Новы для Беларусі від птушак – бурая пячураўка – адзначаны на Гарадзеншчыне

У апошнія дні на Гарадзеншчыне адбыліся дзве важныя арніталагічныя падзеі. І як гэта не дзіўна, яны аказаліся ўскосна звязаныя паміж сабой. І калі пра першы за апошнія некалькі гадоў доказ гнездавання ў нашай краіне сіпухі (Tyto alba) падрабязны наш расповед яшчэ наперадзе, то пра другую падзею – рэгістрацыю новага для Беларусі віда птушак – бурай пячураўкі (Phylloscopus fuscatus) - расказ ніжэй.

Калі ў пятніцу сябры-бёрдэры з Маларыты, Лагойска і Мінска звярнуліся да мяне з прапановай разам паглядзець на птушак навокал Гродна, ніхто з нас і не думаў, што ў выніку атрымаецца ўбачыць новы для краіны від птушак.

У суботу зранку йшоў дождж, але Дзяніс Кіцель праверыў прагноз і “паабяцаў”, што пасля абеду павінна распагодзіцца. Так і атрымалася. Але перш мы павінны былі вызначыцца – куды едзем? Пасля нядоўгага абмеркавання, вырашылі праверыць мае ўлюбёныя мясціны – даліну Нёмана і Свіслачы вакол і ў межах заказніка “Гродзенская Свіслач”. І не пашкадавалі, хаця планы паглядзець розныя віды гусей, казарак і лебедзяў і не выканалі цалкам. Таму што раптоўна з’явіўся іншы прыярытэт, які надоўга “затрымаў” нас ужо ў трэцяй кропцы нашага маршрута.

Пакуль ехалі, абмяркоўвалі апошнія навіны пра залёты рэдкіх відаў ў нашу краіну і да суседзяў. Усе пагадзіліся, што гэтая восень багатая на цікавосткі, асабліва з усходу, але магла б быць для нас і больш шчoдрай.

пойма

Даліна ручая паміж вв. Віцькі і Дарошавічамі, дзе адбылася рэгістрацыя новага для Беларусі віду птушак.

Па краю маляўнічай і глыбокай даліны безіменнага ручая, які ўпадае ў Нёман паміж вв.Віцькі і Дарошавічы (Гродзенскі раён) мы паспелі прайсці некалькі дзесяткаў метраў, калі Юры Шашэнька звярнуў нашу ўвагу на гучную і выразную пазыўку:

https://youtu.be/msQ8csf5OUI

Пазыўка была вельмі падобная да нейкай лескі, але нашы лескі павінны ўжо былі адляцець. Таму мы паспрабавалі ўбачыць птушку і праз некалькі хвілін аказалася, што гэта … пячураўка! Юра аказаўся падрыхтаваны і адразу сказаў, што сярод пячуравак такую пазыўку мае толькі адзін від – бурая.

Птушка харчавалася сярод шматлікіх кустоў і невысокіх дрэваў у даліне ручая пад намі, яўна трымалася ніжняга ярусу расліннасці і толькі зрэдку вылятала на секунду-дзве вышэй, на вяршаліны кустоў – магчыма, каб агледзецца. Гучная пазыўка то раздавалася, то змаўкала на нейкі час. Таму мы вырашылі запісаць гэты характэрны голас і, калі атрымаецца, абавязкова сфатаграфаваць птушку.

пойма

Месца, дзе пераважна кармілася бурая пячураўка.

Справа ў тым, што ўсе пячураўкі – вельмі невялікія птушачкі, на адлегласці выглядаюць падобна і звычайна розныя віды выразна адрозніваюцца па песне. Хаця “наша” пячураўка спяваць не хацела, яе пазыўка таксама аказалася дастаковай для вызначэння яе да віда. Аднак адна справа – вызначыць від, і нашмат цяжэйшая – сабраць у палявых умовах доказы для іншых, якія б і ім даказалі, што наша вызначэнне правільнае.

І калі запіс пазыўкі зрабіць атрымалася ўжо праз некалькі хвілін – птушка актыўна харчавалася і перамяшчалася ў даліне ручаіны ўздоўж аднаго берагу, фатаграфавацца “не хацела”. Дзяніс Кіцель, які гэтай зімой назіраў бурую пячураўку ў Віетнаме, сказаў, што мае яе здымкі адтуль. Таму ў нас нарадзілася жартаўлівая прапанова паказаць замест сённяшніх здымкаў, якія мы ўсё ніяк не маглі зрабіць, віетнамскія )

бёрдэр

Юры Шашэнька робіць фота-рэгістрацыю новага для Беларусі віду птушак.

Але прыкладна праз гадзіну птушка выляцела і стала даследаваць невысокія дрэвы амаль без лістоў на адным з намі узроўні. Тут і атрымалася зрабіць дакументацыйныя здымкі, якіх павінна быць дастаткова для доказаў правільнасці вызначэння: своеасаблівыя бровы і цалкам шэра-карычневая афарбоўка без жоўтага, параўнальна тонкая дзюба і не цёмныя ногі. Ну і запіс пазыўкі ў нас ужо быў.

птушка

Бурая пячураўка - новы для Беларусі від птушак, 24-10-2020, Гродзенскі раён. Здымак Дзьмітрыя Вінчэўскага

Дзякуючы паведамленню пра новы для краіны від, зроблены у Клуб200 АПБ (ён як раз быў створаны некалькі гадоў таму каб хутка распаўсюджваць інфармацыю пра назіранні ў Беларусі рэдкіх і новых відаў птушак і гэтым дапамагае іх назіранне іншым), бурую пячураўку, акрамя нашай каманды, паспелі паглядзець яшчэ два бёрдэры. Адзін з іх адмыслова для гэтага прыехаў з Гродна, а другі … з Мінска.

Сёння зранку пошукі пячураўкі на папярэднім месцы не далі станоўчага выніку. Птушка адляцела. Але куды – застаецца загадкай. І вось чаму.

Бурая пячураўка (бурая пеночка – рус.) насяляе Цэнтральную і Усходнюю Азію ад ракі Обь да Ахоцкага мора і паўднёвай часткі Кітая. Звычайна зімуе на поўдзень ад гнездавога арэалу ў Бангладэш і Індакітаі. Таму зразумела, што пячураўкі, якія ляцяць зімаваць туды, ніяк не могуць апынуцца ў Еўропе. Аднак падобныя, усё больш частыя рэгістрацыі сібірскіх і нават далёка-усходніх відаў вераб’іных птушак далёка на захад ад іх асноўных шляхоў міграцыі у апошнія некалькі гадоў дазваляюць выказаць пэўную здагадку. Што нейкая колькасць асобін такіх відаў усё ж зімуе не там, дзе гэта рабілі і працягвае рабіць большасць з іх, - г.зн. у Азіі. І гэтыя параўнальна новыя, яшчэ без шматлікіх птушак месцы зімоўкі знаходзяцца або ў Афрыцы, або/i на Іберыйскім паўвостраве у Еўропе. Зразумела, што гэта цяжка даказаць і у апошнія гады атрымалася толькі для пячураўкі-зарнічкі.

Таму ўсе падобныя рэгістрацыі вельмі цікавыя не толькі з пункту гледжання бёрдуотчараў, але і арнітолагаў. І калі ў выніку зімоўкі “не там, дзе раней” такія птушкі не гінуць часцей за тых, што зімуюць на ранейшых, азіяцкіх зімоўках, то натуральны адбор будзе таксама падтрымліваць паступовае павелічэнне колькасці такіх зімоўшчыкаў у новых для віда месцах.

У Польшчы, уключна з адзіным сёлетнім назіраннем у пачатку кастрычніка, усяго адбылося 22 рэгістрацыі бурай пячураўкі. Прычым да 2016 года іх было 12 і з іх толькі 1 адбылася па-за узбярэжжам Балтыйскага мора.

У Літве бурая пячураўка да 2013 года адзначана 5 разоў, прычым усе рэгістрацыі былі зробленыя пачынаючы з 1991 году і дзякуючы адлоўленым на арніталагічнай станцыі Вентас рагас птушкам. Пасля, за 4 гады адбыліся яшчэ 5 рэгістрацый, прычым усе птушкі таксама былі адлоўлены арнітолагамі на станцыі кальцавання і на Куршскай касе.

Калі Беларуская арніта-фауністычная камісія (БАФК), без рашэння якой назіранні новых і многіх рэдкіх для краіны відаў не маюць навуковай сілы, зацвердзіць гэтую рэгістрацыю бурай пячураўкі, від стане 335-м у Спісе птушак Беларусі. На сённяшні дзень у Спісе 332 віды + адкрытая ў 2018 годзе стрынатка-рэмез і ў 2019-м палярная чайка яшчэ не разглядаліся БАФК.

Падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі,

здымкі аўтара

На верхнім здымку наша каманда:

Вольга Лукшыц, Дзяніс Кіцель, Юры Шашэнька і Дзьмітры Вінчэўскі

 

Выкарыстаны дадзеныя з кніг:

Stawarczyk et all. (2017) "Rzadkie ptaki Polski"

Jusys et al. (2017) “NAUJI IR RETI PAUKŠČIAI LIETUVOJE

 

 

На гэтую тэму:

У МІНСКУ АДЗНАЧАНЫ НОВЫ ДЛЯ БЕЛАРУСІ ВІД ПТУШАК– ПАЛЯРНАЯ ЧАЙКА!

Пячураўкі-зарнічкі пачалі зімаваць у Еўропе!

Новы для Беларусі від птушак – пячураўка-зарнічка – адляцеў з уласным кальцом

Новы для Беларусі від птушак – стрынатка-рэмез – адлоўлены на поўначы краіны!

У Беларусі адзначана нільская гусь - новы для краіны, але чужародны від птушак