Пячураўкі-зарнічкі пачалі зімаваць у Еўропе!

Параўнальна рэзкае павелічэнне рэгістрацый пячураўкі-зарнічкі (Phylloscopus inornatus) пад час восеньскай міграцыі адзначаецца ў апошнія гады ў многіх краінах Еўропы. Упершыню для Беларусі від быў зарэгістраваны ў 2014 годзе і з таго часу адзначаецца амаль штогод і ў нас. Загадка куды і чаму ляцяць праз Еўропу гэтыя сібірскія пячураўкі, якія зімуюць у Паўднёва-Усходняй Азіі, доўгі час заставался неразгаданай. І вось цяпер аказалася, што зарнічкі паспяхова зімуюць і ў Заходняй Еўропе!

У другі дзень 2017 года адзін з брытанскіх арнітолагаў, Сайман Тонкін (Simon Tonkin), адзначыў пячураўку-зарнічку ў вёсцы El Pelayо (правінцыя Андалузія, Гішпанія). Птушка потым назіралася сярод коркавых дубоў прыкладна яшчэ паўтары месяцы і таму можа лічыцца зімуючай. На прыканцы восені таго ж году дзве пячураўкі-зарнічкі былі заўважаныя ў тым самым месцы. Хутчэй за ўсё менавіта адна з гэтых пячуравак была адлоўлена і закальцаваная 28.01.2018. Паводле агульна прынятай методыкі, кальцавальнік ацаніў яе запас тлушчу як 0 (па шкале ад 0 да 3), развіццё мускулатуры як 3 (па шкале ад 0 да 8 (Redfern & Clark 2001), - гэта сведчыла на карысць зімуючай птушкі, а не пралётнага мігранта. Але найбольш цікавай атрымалася сустрэча з зарнічкай у наступную восень у тым самым дубовым лесе: 04.11.2018 адзін з арнітолагаў сфатаграфаваў акальцаваную птушку, якая аказалася менавіта той, закальцаванай папярэдняй зімой у тым самым месцы ў Андалузіі!

Гэта стала першым назіраннем, якое пацвердзіла прывязанасць як мінімум аднаго прадстаўніка віда да таго ж месца зімоўкі ў Еўропе і стала пацверджаннем на карысць гіпотэзы, што від “распрацоўвае” новую стратэгію міграцыі і апошнія гады рэгулярна зімуе у Заходняй Палеарктыцы (Gilroy & Lees 2003; de Juana 2008; Alfrey 2017a,b). Гэтая гіпотэза хаця б часткова магла б растлумачыць значнае павелічэнне колькасці рэгістрацый віда штовосень у Брытаніі (гл. White & Kehoe 2018, Scarce Migrant reports), якія, у сваю чаргу, могуць быць звязаныя з новымі месцамі гнездавання ў барэальных лясах Сібіры. У апошнія гады таксама выказваецца агульнае меркаванне, што адзначаныя ў Еўропе зарнічкі – маладыя птушкі, якія шукаюць новыя шляхі міграцыі і зімоўкі.

Цікава, што яшчэ некалькі гадоў таму від лічыўся на Іберыйскім паўвостраве вельмі рэдкім залётным і паміж 1985 і 2011 гадамі было толькі 95 зацверджаных рэгістрацый для кантынентальнай часткі Гішпаніі, прычым амаль усе яны прыходзіліся на познюю восень-пачатак зімы (Juana & Garcia 2015). Тым не менш, пасля гэтага колькасць назіранняў значна павялічылася і зараз від рэгулярна назіраецца ў некаторых месцах Андалузіі. Важна падкрэсліць, што гэтае павелічэнне рэгістрацый не можа быць растлумачана павелічэннем актыўнасці і колькасці назіральнікаў і таксама адлюстроўвае падобны трэнд у многіх краінах Паўночна-Заходняй Еўропы. Розніца ў сярэдніх датах рэгістрацый віда ў Еўропе сведчыць пра тое, што толькі невялікая доля зарнічак ляціць праз Скандынавію і Вялікабрытанію на Іберыйскі паўвостраў. Аднак таксама існуе магчымасць, што птушкі, якія мігрыруюць на новыя месцы зімоўкі віда ў Іберыі і Паўночнай Афрыцы ляцяць праз кантынентальную Еўропу шырокім фронтам.

Параўнальна значная колькасць назіранняў пячуравак-зарнічак у розных краінах Еўропы ад Ірландыі і Вялікабрытаніі да Іберыі і Макаранезіі зімой 2018/19 дэманструе зімуючую мета-папуляцыю, якая ўключала як мінімум 50 птушак толькі для паўднёва-заходняй часткі Англіі на пачатак 2019 года! Неабходна атрымаць далейшыя пацверджанні ад акальцаваных птушак, якія паспяхова і паўторна зімуюць у Еўропе. І хаця дагэтуль параўнальна вялікая колькасць зарнічак ужо была акальцаваная і штовосень кальцуецца ў паўночна-заходняй Еўропе (на канец 2018 года па дадзеных ВТО больш 4 тысяч птушак акальцаваныя толькі ў Вялікабрытаніі), аднак доля паўторных назіранняў закальцаваных дробных вераб’іных вельмі нязначная (Robinson et al. 2011) і напрыклад для пячураўкі-будаўнічка (P. trochilus) складае толькі 0,001% пры гадавой смертнасці ў сярэднім у 69%.

Апублікавана ў Brit. Birds 112 686–687  

Паводле www.ingloriousbustards.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак Дзьмітрыя Якубовіча

 

 

На гэтую тэму:

Новы для Беларусі від птушак – пячураўка-зарнічка – адляцеў з уласным кальцом

Адрозненні ў генах пячуравак з розных папуляцый прымушаюць іх зімаваць у розных месцах

Больш частыя сустрэчы малых лебедзей у Беларусі – вынік утварэння новых месцаў зімоўкі?

Месцы зімовак малых лебедзяў з Ямала- нечаканыя вынікі