ЕuroBirdwatch-2014: назіранні за птушынай міграцыяй адбыліся ў 40 краінах

Ад Партугалі да Казахстана і ад Мальты да Нарвегіі на мінулых выходных больш за 23 тысячы чалавек назіралі за восеньскай міграцыяй птушак у 40 краінах Еўропы і Цэнтральнай Азіі. 

На амаль 900 мерапрыемствах, арганізаваных партнёрамі глабальнай прыродаахоўнай асацыяцыі BirdLife International, атрымалася адзначыць амаль 2,5 мільёны птушак!  

Галоўнай мэтай  Панеўрапейскіх дзён назіранняў птушак, якія штогод арганізуюццца з 1993 году – як і мінулыя годы – стала паказаць людзям усіх узростаў прыгажосць птушак навокал нас і неабходнасці захаваць іх. Аднак гэта немагчыма без добрых гнездавых тэрыторый у Еўропе, дастатковых месцаў адпачынку пад час міграцый і выдатнага стану месцаў іх зімоўкі. 

Дадзеныя па ўсіх краінах-удзельніцах сёлета збіраў партнёр Birdlife з Люксембургу – Таварыства natur&ëmwelt.

Тройка самых шматлікіх відаў пад час  назіранняў 4-5 кастрычніка выглядае наступным чынам:

1. Звычайны шпак (Sturnus vulgaris)

2. Лыска (Fulica atra)

3. Качка-крыжанка (Anas platyrhynchos)

Для Беларусі з агульнай лічбы ў 17568 птушак найбольш адзначылі сінатропных відаў, прычым першыя два з сямейства Крумкачовых: 

 1. Грак (Corvus frugilegus)

2. Каўка (Corvus monedula)

3. Шпак (Sturnus vulgaris)

Найбольшую колькасць птушак - 1 052 681 асобін розных відаў адзначылі, як і найбольшую колькасць мерапрыемстваў падрыхтавалі ў Нідэрландах – ажно 150!

Найбольш удзельнікаў назіранняў было сёлета ў Швайцарыі – 5334 чалавекі. У Венгрыі – 2943,  у Швецыі – 3000, ў Нідерландах – 2000 і на пятым месцы апынулася Беларусь з 1645 удзельнікамі.

Сярод самых цікавых назіранняў можна адзначыць  першую сёлетнюю рэгістрацыю чарнагаловага рагатуна  ў Мінску, куліка-марадунку і гразевіка ў Італіі, 68 дропаў у Славакіі, егіпецкую чаплю і амерыканскага вялікага плывунчыка ў Швецыі, савак, джэкаў і арлана-даўгахвоста ва Ўзбекістане, падкаменку-танцорку ў Нарвегіі. 

Паводле www.eurobirdwatch.eu  падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак самага маладога – двухгадовага самастойнага ўдзельніка Дзён назіранняў птушак -2014 у Гродна – Дзьмітрыя Вінчэўскага

 

На гэтую тэму:

EUROPEAN BIRDWАTCH-2013: У 21 РАЗ АДБЫЛІСЯ НАЙВЯЛІКШЫЯ ЕЎРАПЕЙСКІЯ НАЗІРАННІ ЗА ПТУШКАМІ