Адкрыта самая працяглая міграцыя сярод вераб’іных птушак

Тэхнічныя прыстасаванні пацвердзілі яшчэ адну эпічную міграцыю – на гэты раз невялікай верабінай птушкі – палявой падкаменкі (Oenanthe oenanthe).

Птушка, якая важыць усяго каля 25 грам, вандруе з субсахарскай Афрыкі на месцы гнездавання ў Арктыку і назад на зімоўку па 30 тысяч км штогод!
"Адносна памераў цела гэта фактычна сусветны рэкорд для мігруючых птушак” – паведаміла міжнародная каманда навукоўцаў з Канады, Германіі і Вялікабрытаніі, артыкул якіх пра незвычайнае даследаванне з’явіўся ў часопісе Royal Society journal Biology Letters.
"Уявіце сабе птушку памерам трошкі большую за вераб’я, якая гадуе птушанят у арктычнай тундры, а праз тры месяцы шукае корм у афрыканскай саване на працягу ўсёй зімы” – сказаў адзін з даследчыкаў, праф. Райэн Норрыс (Prof Ryan Norris) з універсітэту Guelph у Антарыо (Канада).
Палявая падкаменка – вельмі цікавы від вераб’іных, які здолеў заняць вельмі шырокі гнездавы арэал, адзін з найбольшых для пеўчых птушак: ад Арктыкі ўсходняй Канады праз Грэнландыю і поўнач Еўразіі да Аляскі. Да атрымання пацверджаных сучаснай тэхнікай дадзеных, апублікаваных у гэтай працы, не было вядома дзе дакладна амерыканскія птушкі зімуюць.
Гейко Шмальёган (Heiko Schmaljohann), з Institute of Avian Research у Wilhelmshaven (Германія), яшчэ адзін сааўтар працы, разам з калегамі змог злапаць на Алясцы і ў Канадзе 46 гняздуючых там падкаменак, якія атрымалі па невялікаму дэвайсу кожная. 
"Кожны з дэвайсаў – трэкер, або data logger– важыць 1,4 г, разам з петлямі, якія мацуюць прыстасаванне вакол ног птушкі” – растлумачыў Шмальёган.
Яны запісваюць месцазнаходжанне птушкі двойчы на дзень на працягу 90 дзён. Чатырох птушак з дата-лоджэрамі атрымалася адлавіць у наступным годзе на месцах гнездавання і атрымаць дадзеныя пра іх падарожжа на месца зімоўкі. Атрымалася, што птушкі ляцелі ў паўночныя раёны субсахарскай Афрыкі! 
Падкаменкі з Аляскі праляцелі амаль 15 тысяч км у кожны бок – на месцы зімоўкі і назад: праз Сібір і Аравійскія пустыні, пераадольваючы штодзень у сярэднім 290 км.
"Гэта самая працяглая міграцыя для пеўчых птушак, пра якую мы ведаем” – сказаў д-р Шмальёган. І хаця канадзкія падкаменкі не ляцяць так далёка – “ўсяго” 3,5 тысячы км – яны пералятаюць паўночную частку Атлантычнага акіяну. "А гэта вельмі сур’ёзнае выпрабаванне для такой невялікай птушкі” – сказаў д-р Шмальёган. І дадаў: “Атрымліваецца, што мы вельмі недааценьвалі магчымасці палёту птушак пад час міграцый. І адлегласці, якія яны могуць пераадолець, абмяжоўваюцца толькі памерамі нашай планеты”.


Палявая падкаменка – звычайная гняздуючая і пералётная птушка ў Беларусі, адпаведна назве для гнездавання займае або месцы з натуральнымі россыпамі камянёў, патрэсканымі валунамі, або старыя муры і новабудоўлі чалавека. Часам – на новай раллі пасля высечкі дрэваў і тарфяніках.


Крыніца:
Franz Bairlein, D. Ryan Norris, Rolf Nagel, Marc Bulte, Christian C. Voigt, James W. Fox, David J. T. Hussell and Heiko Schmaljohann. Cross-hemisphere migration of a 25 g songbird. Published online before print February 15, 2012, doi: 10.1098/rsbl.2011.1223 Biol. Lett.

Паводле  www.bbc.co.uk (тэкст і здымак)  падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by
Маладая акальцаваная падкаменка на востраве Эланд (Швецыя). Здымак Дзьмітрыя Вінчэўскага

На гэтую тэму:
Мышцы пералётных птушак – мара для культурыстаў

Новыя віды і падвіды прапанаваныя ў падкаменак

Ці ўсе вераб’іныя пралятаюць Сахару найкарацейшым шляхам?

Новыя рэкорды куліка-каменешаркі

Доўгая дарога дадому

Эпічныя міграцыі палярных крычак пацверджаны сучаснымі тэхналогіямі

Незвычайныя птушыныя падарожжы

Знойдзены “ген міграцыі” птушак?

Адкрыты самы доўгі міграцыйны шлях насякомых, які звязаны з міграцыяй птушак

Вялікі арлец дасылае з падарожжа... СМС-кі!

Высокія тэхналогіі дапамогуць захаваць птушак