Навукоўцы з універсітэту Брытанскай Калумбіі (Канада) паказалі, што ў шляхоў міграцыі вераб’іных птушак ёсць генетычная база і што яна знаходзіцца ў параўнальна невялікім кластэры генаў, якія і кіруюць міграцыйнымі паводзінамі.
"Неверагодна, што шляхі пералётаў і іх час як складаныя паводзіны могуць быць генетычна вызначаныя і звязаныя з вельмі невялікай часткай геному” – сказала Кіра Дэлмоўр (Kira Delmore), галоўная аўтарка публікацыі ў часопісе Current Biology.
"Што яшчэ больш незвычайна, гэта тое, што адрозненні ў гэтых паводзінах могуць дапамагаць падтрымліваць вялікую разнастайнасць птушак, якую мы бачым у прыродзе”.
Сезонныя міграцыі на вялікія адлегласці - адзін з найбольш цікавых фенаменаў жывёльнага свету, пад час якіх пераадольваюцца тысячы кіламетраў і ўдзельнічаюць у гэтым мільярды жывёл. Некаторыя дробныя вераб’іныя здольныя пад час пералётаў праляцець нават да 15 тысяч км у адзін бок, прычым могуць ляцець на тыя самыя месцы зімоўкі штогод паасобку ад іншых птушак – г.зн. самастойна.
Пад час даследавання Дэлмоўр з калегамі выкарыстоўвала геалакатары, каб атрымаць дадзеныя аб трасах пералётаў вераб’іных птушак, а таксама апошнія тэхналогіі секвеніравання, каб зазірнуць у іх геномы. У якасці падоследных выступілі Свенсанавы дразды (Catharus ustulatus) з розных папуляцый Брытанскай Калумбіі.
Хаця розныя групы драздоў генетычна падобныя, яны абіраюць розныя трасы палёту на зімоўку і добра адрозніваюцца асаблівасцямі афарбоўкі. Прыбярэжная папуляцыя ляціць на поўдзень на заходняе ўзбярэжжа Мексікі і Цэнтральнай Амерыкі, тады як дразды з кантынентальнай папуляцыі ляцяць на паўднёвы ўсход праз ЗША у Паўднёвую Амерыку. Птушкі з абедзвух папуляцый “змешваліся”, скрыжоўваючыся у гарах на паўночны ўсход ад Ванкувера і таксама былі заўважныя дзякуючы іншай афарбоўцы такіх птушак.
Папярэдняя праца гэтай жа каманды паказала, што птушкі са “змешанай папуляцыі” выбіраюць для пералётаў на зімоўку шлях, які ляжыць прыкладна пасярэдзіне паміж двума з іх “бацькоўскіх папуляцый”.
Пры параўнанні адрозненняў у генатыпах птушак з двух папуляцый і іх “гібрыдаў” атрымалася знайсці кластэр з прыкладна 60 генаў у адной з храмасом, які і вызначаў адрозненні ў трасах пралёту пад час міграцыі. Тут жа знаходзяцца гены, якія адказваюць за біярытмы, працу нярвовай сістэмы і сыгнальнай сістэмы клетак. Таксама аказалася, што “гены міграцыі” знаходзяцца ў той частцы геному, якая абмяжоўвае рух генаў паміж рознымі папуляцыямі драздоў.
"Невялікая колькасць публікацый ужо звязвала гены з гэтай вобласці геному як адказныя за міграцыйныя паводзіны ў арганізмаў з такіх розных груп жывёл, як матылі, рыбы і некаторыя віды птушак” – сказаў Даррэн Ірвін (Darren Irwin), адзін з аўтараў работы. "Нашы вынікі пацверджваюць гэта і паказваюць, што змены ў гэтым кластэры адказваюць за розныя маршруты міграцыі нават у прадстаўнікоў таго ж віду і дзякуючы гэтаму дапамагаюць дывергенцыі - утварэнню двух відаў з аднаго”.
Цяпер арнітолагі з універсітэту Брытанскай Калумбіі працягваюць падобныя даследаванні на папуляцыях іншых відаў птушак разам з калегамі з Інстытуту эвалюцыйнай біялогіі Макса Планка (Германія).
Крыніца:
KE Delmore, DPL Toews, RR Germain, GL Owens…2016 The Genetics of Seasonal Migration and Plumage Color Current Biology, DOI: http://dx.doi.org/10.1016/j.cub.2016.06.015
Паводле www.Phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак з www.hawkridgeblog.blogspot.com
На гэтую тэму:
Знойдзены “ген міграцыі” птушак?
Трансакеанічныя пералёты пацверджаны яшчэ для аднаго віду вераб’іных
Адкрыта самая працяглая міграцыя сярод вераб’іных птушак
Арнітолаг атрымаў 2,5 мільёны эўра прэміі для працягу вывучэння міграцый
Даказана: ў баталёнаў морфа самца вызначаецца генетычна
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ