Сабака дапаможа захаваць марскіх птушак у Брытаніі

Упершыню службовы сабака будзе працаваць у штаце Каралеўскага таварыства абароны птушак RSPB. У новым праекце, прысвечаным ахове калоній розных марскіх птушак на астравах, адмыслова запланаваныя грошы на навучанне і наступнае ўтрыманне сабакі. Ён будзе шукаць і паведамляць пра грызуноў у выпадку іх пранікнення на гнездавыя калоніі.

Спаніэль або невялікі тэр’ер разам са сваім трэнерам або гаспадаром будуць патруляваць 41 востраў, каб своечасова выявіць грызуноў – найперш пацукоў, якія могуць трапіць на астравы і папярэдзіць шкоду ад іх, калі тыя пранікнуць на калоніі марскіх птушак.

Такі сабака ўпершыню будзе выкарыстаны ў падобнай ролі ў Вялікабрытаніі. Да гэтага падобныя паспяховыя схемы патрулявання выкарыстоўваліся, напрыклад, у Аўстраліі і Новай Зеландыі.

Tom Churchyard, кіраўнік праекту, сказаў: “Такім чынам мы хацім пазбегнуць праблемы - гэта нашмат больш эфектыўна, чым потым спрабаваць яе вырашыць. Аднак на сённяшні дзень у Брытаніі няма сабак, натрэніраваных на выкрыццё менавіта грызуноў. Вядома, што грызуны – адна з самых вялікіх праблем у захаванні біяразнастайнасці на астравах. І асабліва небяспечныя пацукі.”

Цікава, што папуляцыі розных марскіх відаў птушак значна павялічыліся на востраве Lundy. Адбылося гэтак дзякуючы таму, што на працягу апошніх 15 гадоў тры вялікія прыродаахоўныя арганізацыі (RSPB, Natural England і National Trust) праводзілі там паспяховую барацьбу з грызунамі.

"Навучаны сабака можа хутка і эфектыўна праверыць параўнальна вялікую тэрыторыю. Пасля выяўлення на востраве паху грызуноў і папярэджанне пра гэта трэнера-гаспадара, мы будзем далей самі змагацца з імі” – сказаў Churchyard. Для барацьбы з грызунамі плануецца выкарыстоўвываць адмысловыя пасткі.

Праект па ахове спецыяльных ахоўных тэрыторый (SPAs) з калоніямі марскіх птушак на астравах ёсць часткай большага праекту ў 1 мільён £ па захаванні рэдкіх і знікаючых відаў птушак, разлічаны на чатыры гады  і фундаваны са сродкаў Еўразвязу.

Паводле www.rspb.org.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак з www.adventures.omnicurious.com

 

 

На гэтую тэму:

Брытанскія навукоўцы спадзяюцца вярнуць тупікоў на востраў Рэмзей

ПТУШЫНЫЯ МАНЕКЕНЫ ДАПАМОГУЦЬ РЭАЛЬНЫМ ПТУШКАМ

ПАСПЯХОВЫ ПРАЦЯГ ГРАНДЫЁЗНАГА ПРАЕКТУ ПА ЎЗНАЎЛЕННІ ПРЫРОДНЫХ ЭКАСІСТЭМ НА ВОСТРАВЕ МАНА

Вынішчэнне амерыканскіх норак на астравах у Шатландыі пайшло на карысць мясцовым птушкам