Што адбываецца з малым бакланам?

Напярэдадні сёлетніх гонак за птушкамі – г.зн. у пятніцу, 7 верасня, аўтар гэтых радкоў разам з Андрэем Храмогіным упершыню назіраў малага баклана (Phalacrocorax pygmaeus). Адбылося гэта на новаствораным водасховішчы ў Гарадзенскім раёне прыкладна там, дзе рака Свіслач упадае ў Нёман. 

Памыліцца ў вызначэнні было не магчыма: цалкам цёмная птушка з адкрытай кароткай дзюбай каля 20 секунд ляцела побач з маладым белапузым і прыкладна ў 1,5 разы большым вялікім бакланам (Phalacrocorax carbo). Перад пасадкай на воду за дамбамі птушкі раздзяліліся і больш малага баклана мы не ўбачылі, хаця і аб’ехалі дзеля яго вадасховішча з супрацьлеглага боку.

  Гэта была першая рэгістрацыя віду арнітолагамі, бо ў 2009 годзе, калі від быў занесены ў Спіс беларускіх птушак, малых бакланаў назіралі ў сакавіку і жніўні працаўнікі рыбгасу “Селец”, што на Берасцейшчыне. А новы від дадаўся дзякуючы адной забітай і перададзенай у Інстытут заалогіі асобіне.

У тым жа годзе, але на прыканцы снежня, малы баклан быў упершыню зарэгістраваны ў Літве.

У Польшчы гэты від вядомы з сярэдзіны ХІХ стагоддзя, а ў мінулым стагоддзі ўпершыню быў адзначаны толькі ў 1992 годзе і да 2001 году рэгістраваўся ў гэтай краіне 15 разоў.

З 2006 па 2010 гг. адбылося 75 сустрэч з малым бакланам у Польшчы, агулам са 180 птушкамі. Найбольш багатым на рэгістрацыі стаў 2009 год, калі было адзначана ўсяго 63 птушкі пад час 24 сустрэчаў, найгоршы – 2007 год, калі пад час 10 сустрэч бачылі агулам 14 бакланаў.

У мінулым годзе адбылося значна менш назіранняў віду ў нашай заходняй суседцы, бо толькі 4 з агульнай колькасцю 7 птушак.

А сёлета сустрэча віду адбылася толькі адна – 23 верасня аднаго малога баклана заўважылі на рыбных ставах у Падкарпацкім ваяводзтве.

У іншых краінах Заходняй і Цэнтральнай Еўропы адзначана падобная тэндэнцыя: за 10 апошніх гадоў малых бакланаў рэгістравалі тут 227 разоў – гэта амаль дакладна ў 3 разы больш, чым у папярэднія 200 гадоў. У 2007 годзе гэты від пачаў гнездаваць у Аўстрыі, дзе цяпер налічваецца каля 150 гняздуючых пар. Таксама павялічылася гнездавая папуляцыя ў Венгрыі: з 2-14 пар у пачатку1990-х да 600-800 у апошнія гады. У апошнія 2 гады адбыліся адзінкавыя выпадкі гнездавання ў Славакіі. Аднак сёлетнія рэгістрацыі з іншых краін, якія знаходзяцца на поўнач ад месцаў гнездавання віду (а асноўнымі застаюцца папуляцыі ў Румыніі і Азербайджане – кожная аценьваецца ў 10 тысяч пар), указваюць на вельмі “слабы” год для гэтага віду. Адной з патэнцыяльных прычын гэтага можа быць апошняя суворая зіма, з-за якой маглі загінуць птушкі, зімуючыя на аўстpыйска-славацкай мяжы.

Акрамя гэтага, значна зменшылася колькасць зімуючых малых бакланаў у Сербіі: з 8 тысяч у 2007 годзе да 2 тысяч мінулай зімой. Гэтыя негатыўныя змены могуць быць звязаны з будовай маста праз рэку Сава, дзе на адным з астравоў і зімавалі птушкі.

Паводле ўласнай інфармацыі і www.birdwatching.pl падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by 

Здымак з www.treknature.com

  На гэтую тэму:

 ЯК ЖЫЦЬ З БАКЛАНАМІ

 

 

Comments

Harrier - 26.09.2012 - 21:27

In reply to by Ананім (госць)

Дзякуй за напамін!

Калі БОФК не прыме наша назіраньне, гэта яе права. Я ж усё роўна лічу патрэбным напісаць пра яго:

1) каб іншыя былі больш уважлівымі і глядзелі на ўсіх бакланаў навокал.

2) аказалася, што насамрэч яны добра адрозьніваюцца - па меншай меры, калі знаходзяцца побач.

Sirena - 27.09.2012 - 22:31

In reply to by Ананім (госць)

 Перед Бёрдвотчем как раз звонила на Селец главному рыбоводу. Он рассказывал, что на прудах в конце августа -начале сентября снова видели  малого баклана "небольшими стайками". Сам он его не наблюдал, просто к слову пришлось... о бакланах. В прошлом году их не видели, я специально спрашивала. И я тоже... к слову. Хотя информация интересная, но не документальная... 

Цікава, канешне. Але хацелася б пачуць меркаваньне двух каманд, якія пад час сёлетняга Бёдрэйсу як раз пачыналі на Сяльцы - ці маглі стайкі малых бакланаў застацца па за іх увагай. Я ведаю, што рыбгас гэты велізарны, але было б цікава што яны на гэты конт думаюць.