Гродзенскі абласны фотаконкурс “НАШЫ ПТУШКІ-2012” – чакаем Вашы здымкі

Да 28 лютага 2012г. чакаем ад фотамастакоў з Гарадзеншчыны не больш 10 фотаздымкаў з выявамі дзікіх птушак у прыродзе, частка якіх можа быць аб’яднана ў серыю (з той самай назвай здымкаў). Пажадана каля назвы пазначыць прыярытэт значнасці кожнага здымка (ад 1 да 10) – у выпадку, калі арганізатары не змогуць выставіць усе работы. Надрукаваныя на фотапаперы здымкі павінны мець 20х30 см або 30х40 см або блізкія да гэтых памеры, на адваротным баку мець аўтарскую назву, імя і прозвішча, маб. тэлефон і паштовы адрас аўтара.
 Ў конкурсе не змогуць удзельнічаць працы, на якіх сфатаграфаваныя птушкі на гняздзе, гнёзды або птушаняты, ці для стварэння якіх быў выкарыстаны фотамантаж.

Здымкі дасылайце на паштовы адрас:
Гродзенскае абласное аддзяленне АПБ, а/с 197 Гродна 230023,
або перадайце асабіста Дзьмітрыю Вінчэўскаму (кантакты ніжэй).

Электронныя арыгіналы могуць самастойна (пасля рэгістрацыі на сайце), або з дапамогай мадэратара Яўгена Сліжа (электронная пошта tyteishi@gmail.com ) дадаткова размешчаны ў Галерэі на сайце www.birdwatch.by  .
З атрыманых работ будзе ўтворана фотавыстава прыкладна з 50 здымкаў, якая для галасавання за найлепшыя фота без указання аўтарства будзе размешчана на факультэце біялогіі і экалогіі Гродзенскага дзяржуніверсітэту імя Я.Купалы. Пад час навуковай канферэнцыі “Заалагічныя чытанні-2012” і Гродзенскага абласнога аддзялення АПБ, якая адбудзецца ў корпусе біяфака ў пятніцу-нядзелю 02-04.03.2012 традыцыйна кожны з удзельнікаў зможа выбраць 5 найлепшых здымкаў на свой густ (якія атрымаюць адпаведна 5, 4, 3, 2 і 1 бал). Пасля падліку ўсіх балаў на канферэнцыі АПБ у нядзелю, 4 сакавіка, будуць абвешчаны 3 найлепшыя фотаработы, аўтары якіх атрымаюць каштоўныя прызы.

Па агульнай колькасці балаў будуць абраныя лепшыя 40-45 здымкаў, якія на працягу году будуць удзельнічаць у фотавыставе “Нашы птушкі-2012”. Фотавыставу штогод у розных навучальных установах і бібліятэках па ўсёй Гарадзеншчыне наведваюць тысячы гледачоў.
Жадаем перамогі!
 
Па ўсіх пытаннях звяртайцеся да Дзьмітрыя Вінчэўскага: маб. тэл. +375 336887589 (мтс)
або на е-мэйл: Harrier@tut.by
На здымку: фотавыстава “Нашы птушкі” ў адной са школ на Гарадзеншчыне