Арол-шуляк: адкладзеная сенсацыя пра залёт новага для Беларусі віда птушак

арол-шуляк

Беларусаў ужо не здзівіш тым, што новыя для краіны віды птушак могуць дадавацца ў спіс ‘нашых’ пасля рэгістрацыі над нашай тэрыторыяй птушкі са спадарожнікавым перадатчыкам. Гэтай вясной дзякуючы сучасным тэхналогіям і своечасовай перадачы польскімі калегамі дадзеных пра месцазнаходжанне птушкі ў Гомелі, многія з нас змаглі ‘на свае вочы’ убачыць там дэлавэрскую чайку - новы для краіны від. Аднак даставерна пацвердзіць таксама вясновы залёт у Беларусь яшчэ аднага новага для нас віду - арла-шуляка (Hieraetus fasciatus/Aquila fasciata) толькі дзякуючы дадзеным з перадатчыка, не атрымлівалася.

птушка

Маладая самка арла-шуляка '26' у красавіку 2022 году ў Германіі, раней адзначаная дзякуючы спадарожнікаваму перадатчыку ў Беларусі. Здымкі з акаўнта ў ФБ Friedemann Arndt

Праблема была ў тым, што інфармацыі ад калег з Даніі, перададзенай мне праз сябра-арнітолага з Літвы, а потым пацверджанай калегамі з Польшчы нельга было не давяраць, але яна была ўскоснай. Пацверджання ад французаў, дзякуючы праекту якіх па захаванні віда на поўдні краіны адзін з маладых арлоў атрымаў перадатчык і між іншага заляцеў і да нас, не было. Арнітолагі, якія вялі частку праекту па тэлеметрыі віда, проста не адказвалі на нашы запыты па электроннай пошце. Спробы напісаць ім ад нашага імя ў іншых калег з розных краін таксама скончыліся няўдачай. Мінаў час, адбываліся іншыя падзеі і пра гэты залёт паступова забылася.

мапа

Мапа з каардынатамі © Cécile Ponchon, CEN PACA

Ажно пасля больш, чым васьмімесячнага перапынку, справа нечакана зрушыла з месца і я атрымаў мапы французскага праекту з датай (30-03-2022) і з канкрэтнай кропкай начоўкі арла-шуляка ў Смаргонскім раёне Гродзенскай вобласці! Такім чынам, маладая самка пад нумарам ‘26’, якая нарадзілася на поўдні Францыі ў 2019 годзе, правяла ў нас два дні: 29 і 30 сакавіка і калі Беларуская арніта-фауністычная камісія зацвердзіць гэтую рэгістрацыю віда, арол-шуляк стане 342-м відам для нашай краіны за ўвесь час навуковых назіранняў на тэрыторыі Беларусі.

мапа

Мапа з каардынатамі © Cécile Ponchon, CEN PACA

Арол-шуляк (ястребиный орёл – рус.) – параўнальна звычайны і шырока распаўсюджаны від з разарваным арэалам і гняздуе пераважна ў невысокіх гарах у паўднёва-заходняй і паўночнай частках Афрыкі, у Еўропе на Пірынейскім паўвостраве і ў некаторых краінах Міжземнамор’я, у Паўднёва-Усходняй Азіі і ад Аравійскага паўвострава да Афганістана, Пакістана і Індыі, а таксама ад Індакітая да паўднёвай часткі Кітаю і на Зондзкім архіпелагу. Гняздо, якое можа займацца шмат гадоў, звычайна размяшчае на скалах, радзей на дрэвах і вельмі рэдка – на пабудовах чалавека. Звычайна ў гняздзе 1-2, вельмі рэдка птушкі адкладваюць 3 яйкі.

мапа

Французскі праект па ахове і аднаўленні папуляцыі арла-шуляка

Кальцаванне і тэлеметрыя

Масавае кальцаванне птушанят арла-шуляка пачалося ў Францыі ў 1990-м годзе адначасова з пачаткам шматгадовага і маштабнага праекту па ахове і аднаўленню віда ў гэтай краіне. І з таго часу прыкладна 95% усіх злёткаў вылятаюць з тамтэйшых гнёздаў з кальцом на лапе. У 2017-м годзе стартавала забеспячэнне максімальна магчымай колькасці злёткаў спадарожнікавымі перадатчыкамі, яго мэтай было і застаецца магчымасць лепш зразумець характар дысперсіі (разлёту) маладых птушак пасля вылету з гнязда і ў першыя гады іх жыцця, а таксама вызначыць прычыны іх высокай смяротнасці.

мапа

У 2019 годзе GPS перадатчыкі атрымалі 18 злёткаў, большасць з якіх здзяйсняла пералёты ў межах ужо вядомага гнездавога арэалу віду ў Паўднёвай Францыі і Гішпаніі. Аднак некаторыя птушкі прадпрынялі нашмат далейшыя падарожжы на паўднёвы захад (у Алжыр праз Марока) і на паўночны ўсход – праз Германію і Нідэрланды ў Данію. А гэтай вясной маладая самка ‘адведзіла’ пасля Германіі Чэхію, Польшчу, Беларусь і Латвію, дзе павярнула на захад і вярнулася праз Літву, Польшчу і Германію ў Францыю:

мапа

Дынаміка колькасці французскай папуляцыі

На працягу толькі паловы мінулага стагоддзя колькасць гняздуючых арлоў-шулякоў у Францыі скарацілася прыкладна на 60%. Так, яна ацэньвалася ў прыкладна 80 пар у 1960 годзе, а ў 2002-м быў адзначаны мінімум у 22 пары. З таго часу колькасць паступова арлоў павялічваецца, і ў 2014- м у краіне гнездавалі ўжо 35 пар, у 2020-м 41 пара, 42 пары ў 2021-м годзе і 44 пары ў 2022-м:

дыяграма

З-за рэзкага падзення колькасці віда ў другой палове мінулага стагоддзя, навукоўцы лічаць вельмі важным захаваць без значных зменаў у ландшафце не толькі занятыя відам гнездавыя тэрыторыі, але і тыя, пра якія вядома, што птушкі займалі іх яшчэ прыкладна паўстагодззя ці больш часу таму. Аказалася, што менавіта гэтыя ўчасткі рэкаланізуюцца арламі і займаюцца для гнездавання найперш па меры паступовага павелічэння памераў мясцовай папуляцыі. Так, ад 75 да 90% новых пар за апошняе дзесяцігоддзе занялі гэтыя ‘пустыя’ тэрыторыі, якія займаліся відам значна раней у мінулым.

мапа

Найбольш інтэнсіўна дарослыя гняздуючыя птушкі выкарыстоўваюць для палявання тэрыторыі з прыкладным радыюсам ў 6 км вакол гнязда, аднак сярэдняя плошча гнездавой тэрыторыі па дадзеных тэлеметрыі арлоў з Гішпаніі і нязначнай колькасці птушак з Францыі нашмат большая – нават да 120 кв км.

Прадуктыўнасць і выжывальнасць птушак

У апошнія дзесяцігоддзі з французскай папуляцыяй адбылася не толькі стабілізацыя колькасці гняздуючых пар, але і паступовы рост іх колькасці. Стабільная прадуктыўнасць арлоў-шулякоў у Францыі не змяняецца прыкладна апошнія 25 гадоў і вельмі падобная да паказчыкаў іншых папуляцый віда, якія знаходзяцца ў добрым стане – а менавіта ў Арэгоне і Каталоніі ў Гішпаніі. Аднак на яе вельмі адмоўна можа ўздзейнічаць турбаванне гняздуючых пар чалавекам.

дыяграмы

Арол-шуляк – доўгажывучы від птушак, вядомыя выпадкі, калі асобныя арлы дажывалі ў прыродзе да 30 гадоў. Але сярэдняя працягласць жыцця птушак, якія выляцелі з гнязда, складае троху менш 4 гадоў, а для птушак, якія дасягнулі 3-х гадовага ўзросту – 7,5 гадоў. Птушкі ж, якія пачалі размнажацца (звычайна ва ўзросце 4-5 гадоў), у сярэднім жывуць 11 гадоў.

Такім чынам, дынаміка колькасці віда ў асноўным залежыць ад выжывальнасці дарослых птушак і іх здольнасці з году ў год паспяхова гнездаваць. Павелічэнне выжывальнасці неполаваспелых птушак – адна з галоўных мэтаў французскіх арнітолагаў. Менавіта дзякуючы зменам гэтага паказчыка хутчэй за ўсё паступова атрымаецца павялічыць колькасць гняздуючых, дарослых птушак.

Асноўныя вызначаныя прычыны смяротнасці арлоў-шулякоў:

Параженне электрычным токам на лініях сярэдняй напругі

Арлы-шулякі, як і іншыя драпежныя птушкі, у адкрытым асяроддзі часта выкарыстоўваюць слупы ЛЭП як зручныя прысады для адпачынку і палявання. З-за сваіх памераў птушкі могуць пад час прызямлення ці ўзлёту замыкаць на сябе напругу і атрымаць смяротны ўдар электрычным токам. З 1990 па 2013 год у Францыі былі знойдзены 31 арол-шуляк, які загінуў па гэтай прычыне і гэта ажно 47% вядомых выпадкаў гібелі гэтага віда. Насамрэч доля загінулых з гэтай прычын арлоў можа быць значна большай, таму што атрымліваецца знайсці далёка не ўсіх загінулых на слупах ЛЭП птушак.

Сутыкненне з правадамі ЛЭП – яшчэ адна важная прычына смяротнасці віда, на якую прыходзіцца 9% вядомых выпадкаў гібелі арлоў. Таму разам смяротнасць на ЛЭП адпавядае ажно за 56% вядомых навукоўцам выпадкаў гібелі віда. Прадпрымаюцца адмысловыя дзеянні па змяншэнні гэтага фактару небяспекі ў супрацы з энергетычнымі кампаніямі і мясцовымі ўладамі рознага ўзроўню.

Непасрэднае пераследаванне чалавекам

На адстрэл прыходзіцца 7% усіх смяротных выпадкаў арлоў-шулякоў з 1990 году. На жаль, колькасць падобных выпадкаў з 1-2 штогод з 2008 году павялічваецца. Таксама вядомыя несмяротны выпадак атручвання і 2 выпадкі адлову арлоў, якія былі вернуты ў прыроду пасля рэабілітацыі. Дзякуючы асуджэнню рознымі паляўнічымі арганізацыямі браканьерскіх парушэнняў у адносінах да драпежных птушак, ёсць надзея на паступовыя пазітыўныя змены.

Прысутнасць турыстаў паблізу месцаў гнездавання ў гарах ці аблёту іх на верталётах ці самалётах у сезон размнажэння змяншае і так параўнальна невялікі поспех гнездавання віду.

Паводле www.aigledebonelli.org (верхні здымак, усе дыяграмы, мапы распаўсюджання і малюнкі) і www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для сайта “Птушкі штодня

 

 

На гэтую тэму:

Дэлавэрскую чайку, новы від для Беларусі і Украіны, ‘бачылі’ у нас толькі спадарожнікі

Новы для Беларусі від птушак, арлан-даўгахвост, адзначаны пад Мінскам!

Сіняхвостка – доўгачаканы новы від птушак, адзначаны для Беларусі

Трэці сёлета новы для Беларусі від птушак, таўстадзюбая пячураўка, адлоўлены на поўначы краіны

В Списке птиц Беларуси теперь 337 видов: протокол заседания БОФК от 11.03.2021 и обновленный список птиц БОФК

У Мінску адзначаны новы для Беларусі від птушак– палярная чайка!

Cенсацыя? мякка сказана! – у нядзелю ў Беларусь заляцеў новы від птушак – барадач!

Новый вид птиц для Беларуси «видели» только спутники?

 

Comments

 

дзякуй за працу, вельмі цікава. Віншую з новым відам фауны. Удакладненне. Птушка зафіксавана ў Беларусі толькі 30 сакавіка. Тэарэтычна магла быць 29 і 31, але па мапе  ў гэтыя даты яна была ўжо ў суседніх краінах.

Дзякуй! Разам для птушак і людзей!

Гэтыя чырвоныя кропкі - месцы начлегу, яны адзначаюць кожны новы дзень. Для дакладных тэрмінаў прылёту і адлёту трэба глядзець іншыя, больш падрабязныя дадзеныя па сачэнні за самкай '26'.

не знайшоў дзе напісана, што гэта начлег. Але нават калі начлег, то мы не ведаем гаворка пра раніцу ці пра вечар ідзе. Адкуль інфа пра 29е, калі на мапе для Беларусі ўказана зараз толькі 30е сакавіка? А калі пазначаны не начлег, то і прыляцець і ўляцець ён мог у той жа дзень.

Нават з тымі дадзенымі толькі пра месца начлегу (а дакладней пра яе месцазнаходжанне на пачатак кожнага дня) лагічна, што калі 29.03 яна пачала дзень (у 00:00) у Польшчы недалёка ад нашай мяжы, а 30.03 начавала (ужо як мін у 00:00 30.03)  у Смаргонскім раёне, зразумела, што заляцела да нас 29.03. Наступны начлег (як мін у 00:00) 31.03 яна была ў Латвіі - значыць выляцела з нашай тэрыторыі не пазней за 30.03.

Такім чынам атрымліваецца, што была ў нас 29 і 30.03.2022.