Чарговы Адкрыты чэмпіянат Беларусі па спартыўнай арніталогіі прайшоў у мінулую суботу з удзелам 10 каманд і парадаваў цудоўнай пагодай і выдатнымі вынікамі. Такім чынам, тройка лепшых выглядае так:
1-е месца: каманда «Troglodytes» (Андрэй Барадзін, Мікалай Варабей, Андрэй Чараднічэнка і Мікіта Львоў) — 132 віды (каманда на фінішы заявіла пра 133 віды, але пасля перагляду фотаздымкаў адзначыла памылку ў вызначэнні светлага канюха-мышалова як касматаногага канюха, пра што паведаміла ў Аргкамітэт).
2-е месца: каманда «Rara avis» (Максім Каласкоў, Ірына Самусенка, Данііл і Дзмітрый Жураўлёвы) — 124 віды.
3-е месца: каманда «VICTORия» (Сямён Левы, Анжэла Журавель, Наталля Капорыкава і Генадзь Ардзюк) — 123 віды.
Упершыню рубеж у больш за 120 відаў птушак, адзначаных на працягу 12 гадзін гонкі за птушкамі, быў пераадолены адразу двума камандамі ў 2016 годзе. Тады 121 від занеслі ў свае выніковыя спісы каманды RARA AVIS і "Пагоня". Ужо на наступны, 2017 год, каманда “Twix” павялічвае рэкорд да 126 адзначаных відаў. Наступнага рэкорду прыйшлося чакаць 4 гады. І вось, у 2021-м каманда «Merlin» павялічвае рэкордны вынік да 128 відаў. Зараз жа, у 2022-м, перакрочаны рубеж у 130 відаў – вынік каманды «Troglodytes» у 132 віды проста фантатычны і мы шчыра віншуем іх і з перамогай, і з рэкордам.
Крычка-чэграва. Здымак Мікалая Вераб'я, зроблены пад час Чэмпіянату.
Усе разам, 10 каманд, адзначылі пад час Birdrace-2022 182 віды птушак, прычым чырвошыйная коўра і рачны цвыркун трапілі ў спісы каманд ўпершыню за ўсе гады гонак за птушкамі. Такім чынам, агульная колькасць адзначаных з 2004 па 2022 гг відаў дасягнула 242! З іх 99 відаў адзначаліся камандамі штогод, а дваццаць – толькі аднойчы.
У адрозненне ад фінальных спісаў відаў, эмоцыі і ўражанні розных каманд цяжка параўновываць паміж сабой, ды і, напэўна, няправільна. А вось адным з самых цікавых навуковых вынікаў гонкі за птушкамі можна лічыць рэгістрацыю на Берацейшчыне камандай «Rara avis» пад час спаборніцтваў акальцаванага сіваграка. Як аказалася ўжо пасля гонкі, гэтая маладая птушка прыляцела да нас з Латвіі:
Здымак Ірыны Самусенка.
Паводле www.ptushki.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак каманды-пераможцы Мікіты Львова
Дадатак | Памер |
---|---|
Агульны спіс відаў птушак, адзначаных на BirdRaces у 2004-22329.5 КБ | 329.5 КБ |
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ