Зімовая бойка качароў крыжанкі

качка-крыжанка

Параўнальна хутка пасля таго, як прыкладна да пачатку восені качары крыжанак (Anas platyrchynchos) пераліняюць і стануць выглядаць як сапраўдныя самцы, а не як невыразныя самкі, у большасці з іх знаходзіцца пара. У большасці таму, што самак увосень менш, чым самцоў. І хутчэй за ўсё гэта адна з асноўных прычын таго, чаму важна за больш, чым паўгады да пачатку размнажэння, знайсці сабе партнёрку і ўтрымаць.  

Калі качар адпаведны, то і качцы шукаць іншага няма сэнсу, бо ён глядзіць не толькі за небяспекамі навокал і папаряэджвае пра іх, але яшчэ і абараняе ад іншых качароў калі лічыць, што яны дазваляюць сабе замнога. Ну а каб пацверджваць свой парны статус, абедзьве птушкі з пары час ад часу ўдзельнічаюць у рытуальных капуляцыях, ну і стараюцца быць паблізу адна адной у розных сытуацыях.

Тым не менш, трымацца да пачатку размнажэння адасоблена ад іншых крыжанак мала сэнсу - у групе лягчэй заўважыць небяспеку і пазбегнуць яе, бо імавернасць таго, што драпежнік зловіць менавіта цябе рэзка змяншаецца з павелічэннем колькасці асобін у групе. Ёсць і іншыя плюсы: лягчэй знайсці кормнае месца (узімку нават крыжанкі часта пераходзяць на паяданне малюскаў, за якімі неглыбока ныраюць - а такія месцы не паўсюдныя). Ды і праверыць рашучасць самца можна не раз і ў розных сытуацыях. І калі ён акажацца далёкі ад ідэала - замяніць яго на іншага. Бо 'вольныя ад самак' самцы таксама стараюцца трымацца групавых зборышчаў качак. 

Вось менавіта нешта такое я і назіраў марозным зімовым днём на Нёмане - качары сур'ёзна біліся або за свой статус тут і цяпер у гэтай групе, або адзін з іх даказваў сваёй самцы, што ён адпаведны абаронца, або гэта рабілі абодва для сваіх партнёрак:

Усё адбывалася параўнальна хутка - не больш за хвіліну і адразу пасля гэтага ў чародцы ўсталяваўся спакой.

Да наступнага разу?

07-01-2026, Нёман у Гродна

Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі

птушка