Вялікі баклан (Phalacrocorax carbo) пасля свайго пераможнага вяртання ў 1980-я гады ў многія краіны Еўропы стаў там адным з тых відаў птушак, якія выклікаюць найбольш эмацыянальныя спрэчкі паміж рыбаводамі і рыбакамі і іншай часткай грамадзтва.
У найбольш папулярнай у Польшчы „Gazecie Wyborczej” нядаўна з’явілася інтэрвью з д-рам Шымонам Бзомам (dr Szymon Bzom), кіраўніком даследчай групы водных птушак KULING, які таксама з’яўляецца аўтарам стратэгіі кіравання папуляцыяй вялікага баклана ў Польшчы.
Матэрыял з’явіўся ў сувязі з дазволам Рэгіянальнай дырэкцыі аховы навакольнага асяроддзя ў Ольштыне на адстрэл тысячы вялікіх бакланаў.
Д-р Бзома падкрэсліў, што за апошнія некалькі гадоў наступіла дынамічнае павелічэнне колькасці віду ў Польшчы. Пры чым адбылося гэта ва ўсім басэйне Балтыйскага мора з пачатку 1980-х гадоў, калі тут жылі некалькі тысяч пар бакланаў, а цяпер іх колькасць аценіваецца на больш чым 200 тысяч пар. Падобны “выбух” адзначаны таксама ў басэйне Чорнага мора.
Цікава, што прыкладна ў гэты ж час адбылося значнае падзенне ўловаў рыбы, за што многія рыбакі абвінавачваюць бакланаў.
Да самых цікавых адаптацый бакланаў да паспяховага здабывання рыбы залічаюць неадпорнасць да намакання іх пёраў (што дазваляе ім зменшыць сілу адпору вады пад час пагружэння) і здольнасць да групавых паляванняў, калі розныя птушкі выконваюць розныя ролі: частка бакланаў выпужвае рыбу з большай глыбіні, а іх калегі яе лапаюць. Потым птушкі мяняюцца ралямі.
З-за таго, што такое паляванне звычайна вельмі эфектыўнае, бакланам часта хапае каля гадзіны каб наесціся на ўвесь дзень. Час, які застаецца, яны могуць траціць на адпачынак і сушыць намоклае апярэнне.
Памылковае меркаванне пра негатыўны ўплыў вялікіх бакланаў на становішча і колькасць рыбы ў вадаёмах і вадатоках некаторыя людзі ствараюць на аснове назіранняў птушак, якія выцягваюць і змагаюцца на паверхні з вялікімі рыбамі. Аднак вядома, што падобныя выпадкі параўнальна рэдкія і ўяўляюць з сябе вынікі толькі невялікай часткі паляванняў. Звычайна ж бакланы харчуюцца рыбай памерам ад 7 да 12 см даўжынёй. Некаторая частка падобнай здабычы праглынаецца птушкамі яшчэ пад вадой – г.зн. па-за магчымасцю быць адзначанай чалавекам.
Паспяховае паляванне на вялікую рыбу рызыкоўнае і энергакаштоўнае. Акрамя гэтага, яно звяртае на сябе ўвагу іншых бакланаў ці іншых вялікіх рыбаядных птушак (напрыклад, чаек) і рыба можа быць імі адабраная.
Аснову ж харчавання бакланаў складаюць віды, малакаштоўныя з пункту гледжання рыбалоўнай гаспадаркі.
Цікава, што д-р Бзома між іншым звязвае павелічэнне колькасці бакланаў з пераловам чалавекам вялікіх драпежных рыб розных відаў. Гэта прыводзіць да вялікай колькасці маладой і дробнай рыбы, якой і харчуюцца паспяхова бакланы. Тое, што птушкі харчуюцца ёй можа мець карысны ўплыў на ваду ў азёрах. Бо вялікія колькасці дробнай рыбы з’ядаюць вялікую колькасць зоапланктону. Гэта, ў сваю чаргу, дазваляе хутка размнажацца розным тыпам мікраскапічных водаростаў, некаторыя з іх наўпрост адказныя за т.зв. “квітненне вады”. Гэта было адзначана ў Ізраіле, дзе дзякуючы бакланам, якіх палохалі на рыбгасах, значна палепшылася якасць вады на Галілейскім возеры, куды птушкі былі вымушаны пералятаць на харчаванне.
Наконт таго, што калоніі бакланаў сваім памётам знішчаюць дрэвы, навуковец звяртае ўвагу на наступныя лічбы. Найбольшая гнездавая калонія віду ў вусці Віслы (Mierzei Wiślanej) колькасцю 12 тысяч пар займае плошчу каля 100 га, ў той жа час агульная паверхня лясоў тут – 27 тысяч га. Таму ў маштабе ўсёй краіны гэтыя лічбы не маюць ніякага значэння.
Адназначныя высновы можна зрабіць пра безперспектыўнасць барацьбы з бакланамі з дапамогай адстрэлаў. Падлікі кажуць пра тое, што пры цяперашняй колькасці віду ў Польшчы, якая аценьваецца ў 30 тысяч гнездавых пар, штогод з гнёздаў вылятае дадаткова каля 70 тысяч птушанят, пры чым у першы год жыцця гіне ад 20 да 30 тысяч з іх. Таму, каб сапраўды дасягнуць нейкі заўважны вынік, трэба штогод адстрэльваць больш за 30 тысяч птушак! Аднак і такая крывавая бойня не дае ніякай гарантыі поспеху ў вайне з птушкамі. Бо штогод праз Польшчу пралятаюць ад 200 да 300 тысяч бакланаў з іншых частак арэалу. Калі б месцы гнездавання і харчавання для іх вызваліліся б дзякуючы знішчэнню вялікай колькасці мясцовых птушак, яны маглі б заняць гэтую пустуючую нішу замест таго, каб вандраваць далей на поўнач ці ўсход.
Вынікі адстрэлу бакланаў у іншых краінах таксама паказваюць на безсэнсоўнасць падобнай барацьбы з птушкамі.
Навуковец прыходзіць да наступнай высновы: баклан у возеры патрэбны, як воўк у лесе і там яго трэба заставіць у спакоі. Ў той жа час баклан на сажалках рыбгасаў – гэта ліса ў куратніку, таму там трэба яго рэгулярна і комплексна адпужваць. З брытанскага досведу вядома, што пры адпаведнай методыцы падобных адпужванняў птушак бакланы змяняюць месца знаходжання і адлятаюць, пачуўшы гукі стрэлаў.
Паводле Gazeta Wyborcza праз www.birdwatching.pl падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак вялікага баклана ў Індыі яго ж
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ