Птушкі таксама развітваюцца з памерлымі

 Некаторыя птушкі, як аказалася, сапраўды “развітваюцца” з памерлымі асобінамі свайго віду. Калі заходнія хмызняковыя сойкі (Aphelocoma californica) знаходзяць мёртвую птушку, яны завуць адна адну і прыпыняюць пошук ежы. Пасля гэтага птушкі часта злятаюць да трупа і збіраюцца вакол яго.

Такія незвычайныя паводзіны маглі ўзнікнуць каб перасцерагчы іншых птушак аб магчымай блізкай небяспецы – пішуць даследчыкі з ЗША ў артыкуле, які быў апублікаваны ў часопісе Animal Behaviour.

Назіранні былі зроблены Тэрэзай Іглесіас (Teresa Iglesias) з калегамі з універсітэту Каліфорніі ў Дэвісе. Яны рыхтавалі эксперыменты, змяшчаючы розныя аб’екты ў прыродных умовах і назіраючы за рэакцыяй на іх соек. Сярод таго, што прапаноўвалася ўвазе птушак, былі кавалкі драўніны розных колераў, мёртвыя сойкі, пудзілы соек і віргінскіх пугачоў, апошнія сімуліравалі прысутнасць жывых соек і іх патэнцыйных драпежнікаў.

Аказалася, што на кавалкі драўніны сойкі не рэагавалі зусім. Аднак як толькі яны заўважалі мёртвых суродзічаў, сойкі пачыналі трывожна крычаць, папярэджваючы іншых на вялікай адлегласці ад месца знаходкі. Потым вакол трупа збіраліся вялікія групы, якія пастаянна крычалі і прыцягвалі ўвагу ўсё новых птушак. Для гэтага сойкі ў групе маглі прыпыняць пошук харчавання больш на дзень.

Пасля з’яўлення пудзіла пугача яны разляталіся, але зноў збіраліся разам і трывожна крычалі. Час ад часу яны пікіравалі на пудзіла савы, стараючыся яго прагнаць. Нападаў на трупы суродзічаў не было адзначана. Аднак птушкі часам таксама атакавалі пудзілы соек – такія паводзіны вядомыя, калі сойкі хочуць пазбыцца канкурэнтаў або хворых каля сябе.

Факт таго, што сойкі не рэагавалі на драўляныя аб’екты паказаў, што рэакцыя птушак на мёртвых суродзічаў не была звязанай з тым, што яны былі толькі новымі аб’ектамі на іх тэрыторыі. Смерць асобін свайго віду яны павінны былі “публічна абвесціць для іншых”. Таксама як і прысутнасць паблізу ад сябе драпежніка. Такія паводзіны дапамагаюць іншым птушкам пазбегнуць магчымай небяспекі, ўпэўнены навукоўцы.

Іншыя жывёлы, асабліва вялікія звяры (такія, як сланы ці жырафы), таксама ў асаблівы спосаб адносяцца да мёртвых суродзічаў. Аднак для птушак такія паводзіны былі паказаны ўпершыню.

Паводле www.news.bbc.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі