Рэкордны гнездавы сезон у сіняхвостак з Фінляндыі – чакайма новы від для Беларусі?

Хаця папярэдні год стаў рэкордным для адзначаных у Фінляндыі тэрытарыяльных самцоў сіняхвосткі (Tarsiger cyanurus), гэты гнездавы сезон стаў яшчэ лепшым для віда! Мінімум 1.230 спяваючых самцоў налічылі на ўсходзе і паўночным усходзе краіны, тады як у 2020-м іх было адзначана 730, што ў 1,7 разоў менш.

Сіняхвосткі распаўсюджаны ад усходу Фінляндыі, праз усю Сібір да Камчаткі, Паўночнай Японіі і паўночнага ўсходу Кітая. Лічыцца, што птушкі зімуюць у Паўднёвым Кітае, Японіі і ў Паўднёва-Усходняй Азіі, аднак сіняхвосткі з Еўропы хутчэй за ўсё могуць зімаваць не там. Пра гэта сведчыць усё большая колькасць асобін віду, якіх адзначаюць або ловяць для кальцавання пераважна пад час восеньскай міграцыі ў  краінах  Цэнтральнай і Заходняй Еўропы. 

Так, напрыклад, калі да 2016 г. у Польшчы сіняхвосткі былі зарэгістраваныя толькі 7 разоў, за наступныя 5 гадоў від быў адзначаны яшчэ 12 разоў (прычым у некаторых выпадках зусім побач з заходняй мяжой Беларусі!), і ў красавіку гэтага году адбылася 20-я рэгістрацыя. У Літве было зроблена 6 рэгістрацый з першай, у 2008 годзе. Звычайна сіняхвостак адзначаюць увосень у суседніх краінах з канца верасня і да пачатку лістапада. У Беларусі від яшчэ не адзначаны, але гэтая восень мае вялікі шанец стаць першай з сіняхвосткай.

Акрамя гэтага, фінскія бёрдэры паведамляюць пра добры гнездавы сезон для стрынаткі-рэмеза (Emberiza rustica), якая, на жаль, агулам змяншае сваю колькасць у апошнія дзесяцігоддзі на заходніх межах свайго арэалу. У апошнія тыдні шмат стрынатак адзначаецца і кальцуецца ў розных месцах Фінляндыі, што магло б сведчыць пра  найлепшы гнездавы сезон з пачатку гэтага стагоддзя. Нагадаем, што стрынатка-рэмез упершыню зарэгістраваная ў Беларусі ў 2018 годзе і з таго часу адзначана 5 разоў.

Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Выкарыстаны дадзеныя з кніг:

Stawarczyk et al. (2017) "Rzadkie ptaki Polski"

Jusys et al. (2017) NAUJI IR RETI PAUKŠČIAI LIETUVOJE

 Здымак з www.fareastru.birds.watch

 

 

На гэтую тэму:

Новы для Беларусі від птушак – стрынатка-рэмез – адлоўлены на поўначы краіны!

НОВЫ ДЛЯ БЕЛАРУСІ ВІД ПТУШАК, АРЛАН-ДАЎГАХВОСТ, АДЗНАЧАНЫ ПАД МІНСКАМ!

В СПИСКЕ ПТИЦ БЕЛАРУСИ ТЕПЕРЬ 337 ВИДОВ: ПРОТОКОЛ ЗАСЕДАНИЯ БОФК ОТ 11.03.2021 И ОБНОВЛЕННЫЙ СПИСОК ПТИЦ БОФК