Кожны здымак у галерэі нашага сайту з'яўляецца ўласнасцю аўтара, які яго размясціў (калі не ўказана іншае). Для камерцыйнага выкарыстання любога здымка або яго часткі неабходны пісьмовы дазвол аўтара.
Пры некамерцыйным выкарыстанні спасылка на аўтара і сайт абавязковыя. Звяртайцеся да рэдактара:harrier@tut.by па ўсіх пытаннях
Пры выкарыстанні здымкаў у сацсетках, забаронена размяшчаць больш аднаго здымка з фотасерыі на пост, таксама абавязковы надпіс "больш здымкаў тут:" і далей канкрэтны адрас на знаходжанне фота-серыі на сайце.

All these pictures are copyrighted by the authors. Please respect the time and effort spent in shooting them.
If you have any questions or comments, please let us know: harrier@tut.by

1250 км каб убачыць Чайку

Пачалася гэта гісторыя не зусім звычайна. Польская фірма Interrex - rings & telemetry, якая вырабляе каляровыя кольцы і з нядаўняга часу спадарожнікавыя перадатчыкі для птушак, паведаміла пра тое, што 26.03 праз Беларусь ва Украіну праляцела дэлавэрская чайка (Larus delawarensis) з іх перадатчыкам, новы від для нашых краін. Падрабязней пра гэта ТУТ:

Дэлавэрскую чайку, новы від для Беларусі і Украіны, ‘бачылі’ у нас толькі спадарожнікі

Здавалася б, што шанцы яе ўбачыць на ўласныя вочы з'явяцца - калі ўвогуле - няхутка, бо чайка штогод прылятае зімаваць на паўночны ўсод Польшчы на прыканцы лета ці ў пачатку восені і тады і можа паляцець назад праз Беларусь.

Але чайка вырашыла інакш і 30.03 яна ўжо адпачывала пасля затокі Дняпра ў Кіеве ... на Сажы ў Гомелі!

На наступны дзень яе знайшоў з дапамогай мясцовай бёрдуотчаркі Андрэй Барадзін, але не там, дзе яна начавала на Сажы, а на штучным возеры Валатоўскае, што на ўскрайку горада на месцы былых кар'ераў. Менавіта туды яго адвезлі і там чайка і знайшлася-трымалася. На наступны дзень яе  на тым жа пляжы ўбачылі калегі з Барысава, і пасля размовы з братам вырашылі прверыць сваё шанцаванне і мы. Выязжаць запланавалі а 7й раніцы з Мінска. А гэта больш за 300 км у адзін бок. Плюс яшчэ каля 300 км  трэба праехаць мне, каб трапіць з Гродна ў Мінск.

Так далёка каб убачыць новы для Беларусі (і для сябе) від я дабіраўся раней толькі аднойчы – у 2013 годзе гэта быў пласканосы плывунчык у Новалукомле. Тады пашанцавала, хаця ўпэўнена сказаць, што падобныя залётныя віды будуць "чакаць" вас, канешне, нельга.

І вось увечары ў нас у Гродна пайшоў вясновы снегапад, які скончыўся толькі за 50 км да Мінска, але за ноч мог прасунуцца значна далей. Так і атрымалася - зранку Мінск быў пад снегам ( Што адбываецца ў Гомелі? Можа таксама снег? Як на яго адрэагуе чайка? Застанецца дачакацца пагоды каб ляцець некуды далей, ці наадварот, адляціць цяпер каб не трапіць у непагадзь і не чакаць невядома колькі часу?

Прыкладна за 50 км да Гомеля снег змяніўся на дождж, а яшчэ прыкладна праз гадзіну мы сядзелі ў машыне на стаянцы для аўто зверху над патрэбным нам пляжам і бліжэйшая ж да нас чайка аказалася дэлавэрскай! Дождж і не думаў заканчвацца і мы пайшлі пад ім, спускаючыся на новапакладзенай плітцы і хаваючыся за нядаўна ўсталяваныя кабінкі для распранання да яе каб лепш сфатаграфаваць. Чайка ж вырашыла трымаць бяспечную ад нас дыстанцыю і адбегла, хаця і недалёка:

Аказалася, што выглядае яна троху большай за шызую, якія, акрамя чаек-рыбачак, таксама былі на пляжы. Акрамя яўнай цёмнай палоскі на дзюбе (ад яе пахозіць ангельская назва віда - Ring-billed gull), яе сілуэт нагадваў усё ж не шызую чайку, а большых памерамі клыгуна і рагатуху больш акруглай галавой, больш доўгімі нагамі і шыяй у параўнанні з шызай (галава апошняй для параўнання на апошнім здымку ў серыі), а таксама больш доўгай і моцнай дзюбай.

Яшчэ аказалася - што таксама бачна на здымках, што на чайцы не заўсёды бачнае каляровае пластыкавае кальцо і перадатчык на спіне. Апошні колерам і памерамі зусім не кідаецца ў вочы. Пасля першай уданай фотасерыі мы вырашылі вярнуцца ў машыну і перачакаць дождж, але калі вярнуліся на пляж прыкладна праз паўгадзіны пад тым самым дажджом, дэлавэрскай чайкі на ім ужо не было. І паназіраўшы за сацыяльным жыццём чаек-рыбачак і іншымі відамі, мы паехалі назад. У Мінску спідометр паказаў, што за дзень мы праехал дакладна 650 км + мае 2 х 300 з Гродна і назад і далі ў выніку новы для мяне від - лайфер і гэтыя фота і відэа ўспаміны.

02-04-2022, Гомель

Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі