Як многія памятаюць з падручнікаў, у птушак – як і ў іншых вышэйшых жывёл – пол асобіны вызначаецца двума палавымі храмасомамі. Пры гэтым, у адрозненні ад млекакормячых (у тым ліку і ад нас - людзей) гетэразіготныя (больш дакладна, гемізіготныя, г.зн. тыя, што маюць храмасомы рознага тыпу) ў птушак самкі.
У сувязі з гэтым існуюць дзьве альтэрнатыўныя тэорыі, якія тлумачаць развіццё полавых рысаў у птушак. Першая – т.зв. Z Dosage - прапануе тлумачыць праяўленне самцовых рысаў уздзеяннем падвойнай колькасці прадуктаў гена Z-храмасомы, якая прадстаўлена ў падвойнай колькасці ў арганізме самцоў. Другая (Dominant W) адводзіць вырашальную ролю W-храмасоме, якая ёсць толькі ў самак.
Нядаўняе даследаванне, праведзенае міжнароднай камандай навукоўцаў з ЗША, Вялікабрытаніі, Швецыі і Венгрыі дадало новыя аргумэнты на карысць тэорыі Dominant W. Справа ў тым, што з дапамогай полімарфічных мікрасатэлітарных маркераў атрымалася апісаць трыплоідную самку марскога зуйка (Charadrius alexandrinus). Яе храмасомны камплект аказаўся ZZW, пры чым яна паспяхова размнажалася ў прыродзе. Дагэтуль былі апісаныя яшчэ дзьве падобныя самкі ў іншых відаў птушак. Такім чынам, як лічаць аўтары артыкулу, гэтае адкрыццё пацверджвае галоўную ролю W-храмасомы ў фармаванні полавых рысаў асобіны. Дадаткова гэта дае падставы меркаваць пра існаванне больш складанага механізму вызначэння полу ў птушак, чым меркавалі дагэтуль.
Крыніца:
C. Küpper, J. Augustin, S. Edwards, T. Székely, A. Kosztolányi, T. Burke and D. E. Janes (2012) Triploid plover female provides support for a role of the W chromosome in avian sex determination. Biology Letters of the Royal Society, May 2012. doi: 10.1098/rsbl.2012.0329 Biol. Lett.
Паводле www.philomachus.ru
Здымак марскога зуйка з www.birdsofkuwait.com
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ