Цудоўны дзень атрымаўся на станцыі кальцавання птушак “Сасновы бор”, што знаходзіцца ў аднайменнай вёсцы на самай поўначы Расонскага раёну і Беларусі. Сёння, 27 верасня, там адлавілі і закальцавалі новы для Беларусі від – таўстадзюбую пячураўку (Phylloscopus szwarzi) і другую для нашай краіны сіняхвостку (Tarsiger cyanurus)!
Падрабязнасці для нашага сайту расказвае Дзяніс Кіцель, арнітолаг, кіраўнік станцыі кальцавання птушак “Сасновы бор”:
“Два дні таму ў адной з груп бёрдэраў на ФБ з’явілася паведамленне пра назіранне таўстадзюбай пячураўкі ў Маскве. І я падумаў, што від сібірскі і калі так далёка на захад заляцела адна птушка, магчыма што цяпер /у гэтым кірунку/ ляцяць і іншыя. На адной з двух нашых калонак я паставіў яе голас і вось пасля двух раніц і дзён прайгравання яна і злавілася!
Адбылося гэта паміж 1й і 2й гадзінамі дня. А на голас сіняхвосткі з другой калонкі трапіла ў сетку другая /для нашай краіны/ сіняхвостка. Саша Собалеў дастаў яе з сеткі ў час першай праверкі, у 6.30. І з ранку ўвогуле было шмат птушак, каля 200 i розных відаў. А пячураўка днём вісела ў сетцы разам з толькі 4 іншымі птушкамі” – сказаў Дзяніс.
Здымак Аляксандра Собалева
-Дзяніс, мала хто ведае, наколькі цяжкая і адказная праца – кальцаванне птушак на станцыі. Раскажы, калі ласка, пра ваш распарадак дня.
“Распарадак такі, што сеткі мы пастаянна правяраем з 6.30 раніцы ўвесь светлы час сутак і апошні раз ужо ў змроку. А сетак ставім агульнай даўжынёй 330 метраў. Пасля гэтага ставім яшчэ две савіных, у якія ловім соваў звычайна да 1й гадзіны ночы. Зараз дапамагаюць тры валанцёры і сёння прыехалі яшчэ трое. Але на новы від яны ўжо не паспелі” – сказаў Дзяніс.
-Калі помніш, у мінулы раз ты сказаў, што яшчэ не было на станцыі кальцавання году, каб вы злавілі два новыя віды птушак для краіны. І вось упершыню гэта атрымалася. Цяпер варта ставіць новую мэту – тры новыя віды за год.
“Я быў задаволены і з адной сіняхвосткі, але вось і гэтая пячураўка злавілася)” – смяецца Дзяніс.
“30 верасня я планую заканчваць гэты сезон кальцавання. Магчыма, што калегі (Наталья Карліонава) яго яшчэ ненадоўга на станцыі працягнуць” – дадае ён. Таму застаецца невялікая імавернасць, што яны могуць злавіць і яшчэ нешта новае.
І пра планы на больш-менш бліжэйшую будучыню:
“Гэта мой 8-ы новы від для Беларусі. Наступныя два новыя для краіны віды, якія я хацеў бы адзначыць, гэта індыйская чаротаўка і заходні салавей. Але іх трэба хутчэй шукаць на поўдні, а не на поўначы”
Віншуем усіх кальцавальнікаў са станцыі кальцавання птушак “Сасновы бор” з цудоўным днём і жадаем чаканых і нечаканых знаходак.
Таўстадзюбая пячураўка гняздуе ў лясах Паўднёвай Сібіры, Манчжурыі і ў паўночнай частцы Карэйскага паўвострава, зімуюць жа птушкі ў Індакітаi. Як і некаторыя іншыя вераб’іныя з Азіі, адзначаныя на восеньскім пралёце ў Еўропе, дзе яны не павінны быць паводле нашых уяўленняў і ведаў пра маршруты іх міграцыі і асноўныя месцы зімоўкі, такія птушкі лічацца або выпадкова залётнымі, або тымі, якія памылілі кірунак міграцыі на амаль супрацьлеглы, або тымі асобінамі, якія павінны зімаваць недзе ў Еўропе – што ўжо атрымалася даказаць для пячураўкі-зарнічкі.
У Польшчы з 1976 г., калі таўстадзюбая пячураўка была адзначаная ў першы раз, яе рэгістравалі ўсяго 8 разоў (дзве апошнія сустрэчы з відам адбыліся ў 2016 г.), прычым толькі 2 разы ў глыбіні краіны па-за узбярэжжам Балтыкі. Усе пячураўкі былі адзначаныя з канца верасня па канец кастрычніка.
У Літве вядомая толькі адзіная рэгістрацыя віда, якая адбылася на станцыі кальцавання “Вентас рагас” 01-06-1997 г.
Гэта ўжо трэці новы від птушак для Беларусі сёлета. Першым стаў арлан-даўгахвост, які быў адзначаны пад Мінскам на прыканцы лета; другім – сіняхвостка, адлоўленая і закальцаваная на той жа станцыі кальцавання “Сасновы бор” амаль два тыдні таму. Калі Беларуская арніта-фауністычная камісія (БАФК), без рашэння якой назіранні новых і многіх рэдкіх для краіны відаў не маюць навуковай сілы, зацвердзіць гэтую рэгістрацыю таўстадзюбай пячураўкі, від стане 340-м у Спісе птушак Беларусі.
Падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Выкарыстаны дадзеныя з кніг:
Stawarczyk et al. (2017) "Rzadkie ptaki Polski"
Jusys et al. (2017) “NAUJI IR RETI PAUKŠČIAI LIETUVOJE”
Верхні і ніжні здымкі Максіма Косціна
На гэтую тэму:
СІНЯХВОСТКА – ДОЎГАЧАКАНЫ НОВЫ ВІД ПТУШАК, АДЗНАЧАНЫ ДЛЯ БЕЛАРУСІ
НОВЫ ДЛЯ БЕЛАРУСІ ВІД ПТУШАК, АРЛАН-ДАЎГАХВОСТ, АДЗНАЧАНЫ ПАД МІНСКАМ!
Новы для Беларусі від птушак – стрынатка-рэмез – адлоўлены на поўначы краіны!
Пячураўкі-зарнічкі пачалі зімаваць у Еўропе!
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ