Першы ўдакументаваны залёт арла-магільніка ў Беларусь

Дзякуючы сучасным тэхналогіям мы маем першае дакументацыйнае пацверджанне знаходжання на тэрыторыі нашай краіны стэпавага віду драпежных птушак – арла-магільніка (Aquila heliacа) . Папярэдняя рэгістрацыя, якая ўпамінаецца ў кнізе “Птицы Беларуси на рубеже ХХІ века: статус, численность, распространение” (Никифоров и др., 1997), адбылася ў 1981 г., аднак ні месца назірання, ні яго аўтар не прыводзяцца.

Незвычайная падзея для Беларусі адбылася сёлета 6-8 мая, калі маладая самка магільніка па мянушцы Panni, пазначаная спадарожнікавым перадатчыкам у ліпені 2011 г., пад час свайго падарожжа на ўсход, заляцела з Украіны ў Брэсцкую і Гомельскую вобласці (гл.мапу).

Спадарожнікавы перадатчык Panni атрымала яшчэ птушанём на адным з гнёздаў у Венгрыі, дзякуючы арнітолагам з арганізацыі MME (вянгерскага  партнёра глабальнай асацыяцыі BirdLife International) і фінансаванню з адмысловай кампаніі па вялікіх драпежніках Еўропы ад Еўрапейскай асацыяцыі заапаркаў і акварыюмаў EAZA Carnivore Campaign (2010-2011).  

 

 

Пад час сваіх падарожжаў Panni наведала 12 краін. Дадзеныя і мапа з www.satelitetracking.eu

Магільнік – параўнальна вялікі арол з разамахам крылаў 190-210 см, які насяляе стэпы і лесастэпы Еўразіі і гняздуе ў Аўстрыі, Азербайджане, Балгарыі, Чэхіі, Венгрыі, Македоніі, Грэцыі, Грузіі, Сербіі, Славакіі, Турцыі, Украіне, Расіі, Казахстане і Кітае. Від мае статус глабальна пагражаемага, пры чым еўрапейская папуляцыія аценьваецца ў 1800-2200 гняздуючых пар.

І хаця большая палова яе заходнееўрапейскай часткі гняздуе ў Венгрыі (100-120 пар), аднак менавіта тут адзначаны найбольшыя праблемы паміж арламі і некаторымі людзьмі, бо толькі за апошнія 10 год былі знойдзены атручанымі 52 магільнікі. Акрамя іх, загінула ад атруты ўсяго амаль 1000 птушак 19 відаў, найбольш часта ахвярамі становяцца менавіта драпежнікі.

Каб атрымаць больш звестак пра перамяшчэнні маладых і дарослых прадстаўнікоў атраду Сокалападобныя і пагрозы, з якімі яны сустракаюцца пад час рассялення, міграцый і гнездавання, ў Венгрыі ў апошнія гады рушылі некалькі праектаў, звязаныя з сатэлітарным сачэннем за сакаламі-балабанамі і шулёнкамі, а таксама за арламі-магільнікамі.

Нагадаем, што яшчэ адзін від птушак быў уключаны ў Спіс беларускіх відаў дзякуючы спадарожнікавым перадатчыкам – гэта сокал-балабан (Falco cherrug).  Пачынаючы з мая 2008 г. у Беларусь заляцелі ажно чатыры (!) розныя птушкі з перадатчыкамі на спінах. Пасля гэтага Беларускай арніта-фауністычнай камісіяй была зацверджана больш ранняя рэгістрацыя віду, якая адбылася без фота- і відэадоказаў. 

  

 Падрыхтавалі паводле www.satelitetracking.eu (здымак і мапы) Дзяніс Кіцель і Дзьмітры Вінчэўскі для  www.birdwatch.by

На гэтую тэму:

Новый вид птиц для Беларуси «видели» только спутники?

 Вялікі арлец дасылае з падарожжа... СМС-кі!

Арлец з перадатчыкам на Пружаншчыне 

Сумна закончылася сачэнне за вандроўнымі сокаламі ў Польшчы

Сокалы прыляцелі ў Афрыку са спадарожнікавымі перадатчыкамі на спінах

 Сокалы Элеаноры пад назіраннем спадарожнікаў