Як выжываюць тыя птушкі, якія застаюцца зімаваць на поўначы?

Бягучыя даследаванні, якія ідуць у Нарвегіі, змаглі выявіць некаторыя адаптацыі, якія дапамагаюць мясцовым вераб’іным птушкам выжываць пад час мясцовай зімы. 

У субАрктыцы мясцовыя спяваючыя птушкі маюць шмат розных цяжкасцяў узімку: кароткія дні каб знайсці ежу і працяглыя халодныя ночы, калі трэба толькі траціць энергію; марозы і недахоп ежы, галодныя драпежнікі. Самыя невялікія віды мясцовых птушак знаходзяцца на сапраўднай мяжы выжывання. Супрацоўнікі Нарвежскага універсітэту навукі і тэхналогій (The Norwegian University of Science and Technology) пачалі высвятляць асаблівасці паводзін птушак, якія дазваляюць вераб’іным перажываць суворыя умовы. 

У халодную, але сонечную пагоду невялікія птушкі стараюцца трымацца з сонечага боку дрэваў. Так, жоўтагаловыя каралькі (самыя маленькія птушкі Еўропы, якія важаць 5-6 г) пад час харчавання на елках пералятаюць з галінкі на галінку менавіта з сонечнага боку. 

Нават немоцны вецер можа зменшыць шанцы птушак выжыць у мароз. Таму сініцы пералятаюць на супрацьлеглы ад ветру бок дрэваў адразу, як ён дасягне 5-6 м у секунду. 

Усім птушкам трэба знайсці дастаткова ежы, каб пражыць доўгую зімовую ноч. Але дробным відам патрэбна параўнальна больш ежы і тлушчовых запасаў адносна іх масы, чым большым. Сініцам-апалоўнікам (важаць 8-9 г) і бурагаловым сініцам (з падобнай вагой) неабходна павялічыць за кароткі зімовы дзень сваю вагу як мінімум на 10% каб паспяхова перажыць ноч, якая працягваецца 18-19 гадзін у Палярнага кола. Троху цяжэйшым вялікім сініцам патрэбна нават больш дадатковага тлушчу штодня. Таму пасля начных марозаў у -30°C даследчыкі знаходзілі шмат мёртвых сініц у сінічніках, куды тыя забіраліся на начлег.

Каб мець больш вачэй і своечасова заўважыць набліжэнне драпежных птушак, вераб’інападобныя аб’ядноўваюцца ў групы, а таксама  стараюцца выкарыстоўваць для пошуку ежы верхнія часткі дрэваў.  
Аднак іншыя птушкі свайго віду – гэта канкурэнты за абмежаваную ежу. Таму, напрыклад, бурагаловыя сініцы па-за сезонам гнездавання жывуць у рознаўзроставых невялікіх зграйках, дзе маладыя і недасведчаныя птушкі могуць капіраваць паводзіны больш старых і дасведчаных. Дадаткова старэйшыя лепш ведаюць асаблівасці месцаў зімоўкі. Аднак толькі каля 40% птушак першага году жыцця перажывае зіму супраць 75% сярод больш старых. Што адказвае за такую розніцу ў смяротнасці? 

Старэйшыя сініцы сацыяльна дамінуюць у такіх групах і маюць лепшыя доступ да ежы і месцаў начлегу. Акрамя гэтага, яны займаюць больш бяспечныя месцы пад час адпачынку, што таксама адлюстроўваецца на іх смяротнасці.

У розных умовах сініцы трымаюцца ў розных частках сосен. Калі зімовы дзень мяккі і бязветраны, і маладыя, і старэйшыя птушкі шукаюць ежу ў вяршаліны. Аднак у больш халодныя дні ім трэба больш часу, каб узнавіць свае энергетычныя запасы. Таму дарослыя птушкі стараюцца трымаць маладых у больш небяспечнай ніжняй частцы дрэваў. І тут маладыя вымушаныя замест пошуку ежы шмат часу траціць на адсочванне магчымых выпадаў старэйшых і атакі драпежнікаў. 

Такім чынам, маладыя птушкі трацяць на пошук ежы толькі 60% светлай часткі сутак замест 85% у старэйшых сініц. Гэтым яны змяншаюць свае шанцы паспяхова перажыць марозныя доўгія ночы. Акрамя гэтага, яны часцей становяцца ахвярамі, напрыклад, соваў: паводле разбора зімовых выплюек вераб’інага сычыка і савы-бярозаўкі, рэшткі маладых сініц знаходзяць у іх нашмат часцей, чым дарослых. 

Паводле www.birdwatch.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак чубатай сініцы Аляксандра Эрдмана

 

На гэтую тэму:

КАНФАРМІЗМ І НОНКАНФАРМІЗМ У ПТУШАК НА ПРЫКЛАДЗЕ ВЯЛІКІХ СІНІЦ

ДАКАЗАНА: САМКІ ВЯЛІКІХ СІНІЦ МАЮЦЬ ЛЕПШУЮ ПАМЯЦЬ, ЧЫМ САМЦЫ

ВЕРАБ’ІНЫЯ ПТУШКІ ВЕДАЮЦЬ ПРА ЎРАГАН ЗАГАДЗЯ