Адрозненні ў генах пячуравак з розных папуляцый прымушаюць іх зімаваць у розных месцах

пячураўка-будаўнічок

Генетычная праграма вызначае куды менавіта паляціць на зімоўку пячураўка-будаўнічок (Phylloscopus trochilus). Аднак гэтая праграма розная ў птушак з розных месцаў і залежыць ад таго, дзе гэтыя птушкі размнажаліся. Так, пячураўкі з паўднёвай Швецыі ляцяць на зімоўку ў Заходнюю Афрыку, тады як з Паўночнай Швецыі, Фінляндыі і краін Балтыі пячураўкі мігрыруюць у паўднёвую або Усходнюю Афрыку.

Згодна з новай работай шведзкіх навукоўцаў з універсітэту Лунда, адрозненні ў месцах зімоўкі хутчэй за ўсё забяспечваюцца адрозненнямі ў генах птушак.

Цалкам расшыфраваны геном пячуравак з розных частак арэалу быў амаль аднолькавы, акрамя двух месцаў, дзе знойдзены невялікія адрозненні ў больш, чым 200 генах.

"З гэтых 200 ці каля таго генаў ёсць некалькі, якія можна лічыць важнымі для фізіялагічных адаптацый, звязаных з міграцыяй. Дагэтуль дакладныя функцыі гэтых генаў застаюцца слаба вывучанымі альбо нават зусім невядомымі” – сказаў Макс Лундберг (Max Lundberg), адзін з даследчыкаў.

Навукоўцы і раней ведалі, што міграцыйныя паводзіны ў многіх відаў моцна залежаць ад іх геномаў. Інфармацыя, якая там утрымліваецца, вызначае кірунак міграцыі і яе “графік” – г зн. інфармацыю, калі і як далёка птушка ляціць на зімоўку. Міграцыя нават на сотні кіламетраў патрабуе не толькі выдатнай арыентацыі, але і адпаведных энергетычных запасаў у выглядзе тлушчу. Аднак дагэтуль вельмі мала вядома наконт адрозненняў паміж геномамі канкрэтных птушак з розных месцаў арэалу, якія і забяспечваюць адрозненні ў міграцыйных паводзінах і маршрутах.

"Нашы вынікі з’яўляюцца істотным дапаўненнем да разумення генетычных асноваў міграцыі і дапамогуць наступным даследчыкам глыбей разабрацца ў гэтым” – сказаў праф. Стэфан Бэншч (Staffan Bensch) з універсітэту Лунда.,

 

Крыніца:

Max Lundberg, Miriam Liedvogel, Keith Larson, Hanna Sigeman, Mats Grahn, Anthony Wright, Susanne Åkesson, Staffan Bensch (2017) Genetic differences between willow warbler migratory phenotypes are few and cluster in large haplotype blocks. Evolution Letters, 2017; DOI: 10.1002/evl3.15

Паводле www.rarebirdalert.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак - Andrzej Smolinski

 

 

На гэтую тэму:

Знойдзены “ген міграцыі” птушак?

За эпічныя міграцыі вераб’іных птушак адказвае невялікі кластэр генаў

Метабалізм птушак і звяроў рэгулюецца па-рознаму

Адкрыта самая працяглая міграцыя сярод вераб’іных птушак

Мышцы пералётных птушак – мара для культурыстаў

Дадатковае зімовае харчаванне змяніла месцы зімоўкі лесак-чарнагаловак