Апошнія два гады сталі рэкорднымі па колькасці адзначаных тэрытарыяльных самцоў сіняхвостак (Tarsiger cyanurus) у Фінляндыі – самай заходняй частцы арэалу віда і найбліжэйшай да Беларусі. Таму лагічным уяўлялася магчымасць таго, што від нарэшце будзе адзначаны і ў нашай краіне. І вось прыемная сенсацыя! Маладую птушку гэтага году 14 верасня адлавіў і закальцаваў Дзяніс Кіцель з камандай валанцёраў на самай поўначы Беларусі, на станцыі кальцавання птушак “Сасновы бор”.
Сіняхвостка - таёжны від і распаўсюджана даволі шырока ад усходу Фінляндыі, праз усю Сібір да Камчаткі, Паўночнай Японіі і паўночнага ўсходу Кітая. Птушкі зімуюць у Паўднёвым Кітае, Японіі і ў Паўднёва-Усходняй Азіі, аднак сіняхвосткі з Еўропы хутчэй за ўсё могуць зімаваць не там. Пра гэта сведчыць усё большая колькасць асобін, якіх адзначаюць або ловяць для кальцавання пераважна пад час восеньскай міграцыі ў краінах Цэнтральнай і Заходняй Еўропы, што супрацьрэчыць міграцыі віду на ўсход ад месцаў генздавання. І менавіта кальцаванне птушак, якія трапляюцца на захад ад Фінляндыі, можа дапамагчы разгадаць загадку месцаў зімоўкі такіх сіняхвостак.
“Для таго, каб атрымалася злавіць новы для краіны від, я сёння ўстаў у 3.30 раніцы і ў 6.30, пад час першага абыходу расстаўленых намі сетак, я і дастаў з адной з іх сіняхвостку. Мае сябры,арнітолагі з Фінляндыі даслалі голас, на які сіняхвосткі добра рэагуюць. Мінулай восенню я больш за 20 дзён ставіў гэты запіс, але тады нічога не атрымалася. А зараз з 5 верасня мы ставім яго кожную ноч, і праз 10 дзён атрымалася злавіць і акальцаваць гэты від".
"Цікава, што Павел Пінчук /кіраўнік станцыі кальцавання птушак у Тураве/, летам падарыў мне магніцік з сіняхвосткай на лядоўню і наказаў лавіць яе на нашай станцыі. Магніцік я з задавальненнем узяў, але і прыйшлося выконваць наказ сябра” - смяецца Дзяніс.
Калі Беларуская арніта-фауністычная камісія (БАФК), без рашэння якой назіранні новых і многіх рэдкіх для краіны відаў не маюць навуковай сілы, зацвердзіць гэтую рэгістрацыю сіняхвосткі, від стане 339-м у Спісе птушак Беларусі.
Станцыя кальцавання птушак “Сасновы бор” размяшчаецца ў аднаймённай вёсцы на поўначы Расонскага раёна, што на Віцебшчыне. Працаўнікі станцыі і яе госці, валанцёры, размяшчаюцца ў будынках Дзьмітрыя Шамовіча, арнітолага і гаспадара сядзібы “Заимка Лешего”. Восеньскі сезон адлову птушак працягваўся амаль усю другую палову жніўня і за гэты час атрымалася закальцаваць больш 1 тысячы птушак 51 віда. Пасля перапынку, 5 верасня, адлоў птушак працягваецца і гэта першы новы від для нашай краіны, які змагла ўбачыць каманда кальцавальнікаў і валанцёраў. “У нас яшчэ не было так, каб атрымалася злавіць больш аднаго новага віда для краіны на працягу года” – працягвае Дзяніс. Але трэба ж некалі пачынаць і сезон пралёта паўночных відаў толькі распачаўся!
Раней на станцыі кальцавання “Сасновы бор” былі адлоўлены і закальцаваныя першыя для Беларусі пячураўка-зарнічка (у 2014) і стрынатка-крошка (у 2017).
У Літве сіняхвосткі адзначаныя 6 разоў, першая рэгістрацыя адбылася ў 2008 годзе, апошняя – у 2016-м. Усе птушкі сустрэтыя ўвосень, з пачатку да канца кастрычніка і большасць з іх – на балтыйскім узбярэжжы краіны.
У Польшчы з першай рэгістрацыі віда, якая адбылася ў 1995 г. і да 2016 г. сіняхвосткі былі зарэгістраваныя толькі 7 разоў, 5 птушак адзначаныя на марскім узбярэжжы і 2 – у глыбіні краіны. За наступныя 5 гадоў від быў адзначаны яшчэ 12 разоў, прычым у 3 выпадках птушкі былі адлоўленыя і закальцаваныя літаральна ў нашай заходняй мяжы на беразе вадасховішча Семянувка (1 у 2008 і 2 ў 2020-м годзе). Апошняя, 20-я рэгістрацыя віда ў Польшчы адбылася ў красавіку гэтага году.
Усе восеньскія рэгістрацыі віда ў Літве і Польшчы былі зроблены з канца верасня і да пачатку лістапада. Таму застаецца параўнальна вялікая імавернасць таго, што гэта не апошняя сёлета сіняхвостка для нашай краіны. А вялікая колькасць закальцаваных у гэтым сезоне фінскімі кальцавальнікамі птушанят застаўляе магчымасць злавіць і акальцаваную фінамі сіняхвостку.
Падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Выкарыстаны дадзеныя з кніг:
Stawarczyk et al. (2017) "Rzadkie ptaki Polski"
Jusys et al. (2017) “NAUJI IR RETI PAUKŠČIAI LIETUVOJE”
Здымкі Аляксандра Собалева і Дзяніса Кіцеля
На гэтую тэму:
РЭКОРДНЫ ГНЕЗДАВЫ СЕЗОН У СІНЯХВОСТАК З ФІНЛЯНДЫІ – ЧАКАЙМА НОВЫ ВІД ДЛЯ БЕЛАРУСІ?
НОВЫ ДЛЯ БЕЛАРУСІ ВІД ПТУШАК, АРЛАН-ДАЎГАХВОСТ, АДЗНАЧАНЫ ПАД МІНСКАМ!
Новы для Беларусі від птушак – стрынатка-рэмез – адлоўлены на поўначы краіны!
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ