканыя. Так і здарылася ў гэтую нядзелю, 17-01-2021, пад час назіранняў і пошукаў пад Гродна.
Мэта-максімум мінскай каманды бёрдуотчараў у складзе Юрыя Шашэнькі (рэкардсмена Вялікага году ў нашай краіне, які ў 2020 годзе адзначыў 260 відаў), Таццяны Каржыцкай І Максіма Косціна былі тры віды: аляпка, горная пліска і горны свірстун. Першы від раней рэгулярна зімаваў на перакатах Ласасянкі, другі ў Беларусі быў адзначаны толькі двойчы і другі раз параўнальна доўга трымаўся пад Гродна на беразе Нёмана. А горны свірстун увогуле для нашай краіны назіраўся тры зімы запар, але толькі ў адным месцы – на ачышчальных сажалках з цёплай вадой “Гродна-Азот”.
Субота, 16-01-2021, першы дзень пошукаў
Першы дзень пошукаў, субота, хаця і прынесла на Ласасянцы сустрэчы з цікавымі і не зусім чаканымі на зімоўцы відамі (было шмат зімародкаў, вадзяны пастушок, берасцянкі, малінаўка, лясная завірушка і нават чорнагаловая леска – першая рэгістрацыя віда на зімоўцы?), аляпку мы не знайшлі. Але ўвечары, пасля завеі, мароз узмацніўся. І ўрэшце-рэшт нам павінна было пашанцаваць!
Лясная завірушка - незвычайны для Беларусі на зімоўцы від. 16-01-2021, пойма Ласасянкі ў межах Гродна. Здымак Дзьмітрыя Вінчэўскага
Нядзеля, 17-01-2021, другі дзень пошукаў
Зранку было сонечна і каля -200 С, што давала надзею на цікавыя сустрэчы. Але яны адбыліся не адразу. Спачатку мы прыехалі на пошукі горнага свірстуна. Перад тым, як прачасаць бераг сажалкі з самай цёплай вадой, нечакана на заснежаным беразе іншай мы ўбачылі … белашчокую казарку з гусяй-гуменніцай. Дагэтуль гэтыя казаркі адзначаліся ў нас на зімоўцы толькі на р.Свіслач пад Гродна і на Дняпры ў Магілёве.
Таксама не вельмі звычайныя зімавальшчыкі ў нашай краіне: гусь-гуменніца і белашчокая казарка. Ачышчальныя сажалкі "Гродна-Азот", Гродзенскі раён, 17-01-2021. Здымак Дзьмітрыя Вінчэўскага
Аднак свірстуна ў чаканым месцы не было і мы пераехалі праз увесь горад на супрацьлеглы ад сажалак “Азота” бераг Нёмана – туды, дзе насупраць адбываецца выкід ў рэку ачышчанай вады і з “Азота”, і з водаканала:
І тут і адбыліся незапланаваныя сюрпрызы!
Першая ў Беларусі качка-каралінка
Каля фантанаў, у выглядзе якіх вада вяртаецца ў Нёман з падводных труб, яна ніколі не замярзае, значна цяплей за навакольную і гэта дазваляе эфектыўна існаваць, а можа і размнажацца ўзімку невялічкім безхрыбетным і мікраскапічным вадаростам, таму тут зімой канцэнтруецца вялікая колькасць розных відаў качак. І сярод густога пару, які парывамі ветру разносіўся над вадой у розныя бакі, Таццяна заўважыла незвычайную для нас качку, якая аказалася самцом качкі-каралінкі!
Самец качкі-каралінкі, затока Нёмана на ўскрайку Гродна. 17-01-2021. Здымак праз пар ад вады Дзьмітрыя Вінчэўскага
Таццяна Каржыцкая - першаадкрывальніца качкі-каралінкі ў Беларусі. Здымак Дзьмітрыя Вінчэўскага
Мы адразу ведалі, што гэта першая рэгістрацыя для Беларусі і сталі рабіць фота- і відэа дакументацыю, што з-за пастаяннай дымкі-пара над вадой аказалася не так лёгка:
Па Нёману сплашным патокам плылі рознага памеру крыгі, таму качкам асабліва не было куды адлятаць, ды і мароз пэўна суцішваў жаданне лятаць нават на невялікія адлегласці. Качка дала сябе разгледзець, але трымалася трошкі адасоблена ад качак-крыжанак і цыранак, якія актыўна харчаваліся ля фантанаў.
Качка-каралінка (Aix sponsa) – паўночна-амерыканскі від, які ў Еўропе трымаюць не толькі ў заапарках, але і прыватныя калекцыянеры. Натуральным чынам, з Амерыкі, каралінкі даляталі пакуль толькі да Ісландыі. Усе іншыя сустрэчы з каралінкамі ў прыродзе ў розных краінах на нашым кантыненце лічацца назіраннямі збеглых з няволі асобін. Таму, згодна з катэгорыямі, якія прапанаваныя для ўсіх відаў птушак, адзначаных у Еўропе Асацыяцыяй еўрапейcкіх авіфауністычных камісій па рэдкасцях (AERC), у якую ўваходзіць і Беларуская арніта-фаунстычная камісія (БАФК), качкі-каралінкі па-за Ісландыяй трапляюць у катэгорыю Е і не ўваходзяць у асноўны Спіс відаў, які арнітолагі вядуць для кожнай краіны.
Паводле парадаў AERC, усе рэгістрацыі – уключна з гістарычнымі - павінны быць аднесеныя ў адну з 4 катэгорый: А (яўна дзікая птушка, адзначаная пасля 01.01.1950 г.); В (яўна дзікая птушка, адзначаная толькі паміж 1800 і 1949 гг); С (інтрадукаваны або збеглы з няволі від, які стварыў незалежную гнездавую папуляцыю у краіне, або паходзіць з катэгорыі С іншай краіны); Е (збеглыя з няволі птушкі; інтрадуцэнты, якія не стварылі папуляцыі, здольныя самастойна падтрымліваць сваю колькасць) і D (птушка незразумелага паходжання, якую нельга ўпэўнена аднесці ў іншыя катэгорыі). У аскоўны Спісі відаў для кожнай краіны ўваходзяць толькі віды з катэгорый А, В і С. Віды з катэгорый Е і D уключаюцца ў дадатковы спіс.
Хаця БАФК яшчэ будзе прымаць рашэнне наконт нашай сустрэчы гэтага віда, у нашых суседзяў з Літвы і Польшчы, дзе каралінкі адзначаліся ў прыродзе неаднакротна, яны аднесены да катэгорыі Е (чужародныя віды, якія паходзяць з няволі, а таксама выпадкова прывезеныя ці інтрадукаваныя спецыяльна, якія не ўтварылі самастойных папуляцый на нашым кантыненце). Але і рэгістрацыі відаў з гэтай катэгорыі цікавыя, бо ў нейкім шэрагу падзей могуць сведчыць пра некарысныя змены ў прыродзе нашай ці суседніх краін.
Трэцяя для Беларусі горная пліска
Аднак прыемныя сюрпрызы, як аказалася, яшчэ былі наперадзе!
Мы вырашылі прайсці па беразе нешырокай праточнай затокі, куды скідваецца вада пасля ачысткі, каб паглядзець там вераб’іных птушак, якія маглі трымацца незамёрзлай вады. Нікога не ўбачылі і калі зноў з Таццянай спусціліся да фантанаў, збоку выляцелі две птушкі аднолькавага памеру і абрысу, адна з іх перад намі села на абледзянелыя камяні з характэрным доўгім хвастом і ярка-жоўтым падхвосцем – горная пліска!
Горная пліска, бераг Нёмана на ўксраіне Гродна. 17-01-2021. Здымак Юрыя Шашэнькі
Мы пачалі крычаць і махаць Юры і Максіму, якія адсталі, каб яны хутчэй беглі глядзець на пліску. І тут зноў пачалася фота-сесія з дакументацыных пра сустрэчу здымкаў, бо іншыя з-за пару ад вады зрабіць не атрымался. Пакуль уся наша ўвага была сканцэнтраваная на першай птушцы, другая паспяхова знікла і хто гэта быў – другая горная пліска ці нехта падобны, даведацца не атрымалася.
Горная пліска. 18-01-2021. Здымак Дзьмітрыя Вінчэўскага
Час ішоў, мы падмёрзлі і вырашылі ехаць спачатку ў Гродна, а потым маім гасцям трэба было вяртацца ў Мінск. І тут нас чакаў трэці сюрпрыз, у які ўсё роўна ніхто не паверыць. На плоце акуратна агароджанага дачнага ўчастка, у некалькі дзесятках метраў ад фантанаў і качкі-каралінкі выразна было напісана дзе мы знаходзімся. Прыйшлося рабіць здымкі на памяць)
PS У панядзелак качкі-каралінкі на мінулым месцы ўжо не было. Але горную пліску (пасля працяглага чакання) ўбачыць яшчэ 7 мінскім бёрдуотчарам, якія прыехалі са сталіцы спецыяльна на яе, атрымалася.
Горная пліска. 18-01-2021. Здымак Дзьмітрыя Вінчэўскага
Дзьмітры Вінчэўскі для Птушкі штодня,
здымкі аўтара і Юрыя Шашэнькі
На гэтую тэму:
На Гарадзеншчыне адзначаны яшчэ адзін новы для Беларусі від птушак – шэры жаўрук!
Новы для Беларусі від птушак – бурая пячураўка – адзначаны на Гарадзеншчыне
У Беларусі адзначана нільская гусь - новы для краіны, але чужародны від птушак
У прыродзе Беларусі адзначаны яшчэ адзін (чужародны) від птушак
Смогут ли попугаи освоить природу Беларуси?
Сучасны стан арнітафауны Еўропы і змены ў ім за апошнія 25-30 гадоў
Спіс самых небяспечных для Еўропы відаў-інтрадуцэнтаў павялічаны на 12 відаў, сярод іх – нільская гусь
Паспяховыя інвазіі чужародных відаў птушак адбываюцца ў пэўных месцах
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ