Паспяховыя інвазіі чужародных відаў птушак адбываюцца ў пэўных месцах

Дзякуючы аналізу вялікай колькасці дадзеных наконт паспяховых і непаспяховых выпадкаў інтрадукцый чужародных відаў птушак, навукоўцы паказалі, што першыя адбываюцца там, дзе клімат блізкі ці падобны да родных ім мясцінаў і дзе іншыя віды-інтрадуцэнты ўжо змаглі паспяхова замацавацца.

Высновы важныя не толькі для лепшага разумення працэсу біялагічных інвазій відаў-інтрадуцэнтаў, але і для іх практычнага абмежавання ці барацьбы з будучымі інвазіямі.

Чалавечая актыўнасць моцна змяняе свет навокал. І чужародныя віды становяцца ўсё большай праблемай з-за негатыўнага ўздзеяння на прыродныя экасістэмы ці нават створаныя намі аграцэнозы, распаўсюджанню новых хваробаў ці нават наўпроставаму пашкоджанню інфрастуктуры. Паводле ацэнак навукоўцаў, менавіта віды-інтрадуцэнты “адказваюць” за прыкладна трэцюю частку зніклых відаў хрыбетных жывёл і каля 25% відаў раслін у гістарычны час (з 1500 г.).

"Мы ведаем, што чужародныя віды – галоўны чыннік многіх нядаўніх знікненняў як відаў раслін, так і жывёл. Таму зразумела, што ёсць вялікая неабходнасць ў лепшых мерах па абмежаванні і вынішчэнні інтрадуцэнтаў, у тым ліку і каб захаваць абарыгенныя віды, якім пагражае знікненне” – сказаў д-р Дэвід Рэддынг (Dr. David Redding), галоўны аўтар артыкула ў Nature, які працуе ў University College London (UCL).

"З узрастаннем маштабаў і павелічэннем геаграфіі святовага гандлю, многія віды перамяшчаюцца практычна па ўсяму свету з нашай дапамогай ці без яе. Гэта стварае больш магчымасцяў для чужародных відаў паспяхова замацавацца ў новым для іх асяроддзі”.

Міжнародная каманда навукоўцаў з UCL, ZSL, University of Utah, Koç University і University of Queensland выбрала птушак для агляду паспяховых выпадкаў інвазій інтрадуцэнтаў. Для гэтага былі прааналізаваныя 4.346 інвазіі 708 відаў птушак па ўсяму Свету, каб зразумець асноўныя фактары, якія дапамагаюць птушкам выжываць і замацоўвывацца ў новым для іх асяроддзі.

"Папярэднія публікацыі часта засяроджваліся на ўнікальных рысах птушак, колькасці выпушчаных асобін або апісывалі розныя ўласцівасці мясцовасцяў, дзе інтрадукцыі адбываліся каб растлумачыць іх поспех. Аднак зразумець як усе гэтыя фактары спрацоўваюць разам – нашмат больш складаная задача” – сказаў праф. Цім Блэкбарн (Prof. Tim Blackburn), сааўтар публікацыі, які працуе ва UCL і ZSL.

Аказалася, што чужародныя віды з найбольшай імавернасцю паспяхова заселяць канкрэтную мясцовасць, калі яна вельмі падобная да іх родных мясцін. Дадаткова, там не павінна адбывацца экстрэмальных з’яваў надвор’я (ураганаў, суворых і працяглых зімаў і дп), якія маглі б яўна перашкодзіць гэтаму. Наўрацці падобныя высновы можна назваць нечаканымі ці здзіўляючымі. Аднак найбольш цікавым з’яўляецца іншае – найбольш паспяховымі былі інвазіі чужародных відаў там, дзе ўжо паспяхова абаснаваліся іншыя віды-інтрадуцэнты, утвараючы так званыя `hot-spots`чужародных відаў.

Такім чынам, паспяховыя інтрадукцыі адных відаў могуць прывесці да пачатку працэсу інвазій іншых чужародных відаў, якія будзе вельмі цяжка або нават немагчыма прыпыніць.

З еўрапейскіх краін, Вялікабрытанія ачольвае сумны топ краін, дзе доля відаў-інтрадуцэнтаў найбольшая. Найбольш вядомыя і паспяховыя чужародныя віды птушак там гэта папугай Крамера з Афрыкі і Індастану, канадзкая казарка з Паўночнай Амерыкі, качка-мандарынка з Далёкага Усходу Азіі. Гэта таксама азначае, што Брытанскія астравы знаходзяцца пад вялікай пагрозай паспяховых інвазій іншых відаў-інтрадуцэнтаў.

 

Крыніцы:

David Redding et al.  Location-level processes drive the establishment of alien bird populations worldwide, Nature (2019). DOI: 10.1038/s41586-019-1292-2,

Tim M Blackburn et al. Alien versus native species as drivers of recent extinctions, Frontiers in Ecology and the Environment (2019). DOI: 10.1002/fee.2020

Wayne Dawson et al. Global hotspots and correlates of alien species richness across taxonomic groups, Nature Ecology & Evolution (2017).DOI: 10.1038/s41559-017-0186

 

Паводле www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак яго ж

На гэтую тэму:

“Жалезная заслона” хоць у нечым аказалася карыснай

СМОГУТ ЛИ ПОПУГАИ ОСВОИТЬ ПРИРОДУ БЕЛАРУСИ?

Еўракамісія нарэшце прыняла Спіс найбольш небяспечных інвазійных інтрадуцэнтаў

Спіс самых небяспечных для Еўропы відаў-інтрадуцэнтаў павялічаны на 12 відаў, сярод іхнільская гусь

Еўразвяз распачне барацьбу з інвазійнымі інтрадуцэнтамі

МСАП (IUCN) прапануе нарэшце скласці Чорны спіс інвазійных відаў

Папугай-інтрадуцэнт хутка павялічвае сваю колькасць у Еўропе

Праграма па вынішчэнні інтрадукаваных у Штатах лебедзяў-шыпуноў выклікала спрэчкі

Папугаі ў нямецкіх гарадзкіх “джунглях”