Трансляцыя з гнязда сокала-пустальгі – прайшоў першы месяц

Сёлета зноў можна 24 гадзіны ў суткі глядзець за жыццём сокалаў, якія гняздуюць у дэкаратыўнай нішы ў звычайным брэсцкім шматпавярховіку. Першы месяц праляцеў хутка, але гэта як раз той выпадак, калі не можна сказаць, што незаўважна: як для птушак, так і для людзей.

У сокалаў ужо вылупіліся першыя птушаняты, настае самы адказны і клапатлівы час у перыядзе гнездавання. Справа ў тым, што ў драпежных птушак увогуле і ў сакалоў у прыватнасці да дасягнення птушанятамі прыкладна 10-ці  дзённага ўзросту самка пастаянна знаходзіцца на гняздзе з малымі: абагравае ці закрывае ад сонца (калі яго зашмат) і корміць. А самец вымушаны прыносіць здабычу (дробных мышападобных грызуноў, часам яшчарак ды вераб’іных птушак) і самцы, і сваім птушанятам, якія хутка растуць і патрабуюць усё больш ежы. Пасля гэтага ў птушанят усталюецца ўласная тэрмарэгуляцыя, да таго ж іх памеры ўжо не дазваляюць самцы прыкрываць іх сваім целам, і яна праз нейкі час можа паляваць і дапамагаць у гэтым самцу.

Наша камера другі год працуе ў тым самым месцы - каля гнязда на шматпавярховіку ў дэкаратыўнай нішы. Здымак Дзяніса Кіцеля.

Камера - як і самка - працуе і ўдзень, і ўначы.
З-за таго, што самка адкладвае яйкі прыкладна праз суткі і пачынае іх наседжванне не адразу, то і птушаняты з’яўляюцца ў розныя дні. Такім чынам калі самец не зможа прыносіць дастаткова здабычы для ўсіх, самыя маленькія і найменш актыўныя будуць тымі, хто стане ахвярай недахопу ежы і будуць скормленыя сваім старэйшым братам і сёстрам. Так з гнязда змогуць выляцець хаця і менш птушанятаў, чым было яек, але хоць некаторыя з іх. Вельмі часта ў гэтых сокалаў 2 (як у мінулым і гэтым годзе) ці 3 малых вылупляюцца ў той самы дзень. Гэта значыць, што мама пачала іх інкубацыю прыкладна ў той самы дзень. Гэта падвышае іх шанцы выжыць у параўнанні з маладзейшымі і меншымі сіблінгамі. Калі ж год добры на палёвак ды іншую здабычу, шанцы выляцець з гнязда маюць усе птушаняты. Спадзяемся, што як і ў мінулым годзе, з гнязда ў Брэсце выляцяць усе 5 маладых сакалоў. Як будзе адбывацца іх рост і сталенне, Вы можаце назіраць разам з іншымі нашымі наведвальнікі з Беларусі і розных краін Свету тут: . http://birdwatch.by/pustalga_brest2011


Што тычыцца людзей, якія сёлета разам з намі назіраюць за сакаламі, то іх за месяц (на 18 мая) было больш за 9000 са 125 краін! Першая пяцёрка найбольш цікаўных выглядае наступным чынам: Беларусь - 3141 наведвальнік, Расія – 2258, Польшча – 1894, Украіна – 562, ЗША – 197. Усе разам паглядзець на жыццё нашых сакалоў заходзілі амаль 12 тысяч разоў.


Статыстыка па днях паказвае, што найменш наведвальнікаў было ў нас 8 мая – 486, а найбольш – 25 красавіка – 1814 (калі навіна пра он-лайн трансляцыю з гнязда з’явілася на партале ТUТ.by). Дзякуючы вялікай колькасці штодзённых наведвальнікаў мы змаглі адразу перамясціцца  з 51 і больш за тыдзень пратрымацца на 27 месцы ў рэйтынгу наведвальнасці сайтаў, прысвечаных назіранням за птушкамі з усяго Свету BirdingTop1000 і тым самым пабілі наш мінулагодні рэкорд – 29 месца.


Мы і нашы суседзі ў ТОП1000

Штотыдзень да нас завітвалі ад прыкладна ад 4 да 5,5 тысяч чалавек.
Цяпер, калі на гняздзе ўжо з’явіліся птушаняты, цікаўнасць нашых наведвальнікаў павялічваецца і мы спадзяемся не падмануць іх чаканні.

Вы можаце дапамагчы іншым паглядзець на нашых птушак, выбраўшы тут: http://birdwatch.by/node/1571 і размясціўшы ў сябе наш банер трансляцыі.

Вось вынікі нашага апытання: 75% пажадаўшых адказаць, збольшага задаволены якасцю трансляцыі:

Трансляцыя з гнязда звычайнай пустальгі ў Брэсце арганізаваная на нашым сайце www.birdawtch.by Брэсцкім абласным аддзяленнем АПБ пры падтрымцы інтэрнет-правайдэра ELNET, польскага прыродаахоўнага таварыства “Сокал”, Шведзкага арніталагічнага таварыства SOF і каманды з www.NewMedia.by . Дзякуем усім нашым сябрам і партнёрам за магчымасць без шкоды птушкам назіраць за іх жыццём!

Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdawtch.by
 

На гэтую тэму:

ПУСТЕЛЬГА В БРЕСТЕ СНОВА ОН-ЛАЙН

Comments

Сёньня да сьпісу "нашых" 132 краін далучылася Албанія!

Гэта вынікі з 17-05-2011.

А вось статыстыка і падзел наведвальнікаў па краінах за год - з мая 2010, першыя 35:

Цікава, што нам, беларусам, пакуль "не сьвеціць" дагнаць па наведвальнасьці палякаў. І хаця карціна сёлета адваротная, зьвязана яна напэўна з меншай наведвальнасьцю на сайт нашых партнёраў з таварыства "Сокал", бо ў гэтым годзе іх вандроўных сокалаў цяжка ўбачыць - нагэтулькі кепска ўсталяваная камера - гняздо ўдзень у чорнай цені. Менавіта праз іх заходзілі і заходзяць да нас наведвальнікі з Польшчы.

Статыстыку па краінах для сайта агулам з мая 2010 можна адсочваць тут:

http://s04.flagcounter.com/countries/rN7