BirdRace-2023: Troglodytes пацвердзілі свой статус са 130 відамі ў спісе + Табліца з відамі за ўсе гады Чэмпіянатаў

Чарговая, ужо 20-я ‘гонка за птушкамі’, якая з 2011 году адбываецца ў розных месцах Беларусі на працягу 12 гадзін, з 6 раніцы да 6 вечара, сёлета сабрала 10 каманд. Але толькі дзве з іх сапраўды прэтэндавалі на чэмпіёнскі тытул, бо мелі адпаведны досвед і кваліфікацыю чальцоў каманды. У выніку яны і занялі першае і другое месца з вялікім адрывам ад іншых каманд.

Такім чынам, у ХХ адкрытым чэмпіянаце Беларусі па спартыўнай арніталогіі перамагла каманда Troglodytes (Андрэй Барадзін, Мікалай Верабей, Нікіта Львоў і Андрэй Чарадначэнка), якая за 12 гадзін адзначыла 130 відаў птушак у цэнтральнай частцы Беларусі. У мінулым годзе гэтая ж каманда і ў тым жа складзе ўпершыню стала чэмпіёнам і ўсталявала новы рэкорд чэмпіянатаў ў 132 адзначаных віды.

“Мы не сустрэлі шмат досыць простых відаў: шуляка-галубятніка, сініцу-апалоўніка, шэрую курапатку. З качкай-чыркай атрымалася зусім смешна: пасля спаборніцтваў знайшлі гэты від на фота, а пад час іх шмат спрачаліся, але так і не дадалі яго ў спіс. Шэрая кугакаўка крычала амаль усю ноч і перастала ў 5.56, за 4 хвіліны да старту. Затое нечакана пачулі перапёлку, якая і стала першым нумарам у спісе. Было шмат «летніх» відаў: чорны свіргуль, белы бусел, розныя крычкі і лескі. але мы гэтага чакалі, бо надвор’е спрыяла позняму адлёту ў вырай” – сказаў Андрэй Барадзін, капітан каманды-чэмпіёна, пасля заканчэння ‘гонкі за птушкамі’.  

На другім месцы са 122 відамі ў спісе апынулася каманда VICTORия, на трэцім – каманда «Хватай за хвост» са 103 відамі, абедзьве выступалі на поўдні краіны. Усе іншыя каманды паасобку адзначылі менш, чым па 100 відаў птушак.

У Журы BirdRace-2023 працавалі праф. Міхаіл Нікіфараў (акадэмік НАН Беларусі), праф. Васіль Грычык і кандыдат біялагчных навук Віталій Сахвон (абодва - біяфак БДУ).

Дзякуй усім удзельніцам і удзельнікам, віншуем пераможцаў і прызёраў!

Паводле www.birdingbelarus.by  

На здымку – каманда Troglodytes – чэмпіён 2023 году

 

На гэтую тэму:

КАМАНДА “КРАПІЎНІКІ” («TROGLODYTES») ПЕРАМАГЛА Ў BIRDRACE-2022 З РЭКОРДНЫМ ВЫНІКАМ + ТАБЛІЦА З ВІДАМІ ПТУШАК ЗА ЎСЕ ГАДЫ ЧЭМПІЯНАТАЎ

Comments